10 января 2025, пятница, 7:01
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Уладзімір Арлоў: «Нашы продкі заўсёды змагаліся за Свабоду»

Уладзімір Арлоў: «Нашы продкі заўсёды змагаліся за Свабоду»

У грамадскай думцы пашырана меркаванне пра тое, што беларускі народ талерантны і памяркоўны. Сапраўды беларусы гістарычна вельмі спакойна, па-еўрапейску ставяцца да правоў на свабоду сумлення, веравызнання, нацыянальнага вызначэння іншых людзей. Але мала хто ведае, што наш народ цягам стагоддзяў самааддана змагаўся за свае правы на Свабоду і нацыянальную незалежнасць.

Пісьменнік і гісторык Уладзімер Арлоў вельмі добра асвятліў гэты малавядомы бок беларускай гісторыі ў сваёй унікальнай кнізе “Імёны Свабоды” якая прысвечана самаахвярнаму жыццю беларускіх патрыётаў. Аб гераічнай гісторыі нашага краю прэс-цэнтр Хартыі’97 і размаўляе з Уладзімірам Арловым.

– Спадар Уладзімір, “Імёны Свабоды” напісаныя паводле аднайменнага цыкла перадач на “Радыё Свабода”. Як узнікла гэтая ідэя?

– Іскрынку гэтай ідэі высек дырэктар беларускай службы “Радыё Свабода” Аляксандр Лукашук. Напачатку ішла гаворка толькі пра нашых сучаснікаў. Я прапанаваў зірнуць у гісторыю, бо ніколі не мог пагадзіцца з тым меркаваннем, што незалежнасць на Беларусь звалілася на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ледзь не з неба, што нібыта ніхто пра яе не марыў, не змагаўся, не пакутаваў. Дзякуючы сваёй адукацыі і ўласным росшукам, я ведаў што гэта не так. Змаганне ішло няспынна, то прытухаючы, то выбухаючы паўстаннямі.

Калі б не папярэднікі, не было б і сучаснікаў і не з’явілася бы краіна з назвай Рэспубліка Беларусь. Мая кніга павінна абвергнуць міт, што беларусы не мроілі пра свабоду і незалежнасць. Тысячы нашых продкаў не проста марылі, а змагаліся і аддавалі свае жыцці за яе. Змаганне трывала некалькі стагоддзяў і безумоўна мела свой плён.

Стварэнне кнігі “Імёны Свабоды” пасля цыкла перадачаў – ідэя не новая, бо гэта ўжо дванаццатая кніга з серыі “Бібліятэка Свабоды”. Аднак, яна мае сваю асаблівасць. Радыёверсіі аповедаў пра маіх герояў былі прымеркаваныя да пэўных знакавых датаў у іх жыццяпісах. Паслядоўнасць тэкстаў у кнізе зусім іншая. Яна выбудаваная паводле храналагічнага прынцыпу. Натуральна, тэксты перадачаў зведалі істотную перапрацоўку.

– Па якіх крытэрах Вы адбіралі герояў для сваёй кнігі?

– З многімі героямі “Імёнаў Свабоды” мяне зводзіў лёс, мы былі асабіста знаёмыя. З кімсьці я сустракаўся толькі раз, але чалавек мяне адразу ўражваў. Напрыклад, так здарылася з Кастусём Рамановічам, адным з заснавальнікаў нелегальнага “Саюзу вызвалення Беларусі”, створанага ў 1946 годзе ў Наваградку. Калі мы спаткаліся, спадару Кастусю было ўжо пад 70 гадоў, але я падумаў: з ім было б не страшна ні на этапе, ні ў лагерным бараку.

Пра тых, з кім мяне развялі дзесяцігоддзі ці нават стагоддзі, мне распавядалі кнігі, архіўныя дакументы.

Мае героі – гэта людзі, якія сваім жыццёвым шляхам, ідэаламі, учынкамі паўплывалі на маю асобу, мае погляды, магчыма, на само з’яўленне пісьменніка Ўладзімера Арлова.

У нас былі вельмі добрыя стасункі з Ігарам Герменчуком. Хоць нашыя з Генадзем Сагановічам “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі” выйшлі потым чатырма выданнямі, самая дарагоя для мяне публікацыя гэтай кнігі – яе з’яўленне на старонках газеты, галоўным рэдактарам якой быў Ігар Гермянчук.

Пасля яе гібелі Веранікі Чаркасавай мяне цягалі на допыт, бо мой тэлефон знайшлі ў яе нататніку. Следчы пераконваў, што гэта “бытавое забойства”…

Сярод “Імёнаў Свабоды” мае блізкія сябры і аднакурснікі археолаг Валеры Шаблюк і Генадзь Кулажанка, які загінуў у Аўганістане.

Адзін з незвычайных і трагічных лёсаў – лёс аднакласніка маёй сястры Андрэя Грабава, расейскага хлопчыка, які у 15 гадоў пісаў такія вершы:

Рушу па Беларусі…У небе маланка палае.

Пад прыгнётам усходнім стогне наша зямля…

Ён, вучань 8-га класа, быў адным з аўтараў самвыдавецкага альманаху “Блакітны ліхтар”, які рабіў Вінцэсь Мудроў з сябрамі ў Наваполацку. Андрэй, крыху не дажыўшы да 25 гадоў, загадкава загінуў у войску: быў растраляны з аўтамата на чыгуначным перагоне, калі суправаджаў груз.

Асоба аднаго з кіраўнікоў паваеннага антысавецкага супраціву Расціслава Лапіцкага ўразіла мяне, безумоўна, дзякуючы ягонаму біёграфу, аўтару кнігі “Як пошуг маланкі” Міхасю Чарняўскаму.

Я спадзяюся, што “Імёны Свабоды” натхняць нашых гісторыкаў, літаратараў, журналістаў на новыя кнігі пра людзей такога кшталту. Тым больш, сустрэчы са сваякамі герояў сведчаць, што ў іх захоўваюцца багатыя архіўныя матэрыялы.

Такім чынам у кнігу трапілі асобы, якія паўплывалі на мой лёс, прайшлі праз яго. Людзі, погляды і справы якіх мяне кранулі да глыбіні душы яшчэ ў студэнцкія гады, альбо ўсім нядаўна. Тутт і знакамітыя асобы, і людзі, якіх ведае даволі вузкае кола.

Чытачы, мабыць, заўважылі, што ў кнігу ўвайшлі тэксты толькі пра тых, чый зямны шлях завяршыўся. Але іх прысутнасць у нашым жыцці доўжыцца ў справах нашчадкаў, сяброў, аднадумцаў…

Узгадваю адзін з надзвычай эмацыйных водгукаў на кнігу, калі чытач абураўся, што ў кнізе няма Зянона Пазняка і Станіслава Шушкевіча. Давялося цярпліва пагаварыць з іх прыхільнікам і пажадаць Зянону Станіслававічу і Станіславу Станіслававічу здароўя і яшчэ доўгіх гадоў.

– Кніга ахоплівае пэўны перыяд беларускай гісторыі. Як ён вызначаўся?

– Кніга пачынаецца з тых часоў, калі спыніўся гістарычны гадзіннік дзяржавы нашых продкаў – Вялікага Княства Літоўскага. Пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі захапіла Расейская імперыя. Спачатку вялося змаганне за аднаўленне Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, вызваленне ад расейскага панавання. З часоў паўстання Каліноўскага (нагадаю, што паўстанцы мелі газету на беларускай мове, у іхніх шэрагах знаходзіліся стваральнікі новай беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч) пачалося змаганне за Беларусь. Натуральна, сярод герояў кнігі прысутнічаюць дзеячы нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя, заснавальнікі БНР. Побач з імі – Антонам ды Іванам Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім, Васілем Захаркам – чытач сустрэне ў кнізе і нацыянал-камуністаў, такіх як адзін з ідэолагаў палітыкі беларусізацыі Аляксандр Адамовіч альбо Язэп Адамовіч, які займаўся пытаннем вяртання беларускіх зямель, адрэзаных Масквой адразу пасля абвяшчэння БССР. Храналагічна кніга сягае ў нашы часы, пачатак ХХІ стагоддзя. Герояў гэтага перыяду мы з вамі ведаем асабіста альбо па публікацыях, выступах, ролі, якую яны адыгрывалі ў грамадска-палітычным жыцці. Гэта палітыкі Генадзь Карпенка і Яўген Лугін, гісторыкі Міхась Ткачоў і Ўладзімір Емельянчык, журналісты Ўладзімір Кармілкін і Васіль Гроднікаў…

– Можна казаць, што кнігу складаюць эсэ пра тых, хто змагаўся за вольную Беларусь?

– “Імёны Свабоды” – пра тых, хто змагаўся за свабоду, марыў пра яе, пакутаваў, вельмі часта гінуў. Кніга пачынаецца з эсэ пра Тадэвуша Рэйтана – палітыка, які выступіў супраць ганебнага расейскага пратэктарата над Вялікім Княствам Літоўскім і першага падзелу Рэчы Паспалітай. Гэта наш першы палітык, як абвясціў галадоўку пратэсту –супраць пастановы сойму пра перадачу ўсходніх беларускіх зямель Расейскай імперыі. У кнізе знайшлі сваё месца эсэ пра паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі, змагароў 1831 года. Сярод іх мне вельмі блізкая па духу такая асоба як Эмілія Плятэр, якую можна назваць беларускай Жанай д’Арк. Побач тэксты пра паўстанцаў 1863 года, удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну, якія ваявалі пад сцягам БНР. Сярод герояў шмат маіх калег-літаратараў, гісторыкаў, навукоўцаў, якія загінулі ў крывавых жорнах сталінскіх рэпрэсіяў.

Пра маштабы стратаў, якія напаткалі тады нашу культуру, сведчаць такія лічбы. У 1930-м годзе ў Беларусі было 700 літаратараў, якія ўваходзілі ў Саюз пісьменнікаў або іншыя літаратурныя асацыяцыі. У 1939-м годзе на свабодзе з іх засталося толькі 7. Усе размовы пра тое, што народы былога Савецкага Саюзу аднолькава пацярпелі ў часы рэпрэсій, – гэта, ведаеце, такія хітрыкі. Калі казаць пра пісьменнікаў РСФСР, то, паводле падлікаў Леаніда Маракова, якому я шчыра ўдзячны за дапамогу ў падрыхтоўцы кнігі, там пад рэпрэсіі трапіла 20%. Лічба таксама страшная, але адчуйце розніцу. Там ніколі не было такога абвінавачвання, як расейскі нацыяналізм. Не было расейскіх “нацдэмаў”. Але ў Беларусі, ва Ўкраіне гэта было адным з самых страшных абвінавачванняў. Калі казаць пра страты лепшай часткі генафонда, Беларусь, бадай што, найбольш пацярпела. Нацыянальная інтэлігенцыя, наогул найбольш актыўныя, вольналюбныя, гаспадарлівыя людзі папросту вынішчаліся.

Паміж герояў кнігі і ўдзельнікі антыкамуністычнага супраціву 1940-х гадоў, у прыватнасці арганізацыі “Сябры саюзу беларускіх патрыётаў”, створанай студэнцкай моладдзю Глыбоцкай і Пастаўскай педагагічных вучэльняў у адказ на русіфікацыю і саветызацыю. Калі ў аўдыторыю заходзіць дырэктар і заяўляе, што з гэтай пары выкладанне будзе весціся па-расейску, а хто будзе адказваць па-беларуску, таму аўтаматычна будуць зніжацца адзнакі, гэта выклік. Беларуская моладзь знайшла сілы, мужнасць аб’яднацца і даць на гэты выклік свой адказ. За свае абсалютна мірныя спробы змагацца з татальнай русіфікацыяй маладзёны атрымлівалі жудасныя тэрміны па 25 гадоў, часам і вышэйшую меру пакарання.

– Такім чынам, у адрозненні ад тыповай гістарычнай працы, у Вашай кнізе сабраныя толькі пазітыўныя постаці беларускай гісторыі?

– Героямі радыёпраграммы, з якой вырасла кніга, сталі асобы ў высокім разуменні гэтага слова, героі са знакам плюс. Але побач з імі на старонках кнігі дзейнічаюць і антыгероі. Тут называюцца імёны правакатараў і здраднікаў, у прыватнасці тых, хто выдаваў удзельнікаў паваеннага антысавецкага падполля. Некаторыя, дарэчы, шчасліва дажылі да нашых дзён.

Сярод антыгерояў, напрыклад, “беларускі Берыя” Лаўрэн Цанава, які нярэдка асабіста дапытваў палітвязняў. Алесь Усюкевіч, франтавік з баявымі ўзнагародамі, пасля вайны заснаваў арганізацыю, мэтай якой быў выхад Беларусі са склада СССР (што не пярэчыла сталінскай Канстытуцыі, але, зразумела, успрымалася як страшэннае злачынства). Падчас допыту ён здолеў адштурхнуць канваіра і, схапіўшы цяжкі столак, кінуцца на Цанаву. Сілаў паквітацца з катам беларускіх патрыётаў у Алеся не хапіла. Ён быў асуджаны на 10 гадоў канцлагера і не вярнуўся ў Беларусь.

Дарэчы, я б хацеў адзначыць, што ў біяграфічных звестках вельмі часта сустракаецца запіс “месца пахавання невядомае”. Я тут хачу ўзгадаць размову з нашым вядомым вучоным Радзімам Гарэцкім, пляменнікам аднаго з герояў кнігі, класіка нашай літаратуры Максіма Гарэцкага. У адказ на свой зварот у ФСБ Расеі з просьбай паведаміць дакладнае месца пахавання дзядзькі Радзім атрымаў казённую паперу, дзе было напісана: “место захоронения – Россия”. Расея стала месцам пахавання тысяч і тысяч беларускіх патрыётаў з розных стагоддзяў. Часам яна ўвогуле ўяўляецца мне вялізарнай братняй магілай тых, хто змагаўся за свабоду і незалежнасць нашай зямлі.

– Як Вы лічыце, кніга больш запатрабаваная, патрэбная ў сённяшняй Беларусі ці яе зорны час у будучым?

– Я ведаю, што яна патрэбна цяпер. Адбылося ўжо больш за 10 прэзентацый. Першы наклад практычна разышоўся. Кніга дарылася сваякам герояў, іх сябрам. На менскай прэзентацыі Александр Лукашук прапанаваў замаўляць кнігу, дасылаючы лісты на “Радыё Свабода”. Такіх лістоў прыйшло некалькі сотняў.

Спадзяюся, што кніга для кагосьці сапраўды стане дапаможнікам для напісання раманаў, сцэнароў фільмаў, як пра гэта дасціпна напісаў у сваёй прадмове А. Лукашук.

Хачу падзякаваць тым, хто працаваў над “Імёнамі Свабоды” разам са мной. Гэта мастак Генадзь Мацур, рэдактар Кацярына Гарэлік і карэктар Аляксандра Макавік, якая адначасова і выдатны рэдактар. Яны бліскуча справіліся са сваімі задачамі. Шчыры дзякуй маім рэцэнзентам Алегу Гардзіенку, Уладзіміру Ляхоўскаму і доктару гістарычных навук Захару Шыбека. Асаблівая падзяка належаць ім за тое, што падтрымалі маю спробу вызначыць перыяды нашага нацыянальнага руху. Падчас працы я сутыкнуўся з тым, што людзі з адной кагорты, з аднаго гістарычнага перыяду літаральна на суседніх старонках энцыклапедыяў дэфінуюцца па-рознаму. Адзін – удзельнік нацыянальнага руху, другі – удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху, трэці – удзельнік адраджэнскага руху. З дапамогай рэцэнзентаў была зроблена перыядызацыя беларускага руху, з якой чытач можа пазнаёміцца ў іменным паказніку. Цяпер, у маім уяўленні, працягваецца перыяд нацянальна-дэмакратычнага руху, калі ідзе змаганне ўжо не за незалежнасць Беларусі, а за яе трансфармацыю ў дэмакратычную краіну.

– У водгуках пра кнігу шмат сказана пра яе ўнікальнасць. Што, на думку аўтара, у кнізе такога асаблівага, чаго не сустракалася раней у іншых выданнях?

– Напэўна, якраз спроба перыядызацыі, якая вырасла з імкнення зірнуць на наш нацыянальна-вызвольны рух у пэўных храналагічных межах, з таго моманту, як ВКЛ страціла незалежнасць. Як гэты рух развіваўся, напаўняўся на розных этапах новым зместам, які працяг ён мае ў сённяшнім дні, бо шмат якія нацыянальныя праблемы як і агульнадэмакратычныя, застаюцца нявырашанымі.

– Тыя, хто азнаёміўся з Вашай кнігай, давалі ёй самыя розныя вызначэнні. Гэта і даведнік, і дапаможнік, і энцыклапедыя. Як вы можаце назваць сваю кнігу?

– Мяне вельмі кранулі ўзнёслыя характарыстыкі кнігі, якія даў у сваёй прадмове Аляксандр Лукашук. Спачатку мяне гэтае вызначэнне – “энцыклапедыя любові” – трохі збянтэжыла. Але потым я падумаў: аўтар прадмовы мае рацыю. Я сапраўды люблю людзей, пра якіх напісаў. Для мяне гэта даніна памяці тым, без каго не было б Беларусі. Сярод гэтых людзей і мая бабуля Аўгінья, аповедам пра якую завяршаецца кніга. Яна была тым чалавекам, ад якога я, яшчэ зусім малым, атрымаў не толькі першыя ўрокі беларукай мовы, гісторыі, але і прышчэпку праўды і скепсісу да таго, што гучала з радыёпрадуктараў.

– “Радыё Свабода” запрашала сваіх слухачоў дасылаць імёны тых, хто мог бы падоўжыць спіс герояў Вашай кнігі. Што Вы пра гэта думаеце?

– Магу толькі далучыцца да прапановы “Свабоды”, але хачу папрасіць аўтараў будучых тэкстаў, шукаць сваіх герояў сярод тых, каго яны добра ведалі, з кім былі знаёмыя. Менавіта такія аповеды будуць найбольш цікавыя. У нейкім сэнсе працягам ранейшай перадачы “Імёны Свабоды” ёсць цяперашняя праграма “Вянок памяці”, прысвечаная нашым сучаснікам, якія пакінулі гэты свет, але існаванне якіх доўжыцца ў іхніх справах.

Хачу напрыканцы сказаць, што гэтую “Імёны Свабоды” нельга разглядаць, як кнігу трагічную. Яна для мяне найперш з шэрагу прычынаў аптымістычная. Героі кнігі, прынамсі, мае знаёмыя, былі аптымістамі. Думаю, што яны з разуменнем і з гумарам, паставіліся б да таго, што я пра іх напісаў. Напрыклад, паэт Алесь Емельянаў, які спрычыніўся да стварэння Беларускага Народнага Фронту, з добрай усмешкай прачытаў бы аб тым, што праз год пасля ягонага сыходу, у 2006 годзе ён здолеў нейкім чынам датэрмінова прагаласаваць на прэзідэнцкіх выбарах і распісацца, як высветліла яго дачка Міхаліна, у выбарчым спісе. Кніга аптымістычная яшчэ і таму, што абсалютная большасць сваякоў маіх герояў, калі не працягваюць іх справу, то шануюць памяць пра іх, збіраюць архівы. А найперш, гэтая кніга аптымістычная таму, што пераконвае: нас, тых хто прагне Свабоды, шмат.

Вядомы беларускі пісьменнік і гісторык Уладзімер Арлоў нарадзіўся ў 1953 годзе. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў настаўнікам, журналістам, рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Выдаў больш за трыццаць кніг прозы, эсэістыкі і паэзіі. Сярод іх “Таямніцы полацкай гісторыі”, “Адкуль наш род”, “Ордэн Белай Мышы”, “Час чумы”, “Каханак яе вялікасьці”, “Адкусі галаву вароне”, “Фаўна сноў”, “Сланы Ганібала”, “Краіна Беларусь”, “Паром празь Ля-Манш”.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях