Беларусы не згадзяцца з «атамнымі» планамі Лукашэнкі
15- 16.01.2008, 11:00
У аўторак на паседжаньні Рады бясьпекі Беларусі было прынятае канчатковае палітычнае рашэньне аб будаўніцтве ў Беларусі ўласнай атамнай электрастанцыі. Але эканамічны эфект ад уласнай АЭС, пра які кажуць улады, у адзін момант можа абрынуцца неверагоднымі стратамі.
Праект пастановы будзе ў найбліжэйшы час дапрацаваны, узгоднены і да канца студзеня ўнесены на подпіс Лукашэнку, які ўчора заявіў, што працы па будаўніцтве атамнай электрастанцыі павінны пачацца ўжо сёлета: маўляў, “у беларускім грамадзтве ўжо ўсталявалася разуменьне, што альтэрнатывы ядзернай энэргетыцы ў Беларусі няма”.
Дырэктар навукова-дасьледчага інстытуту ядзерных праблем БДУ прафэсар Уладзімер Барышэўскі ў інтэрвію “Радыё Свабода” кажа, што выступае за будаўніцтва АЭС:
«Атамную электрастанцыю, канечне ж, трэба будаваць. Я лічу, што ўсе чарнобыльскія жарсьці – гэта злачынства супраць нашага народу. Чалавецтва наагул калі хоча выжыць, павінна будаваць атамныя электрастанцыі і разьвіваць тэрмаядзерную энэргетыку», - мяркуе афіцыйны фізік-ядзершчык.
Тым часам, сябры незалежнай антыядзернай грамадзкай ініцыятывы лічаць, што эканамічны эфэкт у адзін момант можа абрынуцца неверагоднымі стратамі. «Эканамічны эфэкт, пра які ўлады распавядаюць, у момант можа абярнуцца вялікімі стратамі: і чалавечымі, і эканамічнымі, і палітычнымі, і экалягічнымі. Бо вопыт Чарнобыля ўжо шмат каго навучыў. І стварэньне нашай антыядзернай групы мела на мэце актывізаваць працу па супрацьстаяньні будаўніцтву станцыі, біць ва ўсе званы», – кажа прэсавы сакратар новастворанай грамадзкай ініцыятывы Эдуард Брокараў.
Нагадаем, ужо падпісаны ўказ «Аб некаторых захадах па будаўніцтве атамнай электрастанцыі», створаны Дэпартамэнт па ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы, Дырэкцыя па будаўніцтве АЭС – заканадаўства аптымізавана.
Але, на думку Аляксандра Лукашэнкі, “падрыхтоўка да будаўніцтва АЭС ідзе марудна, няма дакладнага бачаньня альгарытмаў... Дагэтуль няма пэўнасьці па многіх найважнейшых аспэктах: месцы будаўніцтва, праекце і генэральным падрадчыку”.
Міністэрства энэргетыкі Беларусі пры кансультацыйнай падтрымцы замежных адмыслоўцаў распрацавала графік работ па будаўніцтву АЭС. Адначасова будуць будавацца два блёкі: першы павінен быць уведзены ў 2018 годзе, другі – праз год-два. На поўную магутнасьць беларуская атамная станцыя павінна выйсьці ў 2020 годзе.
Міністар фінансаў Мікалай Корбут паведаміў, што прыблізны кошт праекту можа скласьці каля 4 мільярдаў даляраў. Канчатковы выбар пляцоўкі пад будаўніцтва АЭС плянуецца зрабіць вясной 2008 году. Пакуль жа разглядаецца некалькі патэнцыйных пляцовак у Магілёўскай вобласьці, адна зь якіх у раёне Горак. На мінулым тыдні мясцовыя жыхары стварылі там антыядзерную групу і пачалі збор подпісаў супраць будаўніцтва АЭС.