9 января 2025, четверг, 10:54
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Федор Лукьянов: «Пространство Лукашенко для маневра объективно сужается»

6

Какая логика стоит за внезапным разворотом белорусских властей к политическим "заморозкам"? Какую роль отыгрывает российский фактор в сегодняшней политической ситуации в Беларуси?

З гэтымі пытаньнямі журналіст “Радыё Свабода” Юры Дракахруст зьвяртаецца да намесьніка рэдактара “Белгазеты” Віктара Марціновіча, нямецкага палітоляга Марціна Шэна і рэдактара часопісу «Россия в глобальной политике» Фёдара Лук'янава.

Дракахруст: Калі распачаўся дыпляматычны канфлікт Менску з Вашынгтонам, многім здавалася, што Аляксандар Лукашэнка спрабуе згуляць на супярэчнасьцях паміж ЗША і Эўразьвязам, варагуючы з аднымі і наладжваючы адносіны зь іншымі.

Лукашэнка асабіста вёў перамовы з паслом Нямеччыны ў Менску, кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Мартынаў сустракаўся ў Бэрліне з кіраўніцтвам нямецкага МЗС, шасьцёра палітвязьняў выйшлі на волю. І раптам – брутальны разгон маніфэстацыі на 90-годзьдзе БНР і масавыя ператрусы ў офісах замежных тэле- і радыёканалаў і ў кватэрах іх карэспандэнтаў.

Тут ужо нават самыя вялікія эўрапейскія прыхільнікі дыялёгу з афіцыйным Менскам разводзяць рукамі – ну што тут зробіш, ну ня хочуць людзі, дакладней, адзін чалавек датрымлівацца хоць якой прыстойнасьці. МЗС Нямеччыны выступіла з рэдкай для яго заявай. І адразу – чарговы раўнд дыпляматычнай вайны з Амэрыкай, новае патрабаваньне аб скарачэньні пэрсаналу пасольства, цяпер ужо да 7 чалавек.

Якая палітычная лёгіка такой зьмены пазыцыі Менску, чаго і якім чынам ён зьбіраецца дамагчыся?

Марціновіч: Сапраўды, тое што адбылося, не ўкладаецца ў лёгіку мінулых палітычных падзеяў у Беларусі, падзеяў па меншай меры апошніх 6 месяцаў. Самае прыгожае тлумачэньне гэтага павароту, якое я чуў – гэта кланавая вэрсія. Паводле яе апошнія падзеі абумоўленыя старым супрацьстаяньнем паміж сілавымі групоўкамі, паміж МУС і КДБ. Яны спаборнічалі ў дэманстрацыі прэзыдэнту, хто зь іх больш «круты» ў абароне дзяржаўнага парадку ў Беларусі. На карысьць гэтай вэрсіі гаворыць тое, што 25 сакавіка жорсткія дзеяньні міліцыі пачаліся раптоўна.

Але гэтая вэрсія не тлумачыць, чаму гэтае спаборніцтва паміж «сілавікамі» не выходзіла з-пад коўдры, чаму мы ўжо працяглы час ня бачылі такой крыві на вуліцах і такіх ператрусаў у кватэрах журналістаў замежных мэдыяў.

У мяне ёсьць адчуваньне, што цягам апошніх месяцаў палітыка Беларусі генэравалася не самім Лукашэнкам, а ягоным атачэньнем, дакладней, часткай гэтага атачэньня, якую з доляй умоўнасьці можна назваць лібэральнай. Відавочна, што ідэя дыялёгу з Эўропай была высунутая не Лукашэнкам, ён відавочна адчуваў сябе няёмка, калі казаў пра эўрапейскую інтэграцыю. Ён больш утульна адчувае сябе ў кантэксьце інтэграцыі з Расеяй. А зараз сапраўдны Лукашэнка вярнуўся. І тое, што мы цяпер бачым, гэта рэалізацыя стандартнай палітыкі a la Лукашэнка, палітыкі жорсткай, прамой і пры гэтым эфэктыўнай. Чаму ж ён адмовіўся ад лініі, прапанаванай «лібэраламі» ў ягоным атачэньні?

На мой погляд, гэта абумоўлена адным чалавекам – Аляксандрам Казуліным. Вось гэтая тактыка «лібэралаў» упёрлася ў фэномэн Казуліна, калі б яго вызвалілі і ён зьехаў у Нямеччыну, то ў нас бы і цяпер працягваўся дыялёг з Эўропай і ні пра якія брутальныя разгоны дэманстрацый і перасьлед журналістаў не было б і гаворкі.

Шэн: Можна пагадзіцца зь Віктарам, што існуе момант кланавай барацьбы, што існуе суперніцтва паміж «галубамі» і «ястрабамі» ў ягоным атачэньні. Але мне таксама спадабалася вэрсія, паводле якой у рэжыму ёсьць уласная лёгіка і Лукашэнка робіць тое, што ён заўсёды ўмеў рабіць лепш за ўсё – гэта гуляць, гуляць на палітычным полі. Пры гэтым ЗША тут не вырашальны гулец. Тут ёсьць клясычны трохкутнік: Беларусь- Эўразьвяз-Расея.

Многія меркавалі, што Менск выкарыстоўвае эўрапейскі варыянт менавіта дзеля таго, каб гуляць з Расеяй. Аляксандар Лукашэнка выдатна ведае, што рэальнага збліжэньня з ЭЗ у яго ня можа быць, бо краіны-чальцы ЭЗ дамовіліся паміж сабой на гэтыя 12 патрабаваньняў. Зразумела, што яны ня могуць быць выкананыя. Лукашэнка можа паразмаўляць з тым або іншым паслом, можа паказаць сваю добрую волю, вызваляючы палітвязьняў, але раней ці пазьней ён павінен закруціць гайкі хаця б дзеля таго, каб паказаць апазыцыі, што ёй нельга надта свабодна сябе паводзіць.

Так што сярод прычынаў, якія прымусілі Лукашэнку так паступіць, ёсьць унутрыпалітычныя – паказаць сілам унутры Беларусі, што ня будзе сцэнару, на які шмат хто разьлічваў, што зараз пачнецца лібэралізацыя, што нарэшце адбудуцца вольныя выбары і гэтыя сілы прыйдуць да ўлады. А другі чыньнік – зьнешнепалітычны, апошнімі дзеяньнямі ён гаворыць Эўразьвязу: «Я ня буду гуляць па вашых правілах, я вам пайшоў насустрач, вы крок у адказ не зрабілі, дык гэта мая краіна, я тут гаспадар і я сам вырашаю, што мне тут рабіць».

Рэакцыя ЭЗ на гэты паварот паказвае, што ў Эўразьвязе да гэтага не былі гатовыя. Там чакалі, што будзе адкрыцьцё Беларусі, будзе збліжэньне, чакалі, што Менск будзе паводзіць сябе так, як звычайна паводзім сябе мы, калі вядзем перамовы – што ніхто ня робіць крокаў назад. Але Лукашэнка не гуляе па гэтых правілах, і цяпер у ЭЗ назіраецца пэўная разгубленасьць, там ня ведаюць, што рабіць.

Лук'янаў: Я ня вельмі разумею лёгіку апошніх падзеяў, але ня выключаю, што гэты ланцужок дзеяньняў зьвязаны зь першапачаткова памылковым разьлікам Лукашэнкі. Бо калі ён сапраўды лічыў, што Беларусь здольная гуляць у «кепскую Амэрыку і добрую Эўропу», то мне здаецца, што ён проста неадэкватна ацэньвае сытуацыю. Часткова падобную палітыку магла б праводзіць Расея. Да яе можна ставіцца як заўгодна, але яе немагчыма ігнараваць. Пры гэтым варта сказаць, што Расея, калі і спрабуе гуляць на супярэчнасьцях паміж ЗША і ЭЗ, то робіць гэта вельмі асьцярожна.

Аляксандар Рыгоравіч вельмі пераацэньвае значнасьць Беларусі – ніхто ня будзе ладзіць складаныя інтрыгі, асабліва калі гэта тычыцца такіх шчыльных саюзьнікаў, як ЗША і Эўропа, дзеля Беларусі, пры ўсёй павазе да гэтай дзяржавы.

Магчыма, зразумеўшы, што гэты плян не атрымліваецца, Лукашэнка пакрыўдзіўся, і вось вынік – эмацыйная рэакцыя на камбінацыю, якая не атрымалася.

Дракахруст: І – пра расейскі “кут” трохкутніка Эўразьвяз-Беларусь-Расея. Сэнсацыяй стала заява расейскага пасла Сурыкава, што падвышэньне ад 1 красавіка цаны на газ для Беларусі з 119 да 128 даляраў за тысячу кубамэтраў – апошняе ў гэтым годзе. 128 – гэта вельмі малая лічба ня толькі ў параўнаньні з цаной, скажам, для Ўкраіны, здаецца і паводле базавай дамовы ад сьнежня 2006 году, дзе зьмена формулы цаны расьпісаная да 2011 году і паводле якой Беларусь ужо сёлета павінна плаціць даляраў 200. Дык як трэба разумець гэты жэст? У якой ступені наагул сытуацыяй у беларуска-расейскіх адносінах можна патлумачыць і беларуска-амэрыканскую дыпляматычную вайну і чарговыя палітычныя “замаразкі” ў Беларусі?

Марціновіч: Я б зьвярнуў увагу на тое, што візыт расейскага прэм'ера Віктара Зубкова адбыўся ў акурат напярэдадні жорсткіх дзеяньняў, якія скончылі беларускую “адлігу”. Ужо тады Мікола Статкевіч сказаў, што мы будзем ведаць, як будзе паводзіць сябе міліцыя па выніках візыту Зубкова. Калі цану на газ падвысяць істотна, то ўсё будзе добра. Калі кошт не падвысіцца ці падвысіцца не нашмат, то будуць лютаваць. Так і адбылося: цана падвысілася не нашмат, міліцыянты лютавалі, “адліга” пачала канчацца.

Можа, сваю ролю адыграў і той факт, што Беларусь цяпер публічна сварыцца з Амэрыкай, і Расеі гэта прыемна. Але адзінае, пра што можна казаць дакладна, дык гэта пра ўзаемасувязь паміж цаной на газ і ступеньню дэмакратыі ў Беларусі. Калі расейскі газ будзе танным, дэмакратыі тут ня будзе, бо ў Беларусі ня будзе патрэбы кантактаваць з Эўропай. І “лібэралы” ў атачэньні Лукашэнкі ня будуць мець важкіх аргумэнтаў, каб запэўніць, што такі дыялёг патрэбны.

Мае расейскія калегі кажуць, што недзе да верасьня ўжо будзе канчаткова зразумелая новая канфігурацыя расейскай улады. І вось тады гэтая ўлада вернецца да беларускага пытаньня і пачне падвышаць кошт на газ. І цяперашнія словы Сурыкава тут нічога не гарантуюць, бо ён не зьяўляецца пэрсонай, якая прымае такія рашэньні”.

Шэн: Прынцыпова я згодны з Віктарам. Але я б не пагадзіўся з тым, што гэтая цана на газ і наагул паводзіны Расеі могуць разьвівацца ў такі бок, што будзе дэмакратызацыя Беларусі ў сэнсе лібэралізацыі палітычнай сыстэмы. Мне здаецца, што Расея не зацікаўленая ў дэмакратызаванай Беларусі, Беларусі, якая набліжаецца да Эўропы. Расеі гэта нецікава, бо яна пры гэтым губляе ня толькі палітычнага сатэліта, але і даволі карыснага палітычнага партнэра. Гэта рынак збыту, гэта магчымасьць інвэставаць свой капітал. І таму нават калі Расея пойдзе на паступовае падвышэньне цэн для Беларусі да рынкавых, але гэта будзе суправаджацца захадамі, якія будуць падтрымліваць зацікаўленасьць Лукашэнкі быць больш блізкім да Расеі, чым да Эўропы: будуць танныя крэдыты, будуць іншыя субсыдыі. Расея ня будзе паводзіць сябе так, каб згубіць Беларусь.

Цяперашняе мізэрнае падвышэньне на газ можна патлумачыць тым, што цяпер расейскай эліце непатрэбныя ніякія забурэньні, ніякія публічныя спрэчкі з “братамі”.

Яшчэ невядома, як пэўныя групоўкі эліты будуць рэагаваць на Мядзьведзева, якую рэальную ролю будзе адыгрываць Пуцін у новай сыстэме ўлады. Пакуль гэта ня высьветліцца, Расея будзе весьці сябе спакайней.

Калі казаць наагул, то мне здаецца, што Лукашэнку выгадна гуляць і з Эўразьвязам, і з Расеяй і не далучацца ні да кога. Мне здаецца, што гэта яго ніша, і ён проста выдатна гуляе на гэтым полі. І пакуль я ня бачу сур'ёзных падставаў, чаму гэтая гульня павінна скончыцца”.

Лук'янаў: Сапраўды, абвешчанае падвышэньне выглядае больш чым гуманным. Пры тым, што цэны растуць і Расея ўсяляк нагадвае сваім кліентам, што рынак дыктуе свае законы, што да Беларусі, то тут, нягледзячы на нядаўнія канфлікты, падыход вельмі мяккі. Я мяркую, што прычына тут у тым, што Расея пры новым прэзыдэнце будзе дзейнічаць гэтак жа, як і пры старым, але будзе імкнуцца быць больш вытанчанай.

Тое, што Беларусі даецца больш прывілеяваны цэнавы статус, безумоўна, ня можа не базавацца на нейкіх чаканьнях Расеі адносна Беларусі.

Я мяркую, што будзе ўзяты курс на тое, каб Беларусь рабілася ўсё больш залежнай ад Масквы. Залежнасьці эканамічнай, бо што тычыцца залежнасьці палітычнай, то гэта цяпер зусім непапулярна ў Крамлі, бо ўсе зразумелі, што гульня з суседнімі краінамі ў сяброўства, ў саюзьніцтва, нічога не дае.

А вось эканамічная залежнасьць – наадварот, што паказаў досьвед апошніх гадоў, калі Расея рэзка ўзьняла цэны і заняла бескампрамісную пазыцыю. Папулярнасьці Расеі гэта, зразумела, не дадало, але вельмі выразна паказала межы як самастойнасьці многіх краін постсавецкай прасторы, так і межы здольнасьці і гатовасьці Захаду штосьці рабіць на постсавецкай прасторы. Адна справа – гэта абстрактна патрабаваць дэмакратызацыі, іншая справа – уваходзіць у жорсткае супрацьстаяньне з Расеяй і браць на сябе выдаткі постсавецкіх краін, якія церпяць ад расейскіх дзеяньняў. Вось наконт апошняга ў Захаду аказалася вельмі мала жаданьня.

Я мяркую, што пры наступным прэзыдэнце Расея паспрабуе капіталізаваць гэтае разуменьне многіх краін, што ўсё значна больш сур'ёзна, чым здавалася. Капіталізаваць не абавязкова ў сэнсе больш жорсткай пазыцыі. У гэтым кірунку ёсьць пэўная мяжа, пасьля якой жорсткая пазыцыя пачынае працаваць наадварот, як гэта адбываецца з Грузіяй. Расейская пазыцыя, калі яна будзе больш гнуткай і нюансаванай і ў большай ступені абапірацца на мяккую моц, можа стаць больш эфэктыўнай.

Але наколькі такім чынам атрымаецца ад Беларусі нечага дамагчыся – зусім не відавочна. Лукашэнка за доўгі тэрмін узаемадзеяньня з Масквой паказаў сябе чалавекам настолькі спрактыкаваным у невыкананьні любых абавязацельстваў, што цяжка чакаць, што ягоныя таленты зараз кудысьці падзенуцца.

Хаця мне здаецца што ягоная прастора для манэўру аб'ектыўна звужаецца. Эканамічна Расея ўсё больш асэнсоўвае свае інтарэсы, а што тычыцца Захаду, то там усё менш шанцаў на тое, што атрымаецца збудаваць нешта новае, па меншай меры да таго часу, пакуль у Беларусі застаецца Лукашэнка.

Написать комментарий 6

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях