Беларусаў могуць вызваліць з маскоўскай турмы
- 26.10.2007, 14:28
25 кастрычніка гарадскі суд г. Масквы (Расія) вызваліў беларуса Пятра Ждановіча, які больш чым год назад быў арыштаваны ў выніку правакацыі расійскіх спецслужбаў. Супрацоўнік расійскай спецслужбы, пад выглядам хворага на бранхіт, папрасіў Ждановіча прывезці таблеткі ад кашлю “Тусал”, якія свабодна прадаюцца ў Беларусі.
Маладзёна арыштавалі і маглі асудзіць на тэрмін ад 8 да 20 гадоў. Па хадайніцтве адваката, суд вярнуў справу пракурору для выпраўлення недакладнасцяў. У выніку, 25 кастрычніка Ждановічу вынеслі мінімальную меру пакарання — 3 гады ўмоўна.
Тым часам, за кратамі застаюцца двое жыхароў Баранавічаў, асуджаныя сёлета на 14 гадоў пазбаўлення волі. Аляксандра Чачурава і Сяргея Лагуна таксама папрасілі прывезці ў Расію таблеткі ад кашлю. 29 кастрычніка ў Маскоўскім судзе адбудзецца разгляд скаргі, якую падаў адвакат Станіслаў Маркелаў, які спадзяецца, што яго падабаронных таксама вызваляць.
У інтэрвію “Еўрарадыё” Станіслаў Маркелаў сказаў, што не бярэцца прадказваць вынік “з-за адвакацкіх забабонаў, але робіць ўсё магчымае, каб вызваліць Аляксандра Чачурава і Сяргея Лагуна. І такая верагоднасць сапраўды ёсць”.