Міхаіл Голасаў: «Хочам зрабіць у Беларусі універсітэт з сусветнага ўзроўню выкладаннем эканомікі»
4- 28.12.2009, 11:25
На 28—29 снежня ў Мінск з’ехаліся эканамісты з сусветным імем. Іх яднае беларускае паходжанне. І жаданне зрабіць штосьці для Беларусі.
З Міхаілам Голасавым, прафесарам эканомікі Йельскага універсітэту (ЗША) гутарыць газета «Наша Ніва».
-- Раскажыце, калі ласка, трохі пра сябе.
-- Я нарадзіўся ў Віцебску. Вучыўся ў Мінску ў Эканамічным універсітэце. Потым аспірантуру і дактарантуру праходзіў у ЗША. Спачатку было цяжка, бо не было добрай першапачатковай базы. Даводзілася з нуля фактычна вучыць эканоміку, матэматыку.
-- Наша адукацыя такая слабая?
-- Не, я б не сказаў. Справа ў тым, што БДЭУ больш сабой нагадвае бізнес-школу. Ён рыхтуе спецыялістаў у вельмі вузкай сферы. Скажам, банкаўскай справе. І выпускнік наргасу гатовы адразу пасля выпуску ісці працаваць у банк. А займацца эканомікай на навуковым узроўні, то да гэтага я быў негатовы. Застаўся ў ЗША, бо хацеў на сур’ёзным узроўні займацца эканомікай. Нават еўрапейскія ўніверсітэты значна адстаюць ад амерыканскіх у навуковым плане. Выкладаць я пачынаў у Масачасусетсе, Гарвардзе. Цяпер вось у Йельскім універсітэце.
-- А беларусаў-выкладчыкаў у гэтых ВНУ сустракалі?
-- Мала. Значную частку мы паклікалі на канферэнцыю, якую будзем праводзіць у Мінску ў панядзелак. Сёння ў нас у базе 29 беларускіх выкладчыкаў з заходніх універсітэтаў, якія займаюцца эканомікай. Праўда, у нас няма звестак па Брытаніі. Але агулам гэтая лічба складае, думаю, каля 40 чалавек. Некаторых ведаю, з некаторымі стасаваліся толькі па электроннай пошце, з трэцімі — сустрэнуся ўпершыню ў Мінску. Адносна таго, што мы прадстаўлялі сабе раней, то гэта шмат. Аднак, тых жа чэхаў нашмат болей. Я гавару толькі пра эканоміку. Пэўна, у матэматыцы, дакладных навуках беларускіх выкладчыкаў больш.
-- Вас не запрашалі яшчэ папрацаваць у беларускім урадзе? І ці было б цікава Вам гэта?
-- Не, не запрашалі. У прынцыпе, было б цікава. Апроч выкладання, я таксама працаваў у Федэральнай рэзервовай сістэме, маю досвед.
-- А што гэта будзе за канферэнцыя 28 снежня?
-- Мы хочам арганізаваць протауніверсітэт, ці, дакладней курсы, на якіх выкладанне эканомікі будзе праходзіць на сур’ёзным сусветным узроўні. Канферэнцыя 28—29 снежня — гэта першы крок для дасягнення гэтай мэты. Хочам абазначыць сваю ініцыятыву. Можа, з’явяцца яшчэ зацікаўленыя людзі. Гэтая ідэя ўзнікла падчас сустрэчы ў Рыме паміж мной, Алегам Цывінскім (яшчэ адзін прафесар Йельскага ўніверсітэту беларускага паходжання — НН) і Паўлам Данейкам (беларускі эканаміст, рэктар Moscow Business School — НН). Ужо існуючы сёння BEROC (Беларускі эканамічны даследча-адукацыйны цэнтр — ангельская абрявіятура BEROC — НН) — гэта першы крок да стварэння такой праграмы, да стварэння навуковага даследчага цэнтру. Праграма ж будзе створаная, калі мы ўбачым пакет беларускіх прафесараў, якія змогуць там працаваць. Не проста харошых выкладчыкаў, але і для якіх важны лёс краіны. Плануем адкрыццё гэтай праграмы ў 2011 ці 2012 годзе. Усё будзе залежыць ад фінансавання, юрыдычнага статусу. Нацбанк прапануе для гэтай праграмы пляцоўку Палескага універсітэту ў Пінску.
-- Гэта будзе магістарская праграма? Ці бакалаўраў таксама будзеце рыхтаваць?
-- Пакуль вядзецца гаворка пра падрыхтоўку магістраў эканомікі. Насамрэч я не думаю, што мы пацягнем падрыхтоўку бакалаўраў. Зрабіць жа кароткую якасную магістарскую праграму не так і цяжка. Трэба не так шмат людзей выкладчыкаў, а таксама не так шмат студэнтаў (група 20–30 чалавек).
-- Вы разлічваеце на нейкую фінансавую выгаду ад гэтай ідэі?
-- (Смяецца.)
-- Праграма будзе рыхтаваць кадры для Беларусі ці для Захаду?
-- Для Беларусі. Гэта цікава нам як беларусам.
-- А нейкія дамовы з імі ёсць?
-- Мы толькі пачынаем весці размовы з рознымі дзяржаўнымі арганізацыямі. Пакуль можна сказаць, што інтарэс выказваюць усе.
-- А якая будзе працоўная мова?
-- Англійская. Цяпер англійская стала мовай эканомікі ва ўсіх свеце. Вядучыя магістарскія праграмы Італіі, Іспаніі праходзяць на англійскай мове. Практычна ўся акадэмічная літаратура па-англійску.
-- А чаму для Вас асабіста так важная гэтая праграма?
-- Напэўна, таму, што я адсюль.
-- Дазвольце таксама некалькі пытанняў на актуальныя тэмы. Як, на Вашу думку, крызіс зменіць сусветную эканоміку?
-- Я думаю, што ў заходніх краінах, дзе да гэта ішла хваля на лібералізацыю эканомікі, на нерэгуляванне, то цяпер ківач скіруецца ў іншы бок. І дзяржава будзе граць большую ролю ў эканоміку. Цяпер нацыянальная запазычанасць узрасла ў ЗША, у еўрапейскіх краінах, то трэба будзе ці падымаць падаткі, ці чакаць інфляцыі. Гэта прывядзе да дастаткова маруднага росту эканомікі. Гэта прагноз на каротка- ці сярэднетэрміновую перспектыву. Марудны рост у заходніх краінах таксама замарудзіць рост цэнаў на нафту, на іншыя сыравіну.
-- А Кітай будзе рухацца ў ранейшым тэмпе?
-- З Кітаем цяжка нешта адгадаць. Думаю, што нейкі час ён будзе рухацца ў цяперашнім тэмпе. У Кітая хапае сваіх праблем, якія трэба вырашаць. Кітай стартаваў з вельмі нізкай кропкі і вельмі хутка рос. У прынцыпе, расці з нізкай кропкі прасцей, чым з больш высокай. І чым больш Кітай будзе развівацца, тым больш у яго будзе праблем, з якімі цяпер сутыкаюцца багатыя краіны — праблемы няроўнасці, сацыяльнай сферы.