Партыя БНФ прынятая ў Міжнародны дэмакратычны зьвяз
- 2.11.2007, 11:16
У сталіцы Сальвадору адбываецца сэсія кіраўнічай рады IDU (Міжнароднага дэмакратычнага зьвязу) – усясьветнага згуртаваньня дэмакратычных правацэнтрысцкіх партыяў. Падзея адбываецца пры ўдзеле прэзыдэнта дзяржавы Эльяса Антоніё Сакі. Пасьля выступу старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі Беларускі Народны Фронт прыняты ў шэрагі IDU.
Паводле Статуту IDU, для ўступу трэба 2 рэкамэндацыі. Партыю БНФ рэкамэндавалі да ўступу ў IDU Партыя Мадэратаў Швэцыі й нарвэская правацэнтрысцкая партыя Høyre (“Правыя”).
Разам з Партыяй БНФ гэтым разам у IDU быў прыняты Аб’яднаны нацыянальны рух – партыя Міхеіла Саакашвілі. Асацыяваны статус быў нададзены арганізацыі Directorio Democratico Cubano, якая падтрымлівае барацьбітоў за дэмакратыю на Кубе.
Падзею камэнтуе Вінцук Вячорка:
"IDU - найбольш уплывовае ўсясьветнае партыйнае згуртаваньне. Туды ўваходзяць 50 партыяў, у тым ліку самыя моцныя правацэнтрысцкія партыі сьвету: Кансэрватыўная партыя Вялікай Брытаніі, Рэспубліканская партыя ЗША, Партыя Мадэратаў Швэцыі, нямецкія Хрысьціянска-дэмакратычны і Хрысьціянска-сацыяльны Зьвязы, аўстралійскія лібэралы (прэм’ер гэтай краіны Джон Гоўард - старшыня IDU). Мы даўно рыхтавалі ўступ БНФ. Так, на папярэдняй сустрэчы IDU ў Вашынгтоне адбылася размова прэзыдэнта Джорджа Ў. Буша з намесьнікам старшыні Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам, які выступіў там ад імя ўсіх удзельнікаў сустрэчы. Цяпер мы набылі магутны інструмэнт для фармаваньня ўсясьветнае палітыкі стасоўна Беларусі ды значна пашырылі кола прыяцеляў БНФ у сьвеце".