МЗС Беларусі рыхтуе «адэкватны адказ» Еўразвязу
- 9.11.2007, 11:37
У Міністэрстве замежных спраў пакуль не вырашылі, колькі будзе каштаваць беларуская віза для замежнікаў з Еўрасаюза.
Па словах начальніка пашпартна-візавага аддзела консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Ігара Сякрэта, Беларусь яшчэ разглядае, якія меры будуць ужытыя у адказ на далучэнне шэрагу краінаў да Шэнгенскай зоны. У тым ліку, цалкам верагодна павелічэнне кошту беларускіх віз да 60 еўра, паведамляе “Еўрарадыё”.
“Беларускі бок не гарантуе замежнікам візы таннейшыя за шэнгенскія. Але, напрыклад, з Польшчай і Літвой прайшлі ўжо два раўнды перамоваў і цяпер разглядаецца праект дамоваў, каб зрабіць перамяшчэнне беларусаў і замежнікаў больш лёгкім”, -- кажа І.Сакрэт.
Зараз Беларусь прапануе суседзям ільготны парадак атрымання візаў для пенсіянераў, кіроўцаў, што займаюцца міжнароднымі перавозкамі, супрацоўнікаў чыгункі і іншых грамадзян, якія вымушаны часта ездзіць за мяжу.
Беларусь можа адказаць Еўропе скасаваннем спрошчанага варыянту атрымання візы.
У амбасадзе Беларусі ў Літве паведамілі, што з Літвой вядуцца перамовы пра таннейшую за шэнгенскую нацыянальную літоўскай візу. Пытаннне вырашыцца на пачатку снежня. Праўда, з такой візай чалавек будзе мець абмежаванне ў перамяшчэнні па іншых краінах Шенгену.
Разам з тым, у беларускіх дыпламатычных колах лічаць, што для жыхароў краінаў Еўрасаюза хутчэй за ўсё беларуская віза не будзе каштаваць 60 еўра, бо гэта не мэтазгодна.