Запаветы Iвана Луцкевіча
3- 26.08.2009, 15:14
90 гадоў таму ў польскім Закапанэ пасля працяглай хваробы памёр адзін з пачынальнікаў беларускага руху 20 стагоддзя, заснавальнік Беларускай сацыялістычнай Грамады Iван Луцкевіч.
Іван Герман Луцкевіч (такое было яго поўнае імя) прадчуваў сваю смерць, піша «Народная Воля»
Прыехаўшы ў сакавіку 1918 года ў Менск (так тады называўся горад) і сустрэўшыся з членамі сваёй партыі і Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, узяўшы ўдзел у абвяшчэнні незалежнасці Беларусі як прадстаўнік Віленшчыны, ён вяртаўся ў нашу старажытную сталіцу са словамі: "Ну, дык цяпер нам і паміраць ужо можна!.."
Да смерці Іван Луцкевіч ставіўся стаічна.
Маючы ў сваім распараджэнні немалыя скарбы — памяткі беларускай мінуўшчыны, якія склалі потым аснову Беларускага музея ў Вільні, ён, хворы на сухоты, мог сёе-тое прадаць і за атрыманыя грошы палепшыць сваё матэрыяльнае становішча, пераехаць у якую курортную мясціну і забяспечыць сабе добрыя догляд і лячэнне. Але, як сведчыў адзін з яго паплечнікаў, доктар Ян Станкевіч, Іван Луцкевіч нават "не важыўся... палепшыць сабе жыццё". І толькі тады, калі сілы амаль зусім пакінулі яго, Іван Луцкевіч паддаўся на ўгаворы сяброў ды згадзіўся ехаць у Закапанэ. Прабыў ён там нядоўга — без двух дзён два месяцы.
Там, у Закапанэ, яму з'явіўся прывід смерці. Там ён, ідэйны сацыял-дэмакрат, упершыню за шмат гадоў спавядаўся і прычасціўся. 20 жніўня 1919 года 38-гадовы Іван Луцкевіч заснуў назаўсёды.
6 кастрычніка 1919 года ў віленскім касцёле Святога Яна служылі жалобную імшу за яго душу.
***
Тут не месца пераказваць жыццяпіс Івана Луцкевіча. Пасля доўгіх гадоў ахайвання ягонага імя ў бальшавіцкіх "навуковых" і прагандысцкіх выданнях цяпер кожны, хто жадае, можа прачытаць і ягоную біяграфію, і ўспаміны пра яго. Больш важна сёння засяродзіцца на тых маральных і палітычных запаветах, якія Іван Луцкевіч даў беларускім сацыял-дэмакратам і ўсім беларусам сваім жыццём і служэннем.
Усе сучаснікі Івана Луцкевіча сведчаць, што ён і ягоны брат Антон жылі ашчадна. Ва ўмовах падполля (1906—1908) і ў акупаванай Вільні (з 1915 года) яны жылі па-спартанску. У літаратуры згадваецца, наколькі ведаю, толькі адзін выпадак, калі браты Луцкевічы дазволілі сабе тое, што называецца калектыўнай выпіўкай. Гэта было 1 верасня 1906 года. Прычына была гістарычная: выйшаў першы нумар першай беларускай газеты "Наша Доля". І калі на стале з'явілася бутэлька (прынесеная, здаецца, Францішкам Умястоўскім), прысутная марксістка і паэтэса Цётка паставілася да гэтага вельмі і вельмі няўхвальна. Бадай, адзіная "раскоша і слабасць" Івана Луцкевіча — курэнне.
Іван Луцкевіч быў, кажучы па-сучаснаму, бізнесменам. Ад бацькі яму і брату перайшлі сціплыя сродкі. Іх хапіла да 1906 года. Маючы з дзяцінства цікавасць да старасветчыны і адпаведную адукацыю (скончыў Археалагічны інстытут, вучыўся ў Вене ў вядомага славіста Ватраслава Ягіча), Іван Луцкевіч купляе і прадае антыкварыят. Заробленыя грошы ён "аддае на беларускую справу, у тым ліку на куплю беларускіх старавечных памяткаў, каторымі не гандлюе" (Ян Станкевіч).
Акрамя куплі беларускіх рарытэтаў (каб набыць Статут Вялікага Княства Літоўскага, яму давялося нелегальна пераходзіць аўстрыйскую мяжу), Іван Луцкевіч меў і іншыя артыкулы выдаткаў.
Найпершы і самы галоўны — утрыманне газеты "Наша Ніва". Гэтая газета Беларускай сацыялістычнай Грамады выходзіла блізу дзевяці гадоў запар, і толькі набліжэнне нямецкіх войскаў да Вільні спыніла яе выхад.
Уладзімір Ленін пісаў, што газета з'яўляецца не толькі калектыўным прапагандыстам і калектыўным агітатарам, але і калектыўным арганізатарам. Быў час (1990-я гг.), калі некаторыя нашы дэмакраты пасмейваліся з гэтага тэзіса. Цяпер, мусіць, не адна дэмакратычная партыя шкадуе, што не здолела наладзіць выпуск добрага партыйнага выдання. Асабліва пра гэта мусіць шкадаваць БНФ, лідэр якога Зянон Пазьняк "угробіў" у 1992 годзе газету "Навіны Адраджэння", якая сама-сама набірала папулярнасць.
У гады рэакцыі і новага рэвалюцыйнага ўздыму, калі Беларуская сацыялістычная Грамада мусіла працаваць у падполлі, "Наша Ніва" была тым легальным асяродкам, вакол якога гуртаваліся ўсе беларускія патрыятычныя сілы. Людзі правых перакананняў калі і не гуртаваліся вакол газеты, дык зведалі яе немалы ўплыў. (Беларускія католікі — аснова будучай Беларускай хрысіцянскай дэмакратыі — здолелі наладзіць выпуск сваёй газеты "Bielarus" толькі ў 1913 годзе.)
"Наша Ніва" была галоўным, але не адзіным органам БСГ. У 1912 годзе нашаніўцы наладзілі выпуск рускамоўнай "Вечерней Газеты" і польскамоўнай "Kurjer Krajowy". Гэтыя газеты неслі беларускія ідэі абмаскоўленым і апалячаным суродзічам. Апрача таго, дзеячы БСГ выдавалі сельскагаспадарчы і маладзёжны часопісы "Саха" і "Лучынка". У планах быў выпуск часопісаў для жанчын і дзяцей, але сусветная вайна не дала ажыццявіць гэтыя намеры. Калі газеты выходзілі ў Вільні, дык Менск стаў "часопіснай сталіцай".
Апрача газет і часопісаў, быў арганізаваны выпуск кніг. У той час як у Санкт-Пецябургу актыўна працавала заснаваная Вацлавам Іваноўскім выдавецкая суполка "Загляне сонца і ў наша аконца", у Вільні беларускія кнігі выходзілі ў выдавецтвах "Наша Хата" (1908—1911) і "Наша Ніва" (1907—1913), на базе якога ў 1913 годзе было заснавана Беларускае выдавецкае таварыства.
Натуральна, не ўсе выдавецкія праекты ажыццяўляліся за кошт Івана Луцкевіча. Пэўная дапамога прыходзіла ад заможных беларусаў, у тым ліку ад паноў: Эдварда Вайніловіча, Тэрэзы Гардзялкоўскай, Антона Івашэўскага, княгіні Магдалены Радзівіл, Рамана Скірмунта ды іншых. Тут важна тое, што "матор" беларускай справы Іван Луцкевіч і ягоныя таварышы ўмелі знайсці патрэбных людзей і наладзіць з імі добрыя кантакты.
Можна сцвярджаць, што дзякуючы добра наладжанай выдавецкай справе паўстала да жыцця сама беларуская дзяржаўнасць. Кажучы словамі рэдактара-выдаўца "Нашай Нівы" Аляксандра Уласава, Іван Луцкевіч "этнаграфічных" беларусаў няўзнак перарабляў у палітычных. І гэтая "пераробка" дзесяткаў тысяч беларусаў, абмаскоўленых казённаю царквою і школаю, апалячаных касцёлам, адбывалася праз газеты, часопісы, кнігі. У 1917 годзе, на Усебеларускім з'ездзе, нікога ўжо не трэба было пераконваць, што ёсць беларусы і ёсць Беларусь як палітычныя, а не толькі этнаграфічныя, катэгорыі.
Важны артыкул выдаткаў Івана Луцкевіча — падтрымка людзей у "крытычную часіну іхнага жыцьця" (Ян Станкевіч). Сам Луцкевіч у 1903 годзе прайшоў праз піцерскія вязніцы і ведаў, што гэта такое. Калі ў турмы, крэпасці і ссылкі траплялі сябры БСГ, як, напрыклад, Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас), Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец), Аляксандр Бурбіс, Аляксандр Уласаў, Віктар Зелязей ды іншыя, калі ў эміграцыю мусілі падацца Цётка і Сцяпан Багушэўскі, таварышаў належала падтрымаць і добрым словам, і перадачаю, і рублём. Можа, не меншым стымулам для вязня Якуба Коласа было і тое, што нашаніўцы падрыхтавалі да друку "Другое чытанне для дзяцей беларусаў" і ягоны першы зборнік вершаў "Песні жальбы".
Дзякуючы "Нашай Ніве" Беларусь атрымала празаіка, мовазнаўцу, публіцыста, будучага старшыню Рады БНР Язэпа Лёсіка і першараднага паэта, публіцыста Алеся Гаруна. Абодва яны былі асуджаныя на пажыццёвую ссылку ў Сібір, і з абодвума рэдакцыя газеты трымала цесную сувязь. Толькі сусветная вайна перашкодзіла нашаніўцам выдаць першы зборнік Алеся Гаруна (ён выйшаў у 1918 годзе за кошт Народнага Сакратарыята БНР).
***
Салідарнасць Івана Луцкевіча з ссыльнымі, вязнямі, уцекачамі вынікала з ягонае "адказнасці за ўсю беларускую справу" (Ян Станкевіч). Для культура- і нацыятворчага працэсу быў дарагі кожны чалавек. Нават калі гэты чалавек быў не сацыял-дэмакратам і наогул не сацыялістам. "Яго закон у жыцьці быў — усё для беларускай справы", — сведчыў Аляксандр Уласаў. "Усё для Справы!" — быў кліч Івана Луцкевіча і тых, што ля Яго гуртаваліся", — пісаў Антон Луцкевіч.
Ужо сказана, што ў справе асветы і гуртавання патрыятычных сіл Беларусі вялі "Наша Ніва" ды іншыя выданні, заснаваныя беларускімі сацыялістамі. Але не меншае значэнне мела і тое, што Іван Луцкевіч быў мабільны чалавек. "Бывалі тыдні, — паведамляе ягоны брат Антон, — калі з сямі дзён ён пяць праводзіў у вагоне". Аляксандр Уласаў пісаў: "Жартавалі, што Іван ведаець на Беларусі 10% жыхароў з твару; запраўды, знаёмствы яго былі надзвычайна шырокія..." Да таго ж Луцкевіч умеў размаўляць з людзьмі. Маючы шырокі кругагляд, ён "быў із мужыком мужык, з панам — пан, з праваслаўным — праваслаўны, з каталіком — каталік, з пратэстантам — пратэстант", — сведчыць зноў жа Ян Станкевіч, які, нягледзячы на блізкасць да Луцкевічаў, так і не стаў ні марксістам, ні сацыялістам. Амаль пра тое ж пісаў і сацыяліст-рэвалюцыянер Клаўдзій Дуж-Душэўскі: "Іван гавора і нават працуе і з "белымі", і з "чырвонымі", і з рускімі, і з немцамі, і з палякамі".
Шырокі кругагляд, талерантнасць Івана Луцкевіча спрыялі таму, што Беларуская сацыялістычная Грамада і "Наша Ніва" згуртавалі вакол сябе значныя інтэлектуальныя сілы. У гады рэакцыі і новага рэвалюцыйнага ўздыму калі не ў партыю, дык у "Нашу Ніву" прыйшлі аўтар першай "Беларускай граматыкі для школ" Браніслаў Тарашкевіч, аўтар першай "Геаграфіі Беларусі" Аркадзь Смоліч, аўтар першай "Кароткай гісторыі Беларусі" Вацлаў Ластоўскі, аўтар першай "Гісторыі беларускае літаратуры" і бліскучы празаік Максім Гарэцкі, вялікі паэт Максім Багдановіч... У 1914 годзе на чале "Нашай Нівы" браты Луцкевічы (фактычныя выдаўцы газеты) паставілі беспартыйнага Янку Купалу.
Заснаваная Іванам Луцкевічам Беларуская сацыялістычная Грамада і нашаніўскае асяроддзе далі плеяду дзяржаўных дзеячаў. Антон Луцкевіч і Аляксандр Чарвякоў, Язэп Варонка і Зміцер Жылуновіч, Аркадзь Смоліч і Язэп Дыла, Вацлаў Іваноўскі і Фабіян Шантыр — гэтыя ды іншыя беларускія сацыялісты былі ініцыятарамі абвяшчэння і БНР, і БССР.
Ян Станкевіч пісаў: калі б Іван Луцкевіч застаўся ў гісторыі толькі як чалавек, які сабраў багатую калекцыю, што легла ў аснову Беларускага музея ў Вільні, то "ўжо гэтага аднаго даволі, каб заслужыць сабе вечную славу й падзяку патомных". Станкевіч нагадвае, што калекцыя была перададзена Беларускаму навуковаму таварыству, заснаванаму ў студзені 1918 года зноў-такі па ініцыятыве Івана Луцкевіча. Гэта была першая беларуская навуковая ўстанова. (Бальшавікі створаць Інстытут беларускай культуры — правобраз Акадэміі навук — у 1922 годзе.) Са свайго боку скажу, што Івану Луцкевічу належыцца ўдзячнасць і за тое, што ён стаў фактычным заснавальнікам Беларускай гімназіі ў Вільні, якая сабрала выдатных педагогаў (адны імёны ксяндза Адама Станкевіча, Максіма Гарэцкага, Барыса Кіта, Антона Луцкевіча, Браніслава Тарашкевіча, Рыгора Шырмы чаго вартыя!) і ў якой вучыліся пісьменнікі Наталля Арсеннева, Францішак Грышкевіч, Алесь Салагуб, Максім Танк, Валянцін Таўлай, паэт і гісторык Хведар Ільяшэвіч, этнограф Марыян Пецюкевіч, адзін з лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі інжынер Адольф Клімовіч, старшыня Рады БНР доктар Вінцэнт Жук-Грышкевіч, выдатны дзеяч Кампартыі Заходняй Беларусі і арганізатар барацьбы супраць нацысцкіх захопнікаў Іосіф Урбановіч, міністр асветы БССР Міхаіл Мінкевіч, шэраг беларускіх педагогаў, лекараў, інжынераў...
***
Выяўляючы шырокі кругагляд, талерантнасць да розных вызнанняў, будучы ў адной асобе і мужыком, і панам, праваслаўным, каталіком, і пратэстантам, размаўляючы і нават працуючы з "белымі" і "чырвонымі", з немцамі, расійцамі, палякамі і (дадам) з габрэямі, літоўцамі, татарамі, Іван Луцкевіч, як зазначаў ужо шмат цытаваны Ян Станкевіч, "з усімі заставаўся Беларусам".
Беларусь, беларускі сялянска-работніцкі народ — вось галоўны клопат і галоўны інтарэс Івана Луцкевіча. Дзеля гэтага народа ён засноўваў партыю, утрымліваў "Нашу Ніву", браў удзел у стварэнні іншых выданняў, засноўваў Беларускае навуковае таварыства, Беларускую гімназію, збіраў калекцыю беларускіх гістарычных памятак для Беларускага музея...
У 1882 годзе Фрыдрых Энгельс пісаў, што ліквідацыя нацыянальнага прыгнёту з'яўляецца асноўнай умовай усякага здаровага і свабоднага развіцця. Для таго, каб змагацца за сацыяльнае і палітычнае вызваленне працоўных, "патрэбна спачатку глеба пад нагамі, паветра, святло і прастора". Гэтага погляду прытрымліваўся і Іван Луцкевіч. Для таго, каб вызваліць беларусаў з-пад уціску паноў і капіталістаў, патрабавалася беларуская дзяржаўнасць; для дасягнення дзяржаўнасці патрабавалася нацыянальнае адраджэнне, стварэнне таго, што называецца беларускім рухам, нарошчванне сілаў. І гэтаму нарошчванню сілаў была падначалена ўся дзейнасць Івана Луцкевіча.
Створаная Іванам Луцкевічам Беларуская сацыялістычная Грамада, якая сама была аб'яднаннем марксістаў (у тым ліку будучых беларускіх камуністаў) і сацыялістаў-рэвалюцыянераў, стала авангардам беларускага руху. У снежні 1917 года БСГ, якая вяла рэй на Усебеларускім з'ездзе, паставіла ў парадак дня пытанне аб беларускай дзяржаўнасці. Бальшавікі, якія разагналі Усебеларускі з'езд, праз год усё ж вымушаны былі прызнаць права Беларусі на сваю дзяржаўнасць. Гэта, як пісаў паэт Уладзімір Жылка, была "ўступка з бою".
Кажучы словамі Антона Луцкевіча, з канца 1918 года пытанне аб прызнанні права Беларусі на сваю дзяржаўнасць было перанесена "на грунт дылемы: устаноўчы сход ці з'езды саветаў, дэмакратычны лад ці бальшавіцкая сістэма". Для Івана Луцкевіча і царскі, і нямецкі (1915—1918), і польскі (1919—1920), і бальшавіцкі рэжымы з'яўляюцца, паводле сведчання Клаўдзія Дуж-Душэўскага, "паршывымі авечкамі", з якіх ён спрабуе ўрваць "воўны клок" для беларускае справы. Пры ўсіх гэтых рэжымах ён працуе на ідэю незалежнай і непадзельнай Беларусі ў яе этнаграфічных межах. На Беларусь дэмакратычную, бо беларускі нацыянальны рух, ля вытокаў якога стаяў Іван Луцкевіч, з'яўляўся адначасна "і самым дэмакратычным рухам" (Францішак Аляхновіч).
Незалежнай Беларусі з палітычнай, эканамічнай, культурнай і сацыяльнай дэмакратыяй, дзеля якой Іван Луцкевіч спаліў самога сябе, дэмакратычнай Беларусі, ідэал якой беларускія сацыялісты сфармулявалі 9 сакавіка 1918 года ў 2-й Устаўнай Грамаце да народаў Беларусі, яшчэ няма. Запаветы Івана Луцкевіча яшчэ належыць ажыццявіць. А каб ажыццявіць іх, трэба, каб кожны з нас меў перад сабою вобраз гэтага сапраўды самаахвярнага чалавека.