1 300 омоновцев - для охраны «Славянского базара»
13- 10.07.2008, 14:44
Хоть фестиваль еще и не начался, охранники правопорядка и сотрудники МЧС работают уже в усиленном режиме. Милиционеров в Витебск свозят со всей Беларуси.
Сюды скіравалі "дэлегацыі" з усіх райцэнтраў вобласьці, салдатаў, якія праходзяць службу ва унутраных войсках, і сталічных амапаўцаў. Ад пачатку гэтага тыдня нават на аддаленых ад цэнтру горада вуліцах можна сустрэць вулічныя патрулі. Яны складаюцца, як правіла, з трох асобаў: два амапаўцы з дубінкамі і ўзброены міліцыянт, паведамляе Bulletinonline.
Апрача гэтага, за правапарадкам у горадзе сочаць супрацоўнікі ў цывільным, карыстаючыся нібыта "неслужбовым" транспартам – аўтамашынамі, якія ня маюць міліцэйскай афарбоўкі.
Паводле начальніка МУС віцебскага аблвыканкаму Леаніда Фармагея, у горадзе ўключаныя 50 камэр відэанізіраньня, а ўваходы на галоўныя сцэнічныя пляцоўкі фестывалю аснашчаныя металадэтэктарамі.
"Будзе задзейнічана больш за 1300 супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. У розных месцах горада ў рэжыме рэальнага часу сітуацыю будуць адсочваць 53 стацыянарныя відэакамеры, акрамя таго, здымаць на відэа будуць нашы супрацоўнікі з машын без спецафарбоўкі", -– паведаміў Леанід Фармагей.
У гледачоў амфітэатру, як і летась, будуць правяраць сумкі, і не дапусьцяць у амфітэатр тых, хто нясе з сабою напоі ў шкляным посудзе, а таксама тых, хто захоча трапіць на канцэрт у нецьвярозым стане. На ўваходзе ў амфітэатр будуць дзяжурыць сапёры з сабакамі, навучанымі шукаць выбухованебясьпечныя прадметы.
Пасьля выбуху падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня незалежнасьці ў Менску у самых людных месцах абласнога цэнтру – на вакзале, кірмашах, а ў перспектыве гэтак будзе і ў раёне летняга амфітэатру – гучаць папярэджаньні пра небясьпеку. Мінакоў заклікаюць быць пільнымі: не дакранацца да рэчаў падазронага выгляду, не тэлефанаваць з мабільных тэлефонаў паблізу ад такіх падазроных прадметаў, каб не справакаваць выбуху, зьвяртацца да міліцыянтаў, як толькі нешта незвычайнае на выгляд трапіць у поле зроку.
Адказнасьць за бясьпеку жыхароў і гасьцей Віцебска разам з міліцыянтамі нясуць і падраздзяленьні МНС. Выратавальнікі гэтаксама будуць дзяжурыць на ўсіх фестывальных пляцоўках і месцах адпачынку. Пасьля аварыі на каруселі ў менскім Парку Чалюскінцаў на іх ускладзеныя абавязкі праверыць усе канструкцыі, якія могуць стаць прычынай надзвычайных здарэньняў, і перадусім – дэкарацыі сцэны і мантаж абсталяваньня ў летнім амфітэатры.
Падчас прэсавай канфэрэнцыі, якую праводзілі адказныя службы, журналісты запыталіся, ці будзе праводзіцца "зачыстка" горада ад "сацыяльна небясьпечных элементаў". Прадстаўнікі МУС адказалі, што ня будуць "ганяць" бамжоў, а аматараў алькаголю будуць агітаваць за цьвярозасьць. Прынамсі, 16 ліпеня ў межах фестывалю будзе праводзіцца адмысловы "Дзень цьвярозасьці".
Аднак у апошнія дні пад пільную ўвагу міліцыянтаў трапіў не "сацыяльны небясьпечны элемент", а віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда, які штодня распаўсюджвае незалежную прэсу ў цэнтры гораду каля так званага "сіняга дому" – дом №28 па вуліцы Леніна. Пачынаючы з 8 ліпеня, спадара Хамайду міліцыянты штодня забіраюць у Чыгуначны РАУС. Там яму настойліва раяць "узяць адпачынак" на час "Славянскага базару" – каб не трапляцца на вочы прадстаўнікам урадавых дэлегацый ды іншым наведнікам фестывалю, якіх дзяржаўныя СМІ ўпарта пераконваюць, што Беларусь – гэта ўвасабленьне стабільнасьці і бясьпекі.