Антон Цялежнікаў: Сымбалічна, што ў польскі парлямэнт не прайшла скандальна вядомая «Самаабарона»
- 22.10.2007, 18:21
Гэтым разам на парлямэнцкіх выбарах у Польшчы перамогу атрымалі польскія лібералы - партыя “Грамадзянская платформа”. Шмат каго з беларусаў стала хваляваць пытаньне: ці не спыніцца з гэтым распачатыя польскімі правымі з партыі “Права і Справядлівасьць” адукацыйныя, інфармацыйныя ды іншыя праекты для развіцьця вольнай і дэмакратычнай Беларусі. “Перамога лібералаў на выбарах у Польшчы не павінна змяніць гэтай сытуацыі, таму што правілы дэмакратыі ў Польшчы застаюцца нязменнымі ўжо больш за 16 год, а сябры “Грамадзянскай платформы” актыўна ўздымалі і ўздымаюць пытанне Беларусі ў парлямэнце”, -- заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр польскага “Звязу ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі” Антон Цялежнікаў
Паводле Цялежнікава, Эўразьвяз ініцыюе разнастайныя праекты падтрымкі дэмакратычных працэсаў на Беларусі. “Таму несумнеўным ёсьць тое што беларускае пытанне не будзе запамятана суседскай Польшчай. Сымбалічным есьць тое, што ў польскі парлямэнт не прайшла скандальна вядомая “Самаабарона” (лідэр якой не аднаразова падтрымліваў дзеянні Лукашэнкі і нават быў у яго гасьцях у Беларусі), а таксама права-нацыяналістычная “Ліга польскі сем’яў”. Польскія выбары з’яўляюцца добрым прыкладам таго як функцыянуе дэмакратыя ў практыцы і як грамадства можа ўплываць на яе функцыянаваньне”, -- адзначыў Цялежнікаў.