Что скрывается за «деликатностью» министра Владимира Наумова
12- Вячеслав Оргиш, «Народная воля»
- 17.03.2008, 13:36
Похоже на то, что министр внутренних дел Беларуси Владимир Наумов полностью не согласен с бывшим министром юстиции Российской Федерации Павлом Крашенинниковым, по мнению которого «в тюрьме должно быть меньше тюрьмы».
Адказваючы на пытанне аднаго з журналістаў пра санітарны стан турмаў, дзе адбываюць тэрмін пакарання адміністрацыйна арыштаваныя (у прыватнасці, у г. Узда), сп. Навумаў заявіў: "Не думаю, што трэба даводзіць гэтыя месцы да такога стану, каб туды камусьці хацелася". Калі адкінуць "далікатнасць" міністэрскага мыслення ў бок і перакласці яго выказванне на агульназразумелую мову, то атрымаецца прыкладна наступнае: чым горшыя (гэта значыць больш жорсткія, нецывілізаваныя) умовы ўтрымання адміністрацыйна асуджаных, тым лепш яны падыходзяць для іх перавыхавання.
Менавіта на такім прынцыпе (цынічным па сутнасці) грунтуецца пенітэнцыярная сістэма Беларусі, лічыць адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Віктар Крываль. За арганізацыю акцыі пратэсту прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы Мінска 11 снежня 2007 года ён 15 сутак адбываў пакаранне ў так званым Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама (на Акрэсціна). У лютым яго зноў пасадзілі на такі ж тэрмін, на гэты раз за тое, што ён быццам бы распаўсюджваў на Уз-
дзенскім базары ўлёткі з заклікам да ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Пакаранне палітыку давялося адбываць у мясцовай уздзенскай турме. Абодва разы ён трымаў галадоўку. Жорсткія ўмовы ўтрымання ў уздзенскім ізалятары прывялі да таго, што стан здароўя сп.Крываля рэзка пагоршыўся, таму па рэкамендацыі доктара міліцыя мусіла вызваліць яго на два дні раней заканчэння тэрміну зняволення.
"На маю думку, — гаворыць сп. Крываль, — сучасная сістэма ўтрымання палітвязняў у нашай краіне спецыяльна будуецца так, каб прынізіць іх, дэмаралізаваць, зламаць іх волю да далейшых палітычных дзеянняў. Прычыненне палітычнаму праціўніку фізічных пакут у турме — гэта частка ўладнай тэхналогіі падаўлення апазіцыі. З дапамогай жудасных умоў утрымання за кратамі чалавеку спрабуюць унушыць, быццам ён толькі ўмоўна чалавек, а яго сапраўднае вызначэнне — вош дрыжачая, якую "гаспадары жыцця" ў любы момант могуць раздушыць. Гэта падобна на тое, як ставілася да ерэтыкаў сярэднявечная інквізіцыя.”
Віктар Крываль распавёў аб тым, з якімі дзікімі рэчамі сутыкнуўся ён і яго таварышы падчас знаходжання ў ізалятары па вул.Акрэсціна. У тыя дні, калі ён адбываў пакаранне, туды паступіла жанчына з сумніўным мінулым. Нягледзячы на гэта, ёй даручаюць раздаваць ежу, хоць па ўсіх правілах да мыцця пасуды і раздачы ежы адміністрацыйна арыштаваныя і блізка не павінны дапускацца. "Што тычыцца ўмоў утрымання ў камерах, то тут увогуле жах! Шыбы ў акенцах разбітыя, у памяшканні гуляе вецер, тэмпература блізкая да тэмпературы на вуліцы, смурод, паўцемра, бегаюць пацукі. І перанаселенасць, якую цяжка ўявіць. Праўда, у адрозненне ад Мінска, ва Уздзе мяне трымалі ў адзіночцы, аднак што тычыцца тэмпературы і асвятлення, то ў райцэнтры яшчэ горш".
У заяве на імя начальніка Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў Мінгарвыканкама сп.Крываль запатрабаваў адмяніць "здзеклівыя ўмовы ўтрымання арыштаваных". У прыватнасці, ён запатрабаваў гарантый (у тым ліку і дакументальных) таго, што да раздачы ежы арыштаваным не будуць мець дачынення асобы, якія не прайшлі адпаведнага медыцынскага абследавання. Ён таксама запатрабаваў наладзіць у камерах прымальны тэмпературны і светавы рэжым, дазволіць арыштаваным атрымліваць перадачы.
Як ні дзіўна, палітык атрымаў пісьмовы адказ на сваю заяву ад начальніка Рэспубліканскай санітарна-эпідэміялагічнай службы МУС РБ А.Жука. З яго вынікае, што раздача ежы адміністрацыйна арыштаванымі асобамі, не прайшоўшымі медагляд (да таго ж з ліку арыштаваных), "катэгарычна забаронена", для гэтага існуюць сёстры-гаспадыні.
"Калі так, — разважае сп. Крываль, — то ўзнікае пытанне, чаму да раздачы ежы была прыцягнута асоба з ліку арыштаваных?"
З ліста сп. Жука вынікае, што яго служба не супраць перадач, у лістападзе 2006 года яна нават узгадніла спіс прадуктаў, якія можна перадаваць. Вось толькі працэсуальна-выканаўчы Кодэкс РБ "забараняе прадуктовыя перадачы". Таму, маўляў, усе пытанні да яго, "бессардэчнага".
Але, канечне, сп.Жук не быў бы падначаленым сп.Навумава, каб не запэўніў сп.Крываля і ўсіх, каго хвалююць умовы ўтрымання людзей у ізалятарах, што нельга губляць аптымізм, бо ўсё лепшае і светлае — наперадзе. Паведаміў аб тым, што "плануецца расшырэнне аконных праёмаў у камерах, усталяванне ложкаў, сталоў, слончыкаў, тумбачак, столевых свяцільнікаў. Прадугледжана выдача адміністрацыйна арыштаваным пасцельных рэчаў". Адным словам, чакай паляпшэння ўмоў утрымання арыштаваных, калі на гары рак свісне.
Яшчэ спадар Жук запэўніў: "У выпадку выяўлення фактаў, указаных у вашым звароце, будуць прымацца самыя жорсткія меры да вінаватых". Але ж, мяркуючы па фактах, чакаць навядзення ў ізалятарах адпаведнага санітарнага парадку, відаць, прыйдзецца доўга.
А пакуль міністр Навумаў на згаданай прэс-канферэнцыі параіў журналістам самім наведаць уздзенскі ізалятар, каб усё пабачыць на свае вочы. Сп. Крываль таксама падтрымлівае гэту ідэю, больш таго, ён прапануе наведаць мясцовую турму і спадару Навумаву. І пацікавіцца ўмовамі ўтрымання арыштаваных не толькі ва Уздзе, але і ва ўсіх адпаведных установах па ўсёй краіне. Пасля гэтага, можа, у беларускіх турмах будзе менш турмы.