Вячаслаў Дашкевіч: «Мы верым, што дачакаемся перамогі»
- 9.11.2007, 14:35
9 лістапада ў Шклоўскай папраўчай калоніі №17 адбылося судовае паседжанне над адным з лідэраў “Маладога фронту” Змітром Дашкевічам, які больш за год знаходзiцца ў зняволеннi. За адмову сведчыць супраць сваіх паплечнікаў апазіцыйнага актывіста пакаралі штрафам у 60 базавых велічыняў, альбо 2 млн 100 тысячаў рублёў.
“Народная воля” у апошнім нумары друкуе інтэрвію з бацькамі Змітра Вольгай і Вячаславам Дашкевічамі.
— Вольга Васiльеўна, мiнулы раз вы бачылiся са Змiцерам у жнiўнi. Раскажыце, калi ласка, пры якiх абставiнах адбывалася сустрэча? Як Дзiма выглядаў?
— Мы прыехалi да яго на два днi ў Шклоў i спынiлiся ў турэмным iнтэрнаце, прызначаным для спатканняў, — распавяла мацi. — Нават у гэтыя днi выспацца Дзiму не давялося: усю ноч прыязджалi машыны, бразгаталi замкi, надрыўна брахалi аўчаркi. У сем гадзiн нас выклiкалi на паверку. Сын апранаў куртачку, чорную шапку, i мы выходзiлi на пераклiчку.
Нас чакаў невялiчкi дворык з альтанкамi, лаўкамi i арэлямi, дзе можна глынуць свежага паветра. Усю ежу, якую мы прывезлi, пераглядалi супрацоўнiкi. На зоне звычка — разгортваць i правяраць усе цукеркi, якiя вязуць арыштантам, адрываць фiльтры ад цыгарэт.
Дзiма не палiць, а вось ежу i цукеркi яму перадаць дазволiлi. За гэты час сын узмужнеў, ад фiзiчнай працы стаў шырэй у плячах. Але па-ранейшаму ў яго балiць спiна i страўнiк.
Раней з бацькам яны шмат размаўлялi пра палiтыку i пра Бiблiю. У некаторых выпадках спрачалiся. Але Дзiма вельмi пераканаўча пацвярджаў свой пункт гледжання. Каб не вера, то складана было б там трымацца.
— Раскажыце, калi ласка, якiм сённяшні лiдэр “Маладога фронту” быў у маленстве?
— Дзiма нарадзiўся, можна сказаць, у дарозе, — кажа бацька Вячаслаў Уладзiмiравiч. — Мы летам 1982 года былi ў адпачынку ў родзiчаў на Брэстчыне, потым на тыдзень заехалi на радзiму мацi ў Гомельскую вобласць, у вёску Багуцiчы, там ён i з'явiўся на свет.
А праз некалькi тыдняў мы зноў адправiлiся ў Магадан, дзе я працаваў у газеце “Северная правда” загадчыкам эканамiчнага аддзелу. Праз пяць гадоў вярнулiся ў Беларусь i пасялiлiся на сталае месца жыхарства ў Старых Дарогах. Тут у мясцовай раённай газеце апошнiя 16 год я быў адказным сакратаром. Мы з мацi ўвесь час былi занятыя ў рэдакцыi, асаблiвага часу на дзiця не было. Улетку ў адпачынку працаваў на жнiве камбайнёрам, некалькi разоў выходзiў пераможцам.
Змiцер тут хадзiў у дзiцячы садок i пайшоў у школку. Ён быў жвавы i цiкаўны хлопчык, настаўнiца ў школе называла яго “залатым дзiцём”. Былы дырэктар школы надрукаваў у газеце яго лепшае сачыненне. Аднойчы ён напiсаў фантастычную аповесць. У яго добрая памяць, каб ён быў крышачку спакайнейшы, то i зусiм бы выдатнiкам быў. Любiў чытаць гiстарычныя кнiгi, доўгi час праводзiў з энцыклапедыямi, са слоўнiкамi, займаўся задачкамi па арыфметыцы.
— Вы з Вольгай Васiльеўнай — журналiсты па адукацыi. Змiцер не захацеў пайсцi па вашых слядах?
— Пасля школы ён атрымаў мэтавае накiраванне ў Гродзенскi сельскагаспадарчы iнстытут на спецыяльнасць “заатэхнiка”. Але гэтая справа не прыйшлася яму па душы. Потым некаторы час працаваў на лесапiльным заводзе, працаваў пiльна, паслухмяна, не гультайнiчаў, але ў душы маяўся i нечага шукаў. Нарэшце паехаў у Менск, там пасялiўся з сябрамi, прадаваў з прадпрымальнiкамi на кiрмашы каву i гарбату. Да гэтага часу там пытаюцца: “А дзе тыя хлопцы, што па-беларуску прапаноўвалi гарбату?” Нарэшце ён паступiў у Вiленскi педагагiчны унiверсiтэт на факультэт славiстыкi, на беларускае аддзяленне, i быў вельмi рады.
— А як вы ставiлiся да яго дзейнасцi ў “Маладым фронце”?
— Спачатку я не ўхваляў яго заняткаў палiтыкай. Але, калi пабачыў, колькi людзей iх падтрымлiвае — i маладых, i старых, то зразумеў, што гэта выпрацаваная грамадзянская пазiцыя.
Змiцер сказаў мне: “Я свядома абраў свой шлях i прайду яго да канца”. У яго была магчымасць застацца ў Амерыцы, калi ён быў там летам мiнулага года, ён мог з'ехаць вучыцца ў Польшчу, але яго цэльны характар падказаў яму, што ён як лiдэр з'яўляецца маральным аўтарытэтам i павiнен застацца на Беларусi.
— Як вы ставiцеся да факту завядзення новай крымiнальнай справы на Змiцера?
— Гэта вiдавочны абсурд. Ён ужо год знаходзiцца ў турме, што ён можа ведаць, што сведчыць? Яны проста шукаюць на пустым месцы, як зладзiць новы працэс, каб не выпускаць лiдэра моладзi на волю.
— Шмат людзей выступаюць у абарону Змiцера?
— Так. Нас наведвае шмат людзей, былi прадстаўнiкi з Германii, Чэхii, АБСЕ, грамадскiх арганiзацый, царквы. Мы рады, што ў Змiцера шмат сяброў. Яны пiшуць яму лiсты, дапамагаюць з перадачамi. Вернiкi моляцца за яго. I мы не засталiся ў адзiноце, таму верым, што дачакаемся перамогi!