Адкрыты ліст Віктара Івашкевіча да сябраў БНФ
5- 5.12.2007, 16:32
Усім Вам вядома, што я вылучыўся на пасаду Старшыні БНФ. Для мяне гэта быў ня просты выбар, бо ён звязаны з ускладаньнем на сябе новай працы, вялікай адказнасьці, і выбару новага лёсу. Шмат у каго гэты мой выбар выклікаў зьдзіўленьне, і таму я хачу патлумачыць вам гэты мой, шмат для каго нечаканы крок.
Фронт у сёньняшнім стане ня здольны адстойваць незалежнасьць Беларусі. І гэта ёсьць галоўная прычына майго выбару.
Я ніколі не вызначаўся павышанымі амбіцыямі і з утварэньня БНФ працаваў на тых накірунках, якія былі вельмі неабходнымі, але ніхто іншы не рашаўся за іх брацца. У 1989-95 гадах я быў кіраўніком выбарчага штаба БНФ, сакратаром управы, кіраўніком дружыны і арганізатарам усіх масавых акцыяў. Прадстаўніком БНФ у Мінскім страйкаме.
У 1995-97 гадах я ініцыяваў і ўзначаліў праграму “Народны уінверсітэт”, праз навучаньне ў якім прайшло шмат беларускіх актывістаў. У 1998-2002 быў галоўным рэдактарам газэты “Рабочы”. У 1999-м годзе я падтрымаў кандыдатуру Вінцука Вячоркі на пасаду старшыні БНФ і стаў яго намесьнікам, падтрымліваючы фронт матэрыяльна і інфармацыйна (да 2002 года). У 2004 годзе, пасьля года зьняволеньня на “хіміі”, я вярнуўся ў Фронт, і ніхто на той час не згаджаўся брацца за арганізацыйна тэхнічныя справы на пасадзе сакратара управы БНФ без матэрыяльнага забясьпяченьня. Я ж ўзяўся.
Бо без усёй гэтай працы немажлівая паўнавартасная дзейнасьць і барацьба фронта за Незалежнасьць. Можна толькі абстрактна дыскутаваць паміж сабой.
Акрамя арганізацыйнай працы і забясьпячэньня матэр’яльнага падмурку дзейнасьці БНФ, пачынаючы з 2004 года я ўвесь час вяду дыскусыю з Вячоркам аб тым, што больш важна – ініцыятыва ці асьцярожнасьць. Вінцук заўсюды казаў, што галоўнае – не нарабіць памылак. Я перакананы у тым, што галоўнае – дзейнасьць, пад час якой, натуральна, дапускаюцца памылкі і якая падпадае пад крытыку. Галоўнае – крытыку ўспрымаць і памылкі выпраўляць. Але ж, менавіта старшыня БНФ ёсьць рупар публічнай палітыкі, а кіраўнік выканаўчай структуры – толькі выканаўца. Таму, у грамадзкай сьвядомасьці, БНФ усё больш і больш вызначаўся асьцярожнасьцю і невыразнасьцю. Дайшло да таго, што летам 2006 года фронт цалкам зьнік з медыйнай прасторы і грамадзкай сьвядомасьці, апынуўшыся ў ценю барацьбы за лідэрства паміж беспартыйным А.Мілінкевічам і камуністам С.Калякіным. А на Кангрэсе АДС 2007 года БНФ ледзь назьбіраў неабходную колькасьць дэлегатаў, каб утварыць самастойную фракцыю і быць прадстаўленым у прэзыдыуме АДС. Самая непрыемная сытуацыя пачалася тады, калі сябры БНФ пачалі шукаць сабе лідэра на баку. Аналізуючы гэтае становішча, я прыйшоў да высновы, што фронтаўцы пачалі разьбягацца ў розныя “рухі” таму, што ня бачылі ў кіраўніку БНФ таго, хто высока ўзьняўшы сьцяг павядзе іх да перамогі. Але, каб весьці да перамогі, неабходна вылучыць такую праблему і такое патрабаваньне, якія быліб падтрыманыя большасьцю беларускага народа.
Вячорка жа начале БНФ стаў засьцярагальнікам, які бачыць сваю місыю ў недапушчэньні памылак, што прывяло да зьвязваньня ініцыятываў і заглушыла спробы актыўнай барацьбы.
У 1989 годзе БНФ “Адраджэньне” здолеў сфармуляваць тое, што было падтрыманае большасьцю беларусаў: галоўныя праблемы – небясьпека жыцьцю і здароўю ад чарнобыльскай радыяцыі і прагрэсуючае зьбядненьне простых людзей. Галоўнае патрабаваньне – ськінуць уладу крамлёўскай і менскай наменклятуры, якая дзеля захаваньня сваёй улады і сваіх прывілеяў штурхае народ у галечу і сьмерць. Менавіта таму, што кіраўніцтва БНФ убачыла тую антыкамуністычную хвалю, што падымалася ў грамадзтве і здолела яе ўзначаліць, атрымалася праз 15 месяцаў пасьля утварэньня нешматлікай (14 чалавек) групы дэпутатаў-сябраў БНФ ў Вярхоўным Савеце БССР, абвясьціць Незалежнасьць Беларусі, ліквідаваць дыктатуру КПСС, сьцьвердзіць дзяржаўнымі бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня. На той час, змаганьне супраць камуністычнай сыстэмы за Свабоду было змаганьнем за Незалежнасьць, якое стала Пераможным.
Людзі па сёньня ўдзячныя нам за перасяленьне з забруджаных зонаў, за ратаваньне ад сьмерці. Людзі добра памятаюць, што на аздараўленьне ў краіны Эўразьвязу іх дзетак першымі вывезьлі сябры БНФ. Таму Чарнобыльскі шлях мусіць праходзіць пад сьцягамі Эўразьвязу і несьці іх сёньня могуць тыя дзеці, якія першымі паехалі ў Эўропу, а сёньня ўжо нарадзілі і гадуюць сваіх!
Напачатку 90-х гадоў адбыўся цуд, калі невялікай групе беларускіх нацыяналістаў удалося натхніць беларускае грамадзтва надзеяй на пабудову Незалежнай Эўрапейскай Рэспублікі БЕЛАРУСЬ з Адроджанай Культурай. У грамадзтве панавала аўра Адраджэньня і імкненьне да Цывілізаваных Эўрапейскіх нормаў жыцьця. Людзі розных нацыянальнасьцяў натхнёна вучылі родную мову і гісторыю, выхоўвалі ў дзяцей любоў да Адроджанай Радзімы. І прычынай таго цуду стаў давер насельніцтва да нас – фронтаўцаў, якія самаахвярнай барацьбой баранілі людзей, мацуючы той давер.
Нажаль на сёньня рамантычная аўра Адраджэньня і гэтыя надзея і вера ў патэнцыял БНФ у грамадзтве страчаныя. І гэта, на мой погляд, нашая самая вялікая страта і нашая самая галоўная праблема, якая ставіць нас на мяжу трагічнай паразы ў барацьбе за Незалежнасьць.
Сёньня мы знаходзімся напачатку крызысу сацыяльна-эканамічнай сыстэмы лукашэнкаўскага рэжыму і узьнікненьня новых хваляў сацыяльнага пратэсту. У 2008 годзе мы абавязаныя ўзначаліць гэтыя пратэсты пад бел-чырвона-белым сьцягам, бо інакш іх узначаляць крамлёўскія стаўленікі пад сьцягам аб’яднаньня з Расеяй. Але, дзеля таго каб супроцьстаяць расейскай экспансіі і захаваць незалежнасьць, мы мусім супрацьпаставіць ідэі аб’яднаньня з Расеяй іншую моцную і прывабную ідэю. Такой ідэяй ня можа быць самаізаляцыя Беларусі ад усіх суседзяў. Такой ідэяй можа быць толькі інтэграцыя Беларусі з Эўразьвязам. “Зьнізіць беларускія цэны да ўзроўню эўрапейскіх!” “Падвысіць беларускія заробкі, пэнсыі і стыпендыі да ўзроўню эўрапейскіх!”, “Беларускаму народу – Эўрапейскі дабрабыт!” – вось тыя лёзунгі, якія, на фоне пагаршэньня жыцьцёвага ўзроўню могуць быць падтрыманыя большасьцю беларусаў. Доказам жа рэальнасьці гэтых лёзунгаў з’яўляюцца 12 прапановаў, зробленыя Эўразьвязам беларускаму народу і беларускаму ўраду. Акрамя таго, трэба ўлічваць, што менавіта эўрапейскі сьцяг абараніў гэтай восеньню мінскіх маніфестантаў. І адмаўляцца ад гэтай абароны і дапамогі ў 2008, 2009 гадах было бы велізарным глупствам.
Так, наступны 2008 год будзе годам барацьбы “За Незалежнасьць”, але зусім не таму, што на гэты год прыпадае юбілейная дата – 90 год БНР. А таму, што ў гэты год праз чарговае рэзкае падвышэньне цэнаў на расейскія газ і нафту, узмацніцца эканамічны ціск на Беларусь з мэтай паставіць пад кантроль расейскіх алігархаў ключавыя беларускія прадпрыемствы. Супрацьстаяць гэтай расейскай эканамічнай экспансіі мы павінны ня столькі пры дапамозе семінараў па вывучэньні ўстаўных граматаў БНР (што несумненная вельмі важна, хто бы спрачаўся!), колькі праз масавую агітацыйную кампанію за пашырэньне эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з Эўразьвязам і за Эўрапейскі дабрабыт для беларускага народа.
Нам трэба давесьці да людзей, што БНР утварылася як Эўрапейская Рэспубліка, бо была прызнаная эўрапейскімі краінамі. Што 90 годзе БНР – гэта для Беларусі 90 год па-за межамі Эўропы... на мяжы з ім, на крок да інтэграцыі з Эўразьвязам, але па замежамі эўрапейскай цывілізацыі.
Толькі калі мы даможамся перамогі Эўрапейскай ідэі ў галовах большасьці беларусаў, толькі тады мы здолеем паламаць усе спробы стварэньня так званай саюзнай дзяржавы. Пра яе кіраўнікі Беларусі і Расеі цьвердзяць, як аб збыўшымся факце, а мы маўчым!
Такім чынам, АГІТАЦЫЙНАЯ КАМПАНІЯ “ЗА ЭЎРАПЕЙСКІ ВЫБАР” – ёсьць ключавая кампанія наступнага года.
Другая важная кампанія – гэта КАМПАНІЯ ЗА СВАБОДНЫЯ ВЫБАРЫ, мэта якой дамагчыся вызваленьня палітвязьняў, уключэньня прадстаўнікоў БНФ і АДС у выбарчыя камісіі, рэгістрацыі кандыдатаў БНФ і АДС. Дзеля гэтага Беларускаму Народнаму Фронту і усім аб’яднаным дэмакратычным сілам трэба адназначна заявіць, што толькі пры ўмове выкананьня ўсіх трох умоваў мы возьмем удзел у выбарах. У іншым выпадку – адмова ад выбарчага фарсу і заклік людзей на вуліцу з патрабаваньнем прыняцьця 12 прапановаў Эўразьвязу. Бо толькі вызваленьне палітвязьняў здыме страх вылучэньня ў выбарчыя камісіі, а наяўнасьць там прадстаўнікоў АДС дасьць сэнс удзелу кандыдатаў БНФ у выбарчай кампаніі, бо гарантуе праўдзівы падлік галасоў. Дамагчыся посьпеху кампаніі “За свабодныя выбары” можна праз правядзеньне масавых акцыяў у Беларусі і шырокай грамадзянскай кампаніі ў Эўропе з мэтай наўпроставага ўвязваньня праграмаў эўрапейска-беларускага супрацоўніцтва з выкананьнем умоваў дэмакратызацыі. Пры гэтым, задача масавых акцыяў у Беларусі – падштурхнуць і ўмацаваць кампанію салідарнасьці ў Эўропе. Акцыя 25 сакавіка павінна стаць ключавой масавай акцыяй вясны 2008 года пад агульным лёзунгам: “За Незалежную Эўрапейскую Беларусь!” Што, цалкам адпавядае праграме БНФ, дзе запісана, што нашая мэта – уваход Беларусі ў Эўразьвяз і НАТА.
Толькі на фоне першай кампаніі і пры ўмове выкананьня мэтаў другой кампаніі магчымая перамога ТРЭЦЯЙ КАМПАНІІ – ВЫБАРЧАЙ, мэта якой стварэньне фракцыі БНФ у палаце прадстаўнікоў. Для гэтага неабходна сканцэнтраваць намаганьні ў 20 выбарчых акругах, дзе аб’ектыўна моцныя праэўрапейскія настроі, і дзякуючы інтэнсіўнай агітацыйнай кампаніі пад лёзунгам “Беларускаму народу – Эўрапейскі дабрабыт” дамагчыся перамогі. Стварэньне фракцыі БНФ у палаце прадстаўнікоў – гэта стварэньне пляцдарма барацьбы за Свабоду і Незалежансьць Беларусі. Абапіраючыся на гэты пляцдарм, БНФ атрымае магчымасьць заваяваць у 2009 годзе выкананьне ўсіх умоваў Эўразьвязу (свабода СМІ, свабода дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, незалежны суд, свабода прафсаюзаў, свабода прадпрымальніцтва), што дазволіць у 2010 годзе дамагчыся свабодных прэзыдэнскіх выбараў.
Калі ж нас не дапусьцяць да выбараў, то мэтазгодна паралельна з псэўдавыбарамі праводзіць масавую кампанію ў падтрымку 12 прапановаў Эўразьвязу, наладзіць сваеасаблівы грамадзкі эўрарэфэрэндум. Утварыць эўрапляцдарм у сьвядомасьці людзей як альтэрнатыву дыктатуры, як маральна-псыхалягічны пляцдарм для абароны Незалежнасьці.
Рэалізацыя ўсіх трох кампаніяў – “За Эўрапейскі выбар!”, “За свабодныя выбары!”, “За фракцыю БНФ” і дасягненьне пастаўленых мэтаў – вызваленьне палітвязьняў, фракцыя БНФ у палаце прадстаўнікоў, выкананьне 12 умоваў Эўразьвязу, магчымыя толькі тады, калі БНФ з маленькай партыі, адной з іншых маленькіх партыяў АДС, пераўтворыцца ў масавую партыю – лідэра шырокага народнага руху, які аб’яднае й беларускіх адраджэнцаў, і праэўрапейскіх прагрэсыстаў, і прагматычных чыноўнікаў, і незадаволеных бізнэсоўцаў, і пакрыўджаных “простых людзей”. Дзеля гэтага кіраўніцтва БНФ мусіць рашуча ўзьняць бел-чырвона-белы і эўрапейскі сьцягі, заклікаць беларускае грамадзтва гуртавацца ў шырокі эўрапейскі рух і ўзяць на сябе адказнасьць і цяжар працы па арганізацыі гэтага руху.
Нажаль сёньня не Вінцук Вячорка, ні Алесь Міхалевіч ня здольныя дамагчыся лідэрства Фронту ў беларускім грамадзтве, бо адзін прызвычаіўся хавацца ад персанальнай адказнасьці за калегіяльнымі рашэньнямі лідэраў АДС, а другі – за сьпінай Аляксандра Мілінкевіча. Абодвум больш даспадобы ціхія семінары, чым гучныя мітынгі. Абодва больш любяць закулісныя перамовы, чым публічныя дыспуты. Абодва больш занятыя барацьбой паміж сабой, чым выпрацоўкай плянаў дзейнасьці для ўсіх фронтаўцаў.
Таму я ініцыяваў Эўрапейскі марш і узначаліў яго аргкамітэт. Таму я выйшаў на Кастрычніцкую плошчу і высока ўзьняў Беларускі і Эўрапейскі сьцягі. Таму я вылучыўся на старшыню БНФ і разгарнуў у СМІ дыскусыю аб лёсе Народнага Фронту. Таму, сябры, я пішу Вам гэты ліст. Пішу адкрыта, як усё, што рабіў у Фронце, бо хачу, каб Фронт быў сапраўды НАРОДНЫМ і аб’яднаў усіх думаючых людзей, усіх каму драгія ідэалы Незалежнасьці Радзімы.
Дзякуючы Эўрамаршу і дыскусіі ў СМІ, Народны Фронт ужо тры месяцы зьяўляецца інфармацыйным лідэрам, а цікаўнасьць да з’езду БНФ у дэмакратычным грамадзтве неверагодна вялікая. Нават тыя газэты, якія гадамі ні радка не друкавалі пра дзейнасьць Фронту зараз аддаюць нам цэлыя палосы! І самое галоўнае, што ідэі Незалежнасьці Беларусі, Эўрапейскага выбару, Свабоды і дэмакратыі гэты час моцна гучаць у грамадзтве, можна сказаць дамінуюць.
А ў гэты час асобныя фронтаўцы пагрозьліва запалохваюць, што публічнасьць і галоснасьць перадвыбарчай барацьбы ў Фронце наладжана спэцслужбамі!
Паўтару! Гэта я арганізаваў галоснасьць у абмяркаваньні кандыдатаў на пасаду старшыні і буду змагацца за тое, каб БНФ ня быў маленечкай кішэннай партыяй. Зараз усе з прыхаванай надзеяй чакаюць рашэньняў з’езда БНФ. Чакаюць цуду прарыву згуртаваных фронтаўскіх аддзелаў з ціхага апазыцыйнага балотца на шырокую грамадзкую прастору. Спадзяюцца насуперак свайму асьцярожнаму пэсымізму, што зьмены магчымыя і няма чаго запалохваць сябе расколам БНФ.
Я гарантую, што ствару магчымасьць Вінцуку Вячорку на сэмінарах для нашых фронтаўцаў чытаць лекцыі па ідэялёгіі кансэрватызму, а на замежных канферэнцыях выступаць з дакладамі аб Эўрапейскім выбары Беларусі. Я дапамагу Алесю Міхалевічу стаць публічным палітыкам праз узначаляньне любой з пералічаных мной кампаніяў.
Абіраючы старшыню, Вам давядзецца уважліва выбіраць паміж праграмамі і арганізацыйнымі здольнасьцямі іх выконваць. Выбар заўжды цяжкая справа. Але ад яго залежыць дасягненьне перамогі.
Нам трэба ведаць, што толькі ставячы перад сабою вялікія задачы, магчыма дасягнуць вялікай мэты. Нам трэба паверыць, што менавіта на нас ляжыць вялікая місія прывесьці Беларусь да Свабоды! Нам трэба адчуць локаць адзін аднаго і непераможную моц нашага фронту! І тады, разам, мы пераможам! Жыве Беларусь!”
Ваш сябра па барацьбе Віктар Івашкевіч