Подлость без алиби
2- Андрей Расинский, «Наше мнение»
- 28.04.2008, 13:32
Самый «безвинный» судья всех времен и народов Понтий Пилат, который «ничего не мог», боялся болвана-кесаря и выслуживался перед империей, тоже считал, что нашел себе основательное алиби…
У сеціве абмяркоўваць, што скажуць судзьдзі, якія засудзілі бязьвінных дзяцей, дзецям уласным. Як паглядзяць ім у вочы і ці знойдуць, увогуле, словы?
Аматар Мураўёва-вешальніка такія словы знайшоў:
– Яны разумеюць, што рэвалюцыя НЕ адбудзецца, калі не даваць ёй адбыцца. Менавіта гэтае яны й робяць. «Што яны будуць гаварыць сваім дзецям?»– Як гэта што? Што выратоўвалі краіну ад…(патрэбнае падставіць).
Судзіць бязьвінных – подла. Подла – поўзаць перад дыктатарам і наступаць на горла сумленьню. Подла служыць мане.
Подласьць заўжды сабе знойдзе алібі.
І толькі праўда – безабаронная. Подласьць звычайная, распаўсюджаная – і пасіўная гаворыць, што «ўсе так робяць», «што я магла?», «мне дзяцей карміць трэба», «мне загадалі».
Подласьць актыўная гэтым не абмяжоўваецца. Яна знаходзіць сабе балвана-людажэра, на якога моліцца і ў якім шукае аховы. Гэты балван – «расавая ідэя», імпэрыя, якая дохне ці «шчасьце агульнага камунізму».
Гітлер – перад магілай – не прызнаў уласных правінаў, крычаў у тастаменце пра жыдоў і заклікаў да новай разьні. Сталін палохаў паплечнікаў вайною, калі «бацькі народаў ня стане», а Мао Цзэдун захапляўся зьнішчэньнем філёзафаў даўнішнім імпэратарам.
Подласьць актыўная – кат, які ганарыцца сваімі забойствамі; і жыцьцё подласьці магчымае толькі, як быцьцё ката. Як шанаваньне ката, пеставаньне ката, пакланеньне кату, як гадаваньне катаў-нашчадкаў.
І сёньня ў нас пануюць нашчадкі катаў.
Толькі нельга будаваць трывалы дом на ілжы і гвалце. Чым мацней ціснуць, тым верагодней сарваць разьбу – ажно, каб гаспадар чыноўных марыянэтак пайшоў паўтараць апошнія подзьвігі Чаўшэску (чаго, шчыра кажучы, зычыць ня варта).
А несумленныя судзьдзі дзецям сваім нічога не скажуць.
Які гонар для ціхае подласьці выглядаць гнюснай прыстасаванкаю? Навошта выхваляцца гнуткасьцю паўзуновых сьпінаў і рукамі па локці ў лайне?
Ну, а подласьць «з гонарам», у лепшым выпадку, паўторыць лёс Мураўёва-вешальніка. Яго і пры жыцьці не шанавалі – а па сьмерці, увогуле, пазабылі. Былым гаспадарам ён і блізка ня трэба, а краіна, дзе ён шчыраваў, яго пракляла.
Самы «бязьвінны» судзьдзя ўсіх часоў і народаў Понцій Пілат, які «нічога не мог», баяўся балвана-кесара і выслужваўся перад імпэрыяй, таксама лічыў, што знайшоў сабе грунтоўнае алібі. Нават рукі публічна мыў. Але гэта, наўрад ці, дапамагло яму ў гэтым жыцьці, а тым болей – у іншым.
Заканамерны вынік для подласьці. І адсутнасьць для яе ўсялякага алібі.