18 апреля 2024, четверг, 23:16
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Хведар Нюнька: «Без беларусізацыі не будзе прэстыжу Беларусі на міжнароднай арэне»

4
Хведар Нюнька: «Без беларусізацыі не будзе прэстыжу Беларусі на міжнароднай арэне»

Лідэр беларусаў Літвы Хведар Нюнька кажа, што беларускія ўлады згубілі адраджэнне нацыянальнай свядомасці, што прывяло да заняпаду роднай мовы.

Дзякуючы гэтаму ўнікальнаму чалавеку спалучэнне «беларуская Вільня» сёння — не проста глава з падручніка па гісторыі мінуўшчыны. Нязменны старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька, пераняўшы эстафету ад апошніх адраджэнцаў даваеннай хвалі, болей за 20 год узнаўляе і захоўвае беларускае жыццё ў старадаўняй сталіцы ВКЛ і цэнтры нашага адраджэння пачатку XX стагоддзя. За сваю руплівую шляхетную дзейнасць ён заслужыў павагу не толькі суродзічаў, але і літоўцаў. Не дзіва, што на арганізаваных ім мерапрыемствах рэгулярна прысутнічаюць кіраўнікі літоўскай дзяржавы і буйныя палітыкі.

Напярэдадні Дня роднай мовы «ЗБС «Бацькаўшчына» наладзіла ў Мінску сустрэчу са старшынём ТБК. Перад самым ад’ездам у Вільню спадар Хведар адказаў на пытанні TUT.BY.

«Беларусы так і не здолелі ўстаць з кален»

— На днях новы кіраўнік літоўскага МЗС Аўдронюс Ажубаліс заявіў, што Вільня належыць не толькі літоўцам, а таксама беларусам, палякам, габрэям і расійцам — усім нацыям, якія там спрадвеку жылі. Здаецца, ці не ўпершыню буйны літоўскі палітык прызнаў і наша права на Вільню. Ці сведчыць гэта аб змене стаўлення літоўцаў да гэтага канфліктнага пытання?

— Я б сказаў, што пазіцыя яшчэ не змянілася, але мяняецца. Ажубаліс, якога я добра ведаю яшчэ па сейму, быў не першым, хто зрабіў такую заяву. Яшчэ ў верасні на Чацвёртай канферэнцыі беларусаў Балтыі прэм’ер-міністр Андрус Кубілюс заявіў, што Вільня — сталіца не толькі літоўцаў, але і беларусаў. Вось тады я, сапраўды, чуў падобную заяву ад літоўскіх палітыкаў упершыню.

Доўгі час у Літве шматтысячнымі накладамі выходзілі падручнікі па гісторыі, дзе пра беларусаў, славянскае насельніцтва ніводным словам не паміналася. Быццам нас ніколі не існавала. Гісторыкі свядома замоўчвалі гэтае пытанне. Цяпер зрухі відавочныя.

Пры гэтым заўважу, што непавагі да сябе з боку літоўцаў, як беларусы на Беласточчыне ад палякаў, мы не адчувалі ніколі. Ні да мовы, ні да нацыі. Той жа Кубілюс, іншыя прадстаўнікі літоўскага кіраўніцтва цягам апошніх 20 год рэгулярна наведваюць нашы мерапрыемствы.

Дык што ж прымусіла літоўцаў змяніць прынцыповую пазіцыю ды загаварыць і аб праве беларусаў на Вільню, спадчыну Вялікага Княства?

— У гады незалежнасці на Беларусі нарэшце пачалі з’яўляцца прафесійныя працы, у якіх прыводзяцца неабвержныя сведчанні нашай прысутнасці ў гісторыі ВКЛ. Таксама сталі ладзіцца сустрэчы беларускіх, літоўскіх, польскіх і ўкраінскіх гісторыкаў, дзе былі прадстаўлены самыя розныя погляды. Канечне, літоўцам постфактум вельмі цяжка пераглядаць уласную гістарыяграфію, якая доўгія дзесяцігоддзі ні ў каго не выклікала сумневаў, аднак іх погляды мяняюцца. Нават у такіх апалагетаў падыходу «толькі літоўцы», як Бублаўскас і Гудавічус.

Ёсць і такі момант. Калі ў пачатку 1990-х беларуская інтэлігенцыя скіравалася ў Вільню з заклікамі «Горад наш!», менавіта ў беларусах літоўцы бачылі пагрозу для сваёй сталіцы. Не ў паляках, бо пасля вайны ўся польская інтэлігенцыя — 170 тысяч чалавек — з’ехала ў Польшчу. Цяпер, калі прайшло 20 год, усё перавярнулася дагары нагамі. Беларусы так і не здолелі ўстаць з кален, а літоўскія палякі дзякуючы падтрымцы польскай дзяржавы дамагліся сапраўднага прарыву. Раней Віленскі край быў у асноўным беларускамоўным. Цяпер тут дзейнічае больш за 100 польскіх школ. На пабудову шыкоўнага Дома польскай культуры ў Вільні Польшча вылучыла 9 млн даляраў. Адчыніўся тут і польскамоўны філіял Беластоцкага універсітэта, суперсучасная школа імя Яна Паўла ІІ...

Заканамерна, што падчас апошняга перапісу насельніцтва 61% жыхароў Віленскага раёна запісаліся палякамі, у Салечніцкім і таго больш — 80%. Хаця відавочна, што гэта не чыстыя палякі, і пры наяўнасці іншага ладу ў Беларусі яны маглі б запісацца беларусамі. На выбарах у гэтых раёнах «польскія» дэпутаты прайшлі ў сейм, а іх лідэр Вальдэмар Тамашэўскі трапіў у Еўрапарламент.

«Повылазили тут из щелей со своей «беларускай мовай»

— А што ж беларуская грамада?

— У нас сітуацыя крытычная. Паводле статыстыкі 1989 года, беларусамі ў Літоўскай ССР сябе лічылі 63 тысячы чалавек. Потым лічба скарацілася да 55 тысяч, сёння гэта 42 тысячы. Беларусы асімілююцца: хто пад палякаў, хто пад літоўцаў.

У той час, як у польскіх школах — конкурс, Віленская СШ імя Францыска Скарыны, дзе сёння навучаюцца блізу 150 вучняў, штогод ледзь набірае дзяцей у першы клас. Усё часцей даводзіцца чуць ад людзей: «А нашто нам тут беларуская школа, калі ў самой Беларусі яна не патрэбна».

Аднойчы, едучы на цягніку з Мінска, запытаўся ў дзяўчыны, чаму беларусы не ідуць у беларускія школы. «Бо на тых, хто аддае дзяцей у беларускія класы, глядзяць, як на ненармальных», — адказала яна.

То бок, праўду кажуць, што нацыянальныя дыяспары ёсць люстэркам метраполіі?

— На жаль, што да салідарнасці і свядомасці, у нас ёсць тое, што і ў Беларусі.

Кожны прыезд у Мінск мяне засмучае. Я не чую тут мову дзядоў, не бачу гістарычнага вобраза Беларусі ў назвах вуліц, помнікаў нацыянальным героям, не адчуваю беларускага духу. Раз ехалі ў мінскім метро з сяброўкай. Поўны вагон народу, мы паміж сабой размаўлялі па-беларуску. Раптам устае стары ды на нас: «Повылазили тут из щелей со своей «беларускай мовай». В тюрьму вас надо!»

Сітуацыя з беларускай мовай у Беларусі проста катастрафічная. Мне часта выпадае сустракацца з беларускімі дэмакратамі. Яны добра валодаюць мовай, аднак між сабой гавораць у асноўным па-руску. Літовец, паляк ніколі гэтага не зразумее. Цыганы, якія ніколі не мелі дзяржаву, і тое міжсобку па-цыганску гавораць. Выходзіць, мы ніжэй за цыганоў стаім.

Літоўцы заўсёды рабілі націск на абавязковае веданне літоўскай мовы, бо разумелі, што мова робіць цуды і ўмацоўвае незалежнасць. Калі перад Другой сусветнай вайной літоўцаў у Вільні было каля 2 працэнтаў, то цяпер блізу 70. Тое самае атрымалася з Клайпедскім краем, дзе спрадвеку панавала нямецкая культура. Цяпер ты ўжо не звяртаеш увагу на нямецкую архітэктуру, бо там паўнавартасная Літва.

Нагадаю, што ў Беларусі і Літве амаль у адзін час прынялі законы, якія надавалі беларускай і літоўскай мове статус адзінай дзяржаўнай. Пры тым у Літве пад літуанізацыю адводзілася пяць гадоў, а ў Беларусі пад беларусізацыю — 10. Са зменай улады ў Мінску праграма была згорнута, а ў Літве паспяхова ажыццёўлена. Калі яшчэ 20 гадоў назад па-літоўску ў Вільні гаварыла ў асноўным інтэлігенцыя, то цяпер і чорнарабочыя.

Беларус які па сваёй прыродзе? Прыйдзеш да яго ў краму, звернешся да яго на мове, ён як на ненармальнага будзе на цябе глядзець. Літоўцы ж наадварот. Ты толькі па-літоўску слова скажаш, як ён табе ўжо з-пад прылаўка лепшае выцягвае.

«Без Беларусі мы Вільню не адродзім»

— Спадар Хведар, ці правільна я зразумеў з вашых слоў, што адраджэнне беларускай Вільні магчыма толькі пры ўдзеле беларусаў з Беларусі?

— Канечне, сваімі сіламі мы беларускую Вільню не адродзім. За прамінулыя 50 гадоў, калі ўсё беларускае было пад забаронай, адышлі два пакаленні свядомых беларусаў. Не стала сапраўдных патрыётаў, якія за беларушчыну ішлі ў лагеры ды паміралі са словамі «Жыве Беларусь!». Таму без дапамогі Беларусі нічога не будзе. Мы можам толькі дапамагчы.

Палякі, літоўцы даюць велізарную дапамогу сваім суайчыннікам, нацыянальным суполкам за мяжой. Ёсць «карта паляка». Падобныя льготы існуюць для суродзічаў і ў Літве...

А вам беларуская дзяржава нечым дапамагае? Ці звярталася да вас наша амбасада з нейкімі прапановамі?

— Калі на пачатку 1990-х часовым павераным Беларусі ў Літве быў Уладзімір Шчасны, у нас былі добрыя адносіны. Аднак з прыходам новай улады стасункі пагоршыліся, і ўжо недзе 13 год ніякіх кантактаў няма.

Як вы ставіцеся да з’яўлення «першага беларускамоўнага міністра» спадара Латушкі?

— Мы вітаем гэты факт, і пры нагодзе я б не адмовіўся з ім пагаварыць. Аднак, думаю, міністр мае вельмі абмежаваныя магчымасці і, наўрад ці, можа карэнным чынам нешта змяніць без рэзалюцыі зверху.

Што чакае Беларусь і беларусаў у бліжэйшай перспектыве?

— Прычына ўсіх нашых бед — нізкая нацыянальная свядомасць — вынік тых прыніжэнняў і знішчэнняў, што беларусы перанеслі за апошнія 200 гадоў.

Я ўпэўнены, што без беларусізацыі, павышэння самасвядомасці і прэстыжу краіны на міжнароднай арэне ні Беларусь, ні суайчыннікаў за мяжой нічога добрага не чакае.

Разумею, што беларусізацыю цяжка зрабіць хутка, як хацеў Пазняк, але і дабравольным гэты працэс не бывае. Няхай гэта будзе не прынука, але стымуляванне. Няхай настаўнікі, службоўцы атрымліваюць надбаўкі за ўжыванне беларускай мовы. Хаця і пэўныя правілы таксама неабходны. Напрыклад, калі на працоўным месцы ў Літве вы гаворыце не на дзяржаўнай мове, вас могуць аштрафаваць. Калі замежны фільм па тэлевізіі транслююць без літоўскіх субцітраў — зноў штраф. Каб у беларусаў сёння была самасвядомасць, роўная літоўскай, усё было б інакш.

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях