Скоро ли Лукашенко сменит правительство?
- 19.11.2007, 9:22
Александр Лукашенко провел совещание по вопросам социально-экономического развития Беларуси. Действительно ли сложились необычно удачные условия для белорусской экономики? Можно ли создать благоприятный бизнес-климат в рамках существующей социальной модели? Когда появятся такие экономические трудности, требующие смены правительства? Насколько благоприятные теперь внешние условия для белорусской экономики?
Гэтыя пытаньні ў эфіры “Радыё Свабода” абмяркоўвае Валер Карбалевіч з эканамістамі Аляксандрам Чубрыкам і Міхасём Залескім.
Валер Карбалевіч: “Галоўная выснова выступу Лукашэнкі на нарадзе палягае ў тым, што цяпер склаліся надзвычай спрыяльныя вонкавыя ўмовы для беларускай эканомікі. Існуе, як сказаў А.Лукашэнка, “шалёны попыт” на беларускую прадукцыю, асабліва ў Расеі — на харчаваньне, адзеньне, будаўнічыя матэрыялы, прадукцыю машынабудаваньня ды іншае.
І таму, на думку кіраўніка дзяржавы, можна ставіць амбітныя задачы, заплянаваць рост валавога ўнутранага прадукту наступным годам нават на 20%. А за пяцігодку павялічыць яго ўдвая. І ўся праблема ў няспрытнасьці ўраду, дырэктарату. Наколькі такія высновы адпавядаюць рэальнасьці?”
Аляксандар Чубрык: “Вонкавыя ўмовы для нас дастаткова спрыяльныя. Але, напрыклад, у 2004 годзе ўмовы былі ня менш спрыяльныя, але тады эканамічны рост быў большы, чым цяпер. З гэтага вынікае, што крызіс адмоўна паўплываў на нашу эканоміку.
Галоўны спрыяльны чыньнік — добрая цэнавая каньюнктура на ўсясьветным рынку. Растуць цэны і на калійныя ўгнаеньні, і на чорныя мэталы. Да таго ж расейскія прадпрыемствы пакуль ня ў стане задаволіць попыту на сваім рынку. Але ў наступныя гады сытуацыя ў Расеі зьменіцца, і для Беларусі гэта будзе ня вельмі спрыяльна. Нават пры вельмі добрых умовах няма магчымасьці павялічыць валавы ўнутраны прадукт наступным годам на 20%”.
Міхась Залескі: “Сапраўды, каньюнктура для нас добрая. Напрыклад, Расея магла б купляць беларускі цукар, але чамусьці ад паловы нашага экспарту яна адмовілася. Таму нельга казаць, што ў нас ужо ёсьць партфэль замоваў на беларускую прадукцыю. Калі ж казаць пра патэнцыйную магчымасьць, то прапаноўваць сваю прадукцыю будуць ня толькі беларусы, але і кітайцы, і карэйцы, і французы, і іншыя.
Калі казаць пра “шалёны попыт” на нашу сельскагаспадарчую прадукцыю, то тут шыла зь мяшка і вылазіць. Беларусь, паводле афіцыйнай статыстыкі, сабрала збожжа ў аб’ёме 700 кіляграмаў на чалавека. Гэта вельмі шмат. Але калі сталі прадаваць харчаваньне ў Расею, то адразу пачаўся дэфіцыт у нашых крамах. Тым часам у Аўстрыі вырабляюць толькі 400 кіляграмаў на чалавека, і ім хапае як для задавальненьня ўнутранага попыту, гэтак і на экспарт”.
Чубрык: “Якраз гэта зьвязана з пытаньнем, ці адлюстроўвае наша статыстыка рэчаіснасьць? Асабліва гэта тычыць сельскай гаспадаркі”.
Карбалевіч: “Вось у працяг размовы пра вонкавыя ўмовы. ЗША пастанавілі замарозіць рахункі канцэрну “Белнафтахім” і яго прадстаўнікоў у межах юрысдыкцыі амэрыканскага ўраду. Гэта чыста палітычны жэст? Ці ён можа мець практычныя эканамічныя наступствы для Беларусі?”
Чубрык: “Каб дакладна адказаць на гэтае пытаньне, трэба ведаць, якія грошы знаходзіліся на тых рахунках, якія заблякаваныя. Я лічу, тут дамінуюць палітычныя матывы”.
Залескі: “Калі фірме дасылаюць чорную метку, то адразу насьцярожваецца кліентура, банкі, іншыя кампаніі, якія працуюць з гэтай фірмай. Умовы дзеяньня яе адразу пагаршаюцца, нават калі заблякаваныя рахункі й ня вельмі важныя. “Белнафтахіму” давядзецца нешта мяняць у сваёй дзейнасьці, гэта паўплывае на імідж канцэрну, ягоную эканамічную дзейнасьць”.
Карбалевіч: “Вельмі цікавай на нарадзе была заява кіраўніка Нацбанку Пракаповіча. Ён сказаў, што трэба стварыць спрыяльныя ўмовы для прыцягненьня замежных інвэстыцыяў, каб Беларусь увайшла ў 25 найлепшых у сьвеце дзяржаў паводле спрыяльнага бізнэс-клімату, ператварыць Беларусь у суцэльную свабодную эканамічную зону. Гэтая праблема, на ягоную думку, чыста бюракратычная. Лукашэнка нібыта падтрымаў гэтую ідэю. Дык гэтая праблема сапраўды бюракратычная ці палітычная?”
Чубрык: “Прыемна было чуць такія заявы ад Пракаповіча. Гэтая праблема і бюракратычная, і палітычная, мае яна і іншыя аспэкты.
Каб зьмяніць інвэстыцыйны клімат, патрэбная зьмена мэханізму прыняцьця рашэньняў у краіне. Патрэбная дэцэнтралізацыя кіраваньня. Цяжка чакаць ад тых людзей, якія сядзелі на ўчорашнім паседжаньні, нейкіх рашучых дзеяньняў у гэтай сфэры, нават калі будзе каманда зьверху. Таму я не чакаю радыкальных паляпшэньняў бізнэс-клімату, магчымыя толькі частковыя зрухі”.
Залескі: “Кіраўніцтва краіны не сасьпела для зьмены эканамічнай палітыкі. Найперш замежных інвэстараў цікавіць, ці будуць выконвацца дамовы й ці будзе уласнасьць недатыкальнай. Маем прыклады, калі тут апякліся і “Форд”, і “Макдональдз”. І гэта сыгнал для ўсяго бізнэсу.
Няма адказу й на такія пытаньні, як дэцэнтралізацыя кіраваньня, магчымасьць вывозіць капітал зь Беларусі, ліквідацыя супярэчнасьці мытнага, падатковага ды іншага заканадаўства”.
Карбалевіч: “Шмат увагі падчас нарады Лукашэнка надаў крытыцы ўраду. Ён казаў, што на ўзроўні прэзыдэнта ўсе пытаньні вырашаныя, а ўсе хібы ў эканоміцы адбываюцца з-за дрэннай працы ўраду. Ён называў членаў ўраду “дачасьнікамі”, якія зарасьлі тваньню, гаварыў пра магчымасьць ратацыі кадраў.
Намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнту Анфімаў адзначыў, што ўрад не падрыхтаваўся да працы ў новых умовах. А Лукашэнка сказаў, што калі па выніках дзевяці месяцаў 2008 году шэсьць зь дзевятнаццаці эканамічных паказчыкаў ня будуць выкананыя, то ён будзе вымушаны зьмяніць урад.
Трэба разумець, менавіта да гэтага часу ў краіне ўзьнікнуць такія сацыяльна-эканамічныя цяжкасьці, што спатрэбіцца шукаць ахвярных казлоў і гэтую ролю выканае ўрад?”
Чубрык: “Гэтае пытаньне толькі напалову эканамічнае, а напалову палітычнае. Калі казаць пра эканамічны аспэкт пытаньня, то вядома, што наступны год будзе цяжкі. Урад заплянаваў павышэньне цэнаў на камунальныя паслугі. А рост даходаў істотна запаволіўся. Незадаволенасьць насельніцтва будзе расьці. І тут для Лукашэнкі зьмена ўраду будзе дарэчы.
Але праблема ў тым, што наступнымі гадамі сытуацыя не палепшыцца. І перад выбарамі зноў давядзецца шукаць вінаватых. Як доўга гэта можа працягвацца?”
Залескі: “Урад у нас фармуе Лукашэнка. Калі гэты ўрад ён сфармаваў дрэнны, то якія спадзевы на тое, што наступны стане лепшы? Можна хоць сёньня яго памяняць. Нічога ад гэтага ня зьменіцца”.
Чубрык: “Праблема не ва ўрадзе, а ва ўсёй сыстэме. Рашэньне задачы шукаюць ня там. Праблема ў тым, што роля ўраду і ўлады ўвогуле ў нас занадта вялікая. Улады лезуць ва ўсе дзіркі, дзе яны не патрэбныя. Вось Лукашэнка папракае ўрад тым, што ён не займаецца пашырэньнем экспарту ў Расею. Але ўрад ня можа арыентавацца ў расейскім рынку, каньюнктуры попыту там і іншага. У гэтым добра арыентавацца можа толькі бізнэс.
Але ня толькі бізнэсу, а нават і дзяржаўным прадпрыемствам улады не даюць прадыхнуць. Трэба ня толькі браць крэдыты, але і прыцягваць замежныя кампаніі, каб і яны маглі атрымаць тут прыбытак. Але калі пяць гадоў таму яшчэ можна было экспэрымэнтаваць, то цяпер для гэтага няма часу. Празь пяць гадоў беларуская эканоміка будзе мець шмат горшыя ўмовы”.
Карбалевіч: “Відавочна, што ўрад у Беларусі тэхнічны. Ён дзейнічае ў межах палітычнай лініі, якую вызначае Лукашэнка. Таму, сапраўды, зьмена ўраду нічога не вырашае”.