9 января 2025, четверг, 10:26
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Час, калі знікае горад

5

«Менск мой бялюткі!..» Гэтак усклікнуў калісьці паэт, яшчэ здалёк убачыўшы горад на ўзгорку. Даўно тое было.

Ажно ў дзевятнаццатым стагоддзі. Напэўна ў той дзень вецер разарваў над узвышшам хмары і святло нябёсаў раптам абрынулася на вежы касцёлаў і старадаўнія муры. А можа, больш узнёслымі былі ў той час паэты. Сёння наўрад ці хто вымавіў бы тыя словы.

І Мінск даўно ўжо не Менск. І з кожным днём усё меней ў ім падабенства з тым, бялюткім. Нейкія панылыя людзі будуюць замест яго сярэднеарыфметычную адміністрацыйную адзінку. Нібыта і войны, на якія ўсё можна спісаць, даўно не грукочуць па наваколлі. А стары горад гіне. Няўмольна і незваротна.

Толькі што мінчукі ўздыхнулі з палёгкай. Здаецца, адбілі шалёную атаку на старыя будынкі па вуліцы Падгорнай. Па саўковай тапаніміцы – вуліцы Карла Маркса. Казіно, якое нібы паветра спатрэбілася чынавенству менавіта ў цэнтры, магчыма, застанецца назаўжды ў натхнёных планах кіраўніцтва. Але не варта заўчасна цешыцца. Чынавенства ўпартае і нязломнае. Яно імгненна ўцяміла, што залішняя балбатня наконт перабудовы гарадскога асяроддзя выклікае часам непажаданыя ўзрушэнні. І скарыстала апрабаваную савецкую тактыку. Ціхенька, амаль непрыкметна ўвайшлі ў стары горад бульдозеры. Папрацавалі ўдарна. І ужо заместа старадаўняга будынку па вуліцы Рэвалюцыйнай – абнесеная агарожай пляцовачка новабудоўлі. Ніякага вэрхалу, ніякіх мітынгаў. Не падабаецца – пішыце скаргі ў пракуратуру. Яна ведае, што са скаргамі тымі рабіць.

Старога дома шкада?

Так, шкада. Пазамінулае стагоддзе. Не сярэдневечча, вядома, але ж і без гэтых дамкоў знявечаны Мінск наўрад ці будзе чым адрознівацца ад Астаны, што вырасла раптам у стэпе. Гораду патрэбна гісторыя. Без яе нельга жыць. Тым болей, у Еўропе. Але ж як сталіцы патрэбны яшчэ адзін адміністрацыйны гмах! Кіраўніцтва пладзіцца неверагоднымі тэмпамі. Ім, бедалагам, ужо няма дзе сядзець. Не на ўскраіне ж будаваць ім прытулак. Вунь на той жа Рэвалюцыйнай калісьці паставілі шматпавярховік, поўны рознастайнага чынавенства. Вядома, даўніной давялося ахвяраваць. Затое цяпер як зручна! І калі шчыра казаць – прыгожа. Зірнеш і разумееш – угору расце сталіца, будуецца.

Стаяў калісьці цераз вуліцу ад Купалаўскага тэатра самотны будынак ЦК адной незабыўнай партыі. І ўсё яе тутэйшае кіраўніцтва цудоўна месцілася там. А потым нібы нейкая таямнічая бацыла трапіла ў той гмах. Адбыўся партыйна-дэмаграфічны выбух. Кіраўніцтва пачало памнажацца неверагодна. Да ранейшага будынка дабудавалі яшчэ адзін. Мала! Ужо ў найноўшыя часы замкнулі яго па перыметры новымі карпусамі. Зноў цесна. І ўжо чуткі пайшлі, што будынак былой рэспубліканскай бібліятэкі збіраюцца знесьці. Выдатны ўзор канструктывісцкай архітэктуры? А каго гэта ў сённяшнім Мінску хвалюе? Кіраўніцтву тэрмінова спатрэбілася на тым месцы ўзвесці ўсё той жа “адміністрацыйны корпус”. На іншых пляцоўках будаваць яго нельга. Чынавенства павінна месціцца кампактна. Каб у выпадку нечаканай небяспекі ўстаць усім разам жывым шчытом перад навалай і абараніць роднае гняздо.

На фотаздымках Мінска сорак чацвертага года добра бачна, у якім стане быў горад пасля выгнання немцаў. Так, значныя былі разбурэнні. Але ж на тых здымках бачна і тое, што гістарычны цэнтр можна яшчэ аднавіць. І гэта было найпершым клопатам беларускай інтэлігенцыі. Вядомыя пісьменнікі, мастакі, архітэктары пайшлі да першага сакратара ЦК Панцеляймона Панамарэнкі. Дэлегацыю ён ўважліва выслухаў. І нават прызначыў дзень, калі прыме ўсіх зноў, каб абмеркаваць канкрэтныя прапановы па аднаўленні даўніны. А напярэдадні лёсавызначальнай сустрэчы паслаў куды трэба сапёраў з выбухоўкай. І даўніна ператварылася ў друз. Разам з надзённым пытаннем аб яе аднаўленні.

Хто толькі не адзначыўся на знішчэнні гістарычнай спадчыны на гэтай зямлі. У Першую сусветную царскія войскі, адступаючы, атрымалі загад пакінуць ворагу толькі выпаленую зямлю. Насельніцтва сілай выганялі ў глыб Расіі. Як толькі людзі пакідалі мястэчка ці вёску, будынкі падпальвалі казацкія раз’езды. Калі нават адукаваныя царскія афіцэры, праводзячы звычайную прыстрэлку гармат, у якасці цэляў вызначалі вежы касцёлаў, што ўжо гаварыць пра набрыдзь больш позняга часу. Сустракаючыся з мясцовым кіраўніцтвам па праграме афіцыйнага візіту ў Мінск, Мікіта Хрушчоў нечакана спытаў: а дзе тут у вас гістарычны цэнтр? Кіраўніцтва, якое толькі што атрымала найвышэйшае ўказанне канчаткова перайсці на расійскую мову, зразумела і гэта па-свойму, як загад. І пачало паслядоўна разбураць усё тое, што яшчэ засталося. Інерцыя знішчэння была настолькі моцнай, што наогул выйшла з-пад кантролю. На доўгія гады. І змена чынавенскіх пакаленняў на яе ўжо не ўплывае. Стары горад знікае незваротна. А на месцы даўніх муроў уздымаюцца пачварныя новабуды, ператвараючы старажытны Мінск у горад без аблічча.

Калісьці Антон Чэхаў наведаў Таганрог. У той час там яшчэ жыў ягоны бацька. Ужо вядомага літаратара, якога вёз па вуліцы рамізнік, спыніў прыстаў. Ад паўнаты душы, каб падзяліцца думкамі са сталічным чалавекам. Прывітаўшыся, зазначыў глыбокадумна: “Эх, Антон Паўлавіч, харошы ў нас горад! Толькі любіць у ім нечага”. Антон Паўлавіч сваёй руплівай працай тую хібу горада напэўна ж неяк выправіў. Але хто б мог падумаць, што праз нейкае стагоддзе словы таго прыстава спраўдзяцца напоўніцу. Далёка на захадзе. У цэнтры Еўропы. У краіне, дзе пануюць варвары.

“Менск мой бялюткі…”

Написать комментарий 5

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях