Вячаслаў Сіўчык – на свабодзе
2- 21.01.2008, 9:21
На свабоду выйшаў палітык і грамадзскі актывіст Вячаслаў Сіўчык, які стаў першай ахвярай рэпрэсій падчас падрыхтоўкі да мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня.
Вячаслаў Сіўчык быў незаконна затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ўвечары 9 студзеня. Па сфальсыфікаваных пратаколах яго абвінавацілі згодна з артыкулам 17.1 - “лаянка матам”. Суддзя Тацяна Паўлючук пакарала палітыка 10 суткамі арышту.
Сябры й родныя не змаглі сустрэць Вячаслава Сіўчыка, бо ён быў вывезены з Акрэсьціна ў невядомым напрамку на некалькі гадзінаў раней і быў вымушаны дабірацца дадому на таксоўцы.
Зараз на Акрэсьціна яшчэ застаюцца 46 палітзьняволеных. Усе гэтыя людзі былі арыштаваныя цягам апошніх 10 дзён пасьля акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая адбылася ў Менску 10 студзеня.
Тым часам 21 студзеня адбудзецца суд над сябрам Маладога Фронту й актывістам АГП Алегам Корбанам, абвінавачаным у быццам бы “бруднай лаянцы”.
Алег разам з паплечнікамі быў затрыманы ля сьцен спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка Акрэсьціна, дзе яны зьбіраліся аддаць перадачы зьняволеным сябрам. Усе яны былі адвезеныя ў Маскоўскі РАЎС, але пратакол склалі толькі на яго. Выходныя хлопец правёў на Акрэсьціна.