Беларускія грэка-каталікі адзначаюць 20-годдзе аднаўлення душпастырскай дзейнасці
1- 11.03.2010, 15:48
11 сакавіка ў мінскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі адбудзецца святая Імша і малітва падзякі.
20 год таму, 11 сакавіка 1990 г., мітрафорны протаіерэй Аляксандр Надсан, Апостальскі Візітатар для беларусаў замежжа і рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане (Вялікабрытанія), цэлебраваў у адзіным у той час у Мінску касцёле на Кальварыі літургію па візантыйскім абрадзе на беларускай мове, паведамляе Catholic.by.
Гэта была першая адкрытая грэка-каталіцкая літургія ў пасляваеннай Беларусі.
На набажэнства прыйшлі сотні людзей. Гэтая літургія стала момантам аднаўлення адкрытай літургічнай і душпастырскай дзейнасці Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі. З таго часу беларускія грэка-каталікі лічаць сваім асаблівым пакліканнем і прывілеем маліцца на роднай мове. Падчас кожнай літургіі ў храмах, капліцах і іншых месцах малітвы паўтараюцца словы: «За Богам сцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасць у веры, мужнасць у выпрабаваннях і вернасць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся».
«Юбілей 20-годдзя гэтай падзеі святкуецца ў перыяд Вялікага посту і таму адзначаецца ў глыбокай малітоўнай задуме. Беларускія грэка-католікі дзякуюць Госпаду, што Царква, якая ніколі не пераставала існаваць, атрымала магчымасць адкрыта абвяшчаць Евангелле ў роднай зямлі», — адзначыў дэкан мінскіх грэка-каталіцкіх парафій а. Яўген Усошын.
У грэка-каталіцкіх парафіях Мінска святыя Імшы з малітвай падзякі адбудуцца ў нядзелю, 14 сакавіка.