Міхал Вітушка: «Больш лютага ворага беларусаў чым СССР цяжка ўявіць»
4- 5.11.2007, 15:50
На 5 лістапада прыпадаюць 100-я ўгодкі з дня народзінаў Міхала Вітушкі, кіраўніка Беларускага антыбальшавіцкага Супраціву ў 1945 — 1959 гадах. Ён памёр зусім нядаўна — вясной 2006 года ў Заходняй Нямеччыне, дзе жыў пад іншым прозвішчам. А ў Беларусі яго “пахавалі” яшчэ ў 1945 годзе.
Беларускі вайсковы і палітычны дзеяч Міхал Вітушка скончыў славутую Віленскую беларускую гімназію. Потым атрымаў інжынерную адукацыю ў Варшаўскай палітэхніцы. Браў актыўны ўдзел у працы незалежніцкага беларускага студэнцкага руху, піша Сяргей Ёрш у газеце “Салідаранасць”.
У верасні 1939 года вярнуўся з Варшавы ў Нясвіж, служыў у міліцыі, пасля будаваў дарогі. Зімой 1940 г. разам са стрыечным братам Дзмітрыем Касмовічам быў арыштаваны НКВД за сувязь з беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі ў замежжы. На волю яны выйшлі дзякуючы заступніцтву сваяка Вітушкі — прафэсара А. Пракапчука.
На пачатку нямецкай акупацыі Вітушка ледзь не быў расстраляны нясвіжскай паліцыяй, якая складалася з палякаў. Уцякае ў Менск, дзе разам з Касмовічам стварае службу парадку, Ад таго часу ваюе з савецкімі партызанамі і дыверсійнымі групамі на Палессі, пасля на Браншчыне і Смаленшчыне.
Восенню 1944 г., на прапанову беларускага нацыянальнага актыву, Вітушка быў зацверджаны кіраўніком Беларускага антысавецкага Супраціву. Дзеля дэзынфармацыі савецкіх спецслужбаў была праведзеная спецыяльная “аперацыя прыкрыцця”, у выніку якой ужо вясной 1945-га “СМЕРШ” быў перакананы, што М. Вітушка загінуў. Насамрэч, напрыканцы снежня 1944 года ён разам з атрадам дэсантнікаў быў перакінуты з Нямеччыны ў Польшчу, у раён Варшавы, дзе ў бункеры быў разгорнуты Галоўны штаб беларускага партызанскага руху (кансьпірацыйная арганізацыя “Чорны Кот”).
Беларускія нацыянальныя партызанскі і канспірацыйны рухі існавалі і падчас нямецкай акупацыі 1941-1944 гадоў. Яны збіралі сілы для збройнага выступу супраць акупантаў і аднаўлення незалежнасці БНР.
Дзеячы Беларускага Супраціву гінулі ад рук нацыстаў, бальшавікоў, польскіх акоўцаў. У снежні 1942 года СД знішчыла ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, ідэоляга і лідэра Супраціву.
У верасні 1945-га ў Белавежскай пушчы адбылася канферэнцыя камандзіраў партызанскіх атрадаў, на якой вырашалася стратэгія і тактыка антыбальшавіцкай барацьбы. Агулам прысутнічалі каля 40 чалавек, якія прадстаўлялі 16 атрадаў.
Міхал Вітушка ў сваім выступе так ацаніў міжнародную сітуацыю: “У сучасных палітычных умовах раней ці пазьней адбудзецца фармаваньне палітычных, а магчыма і ваенных блёкаў. Адзін падобны блёк узначаліць Амэрыка, другі — СССР. Таму мы таксама паўстанем перад выбарам. Больш лютага ворага беларусаў чым СССР цяжка ўявіць, таму лягічным саюзьнікам будзе Амэрыка. Дапамагаць апошняй у барацьбе супраць СССР — гэта дапамагаць сваёй перамозе”.
Арганізаваная партызанская барацьба падначаленых Вітушку атрадаў і груп распачалася восенню 1945-га. Гэта былі кропкавыя акцыі: невялікія дыверсіі на камунікацыях, вызваленне вязняў з турмаў і канцлагераў, напады на карныя аддзелы. Быў наладжаны выпуск нелегальнага друку.
Вітушка бярог сваіх людзей, бо ім трэба было дачакацца “гарачага канфлікту” паміж Захадам і СССР. Тады б яны мусілі ўзняць антысавецкае паўстанне і стаць ядром будучага беларускага войска. Такія былі планы.
Варта адзначыць, што акрамя атрадаў арганізацыі Вітушкі ў Беларусі дзейнічалі і іншыя арганізацыі і групы, праўда нешматлікія і горш падрыхтаваныя. Значна больш масавым быў стыхійны партызанскі рух, які то затухаў, то зноў выбухаў у адказ на рэпрэсіі і мерапрыемствы савецкай улады. Ён пратрымаўся досыць доўга, бо апошнія збройныя сутычкі былі зафіксаваныя ў 60-я гады.
Напрыканцы 1950-х Вітушка перабраўся з Польшчы на Захад, жыў у Заходняй Нямеччыне, падтрымліваў сувязь з падпольнай сеткай у БССР. У 1950-70-х неаднаразова, пад іншым прозвішчам, ён наведваў Беларусь. Вядома ж рызыкаваў, але лічыў, што толькі на месцы “можа адчуць сапраўдныя настроі народу”.
Пасля выхаду на пенсію Міхал Вітушка пісаў успаміны. Зараз за імі палююць, але месца іх знаходжання дагэтуль невядомае.
Вітушка кантактаваў толькі з невялікай групай сяброў і паплечнікаў. Яны яго не называлі “генералам”, толькі “камандзірам”. Такая традыцыя захоўвалася яшчэ з часоў партызанскай барацьбы. Сам Вітушка да сваёй рангі “генерала” адносіўся скептычна, лічыў, што ўзнагароды і рангі будзе раздаваць урад вольнай і незалежнай Беларусі.