2 декабря 2024, понедельник, 18:54
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Перамагае той, хто рызыкуе

22
Перамагае той, хто рызыкуе

Бог сапраўды любіць Беларусь. І зноў дае рэальны шанс на вызваленне ад калгаснай дыктатуры.

Спагадлівасці нябёсаў можна хіба што здзіўляцца. За ўвесь мінулы год насельніцтва тутэйшае нават пальцам не паварушыла дзеля сваёй свабоды. Гэткім “пасіянарыям” зазвычай падарункаў нідзе ніхто не раздае.

Наша дэмакратычная эліта ўскладала вялікія надзеі на тое, што крызіс непазбежна абудзіць незадаволены люд. Крызіс той даўно ўступіў у свае правы. Пабурчэлі і прыціхлі. Пра кепскае думаць нікому не хочацца. Грамадства ўсё больш нагадвае пасажыраў “Тытаніка”. Няма ніякага жадання выбегчы ў халодную цемру ды пераканацца, што небяспека блізка і сутыкнення ўжо не абмінуць. Гэта бесклапотнасць з’явілася не ўчора. Яна мае свае грунтоўныя вытокі.

Два стагоддзі расійскай няволі, дзве жудасныя вайны на памяці аднваго пакалення, выразаная дашчэнту ў трыццатыя гады нацыянальная эліта, паслядоўная і няспынная прамыўка мазгоў, асабліва ў апошні час, не маглі не пакінуць глыбокага следу. Грамадская свядомасць дэфармавалася настолькі, што нават асноўныя прыкметы нацыі выяўляюцца тут з вялікай цяжкасцю. Нават адносна высокі ўзровень агульнай адукаванасці на сацыяльную актыўнасць амаль не ўплывае. Можна колькі заўгодна цвердзіць, што мы ў цэнтры Еўропы. Рэальнасць сведчыць пра нешта адваротнае. Таталітарная РБ упарта імкнецца заняць трывалае месца ў шэрагу краін трэцяга свету. І шмат па якіх паказчыках выйшла ўжо на гэты жаданы рубеж. Зусім не выпадкова. У дзяржаве еўрапейскай дыктатару няма чаго рабіць. У краіне трэцяга свету пачувае ён сябе ўтульна і камфортна.

Будзе не проста вялікай памылкай, а хутчэй генеральнай рэпетыцыяй нацыянальнай катастрофы, калі дэмакратычнае грамадства здасць без бою чарговую магчымасць разарваць зачараванае кола безвыходнасці. Выбары 2011 года істотна адрозніваюцца ад папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў. Ніколі раней, за выключэннем электаральнай кампаніі дзевяноста чацвертага года, не ўзнікала пытанне пра магчымую легітымізацыю рэжыму. Махлярства заставалася махлярствам. Узурпатар мог называць сябе хоць генералісімусам – нікога гэта ўжо не хвалявала. Вынік быў адзін і той жа – міжнародная ізаляцыя.

Цяпер жа сітуацыя зусім іншая. Дыктатура паказала шмат эфектных фокусаў з выбарчым заканадаўствам. Захад амаль гатовы прызнаць легітымнасць прэзідэнцкіх выбараў. І не варта папракаць еўрапейцаў у здрадзе дэмакратычным прынцыпам. Захаду надакучыла тутэйшая няпэўнасць. Ніхто не можа зразумець, чаго мы болей хочам – незалежнасці або вяртання ў Расію? Свабоды або ланцуга і кратаў? Тыя сігналы, якія беларуская супольнасць пасылае сёння свету, пры ўсім жаданні памкненнем да вольнасці ніхто не наважыся б назваць. Калі дзесяць мільёнаў чалавек, якія лічаць сябе еўрапейцамі, зусім не хвалюе нават тая акалічнасць, што ў недалёкім будучым яны, як народ, могуць проста знікнуць з мапры свету, то чаму пра іх лёс павінен турбавацца Захад? Хочаце з усіх магчымых варыянтаў менавіта пажыццёвага дыктатара – ды калі ласка! Еўропа глыбока паважае ваш экзатычны выбар. З усімі яго недарэчнымі і надзвычай непрыемнымі наступствамі.

Да прэзідэнцкіх выбараў застаецца толькі год. Улада, выкарыстоўваючы свой магутны адміністрацыйны апарат, поўным ходам вядзе агрэсіўную прапагандысцкую кампанію. Выстаўляе ўсім вядомую асобу ў якасці адзінай і незаменнай. А ў тых, хто з гэткім раскладам не згодны, пакуль што незразумелая няпэўнасць. Бачыце, вялікая драма адбылася – апазіцыя раскалолася! Ды на тое яна і апазіцыя, каб увесь час разыходзіцца ды збірацца зноў. У новых партыях, рухах і суполках. Ва ўсякім разе, гэткай дробяззю асабліва ніхто нідзе не пераймаўся.

Куды больш значным падаецца зусім іншае. Павінен жа і тут з’явіцца сумленны і прыстойны чалавек, які наважыцца нарэшце ўзяць на сябе адказнасць за будучыню гэтай краіны. І тады ніхто, акрамя нас, не будзе вырашаць яе лёс. Ні Ўсход, ні Захад. Тым болей, не самаабраны узурпатар. Дзеючая ўлада не хоча добрасумленна лічыць галасы? Якая драма! А прымусіць яе выконваць закон не спрабавалі?

Да прэзідэнцкіх выбараў застаўся толькі год, і грамадства ўзяць курс на перамены ўжо спазнілася? Так, ды не зусім. Да выбараў – яшчэ цэлы год. Неабсяжны абшар часу. Калі знойдуцца людзі, якія замест звыклага енку і плачу абяруць стратэгію перамогі ды Плошчу Каліноўскага, можна ўсё яшчэ выправіць. Або застацца ні з чым. Выбары – гэта заўсёды выбар.

І перамагае той, хто рызыкуе.

Написать комментарий 22

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях