2 мая 2024, четверг, 16:01
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Самотны аблвыканкам купіць тэлевізар

13
Самотны аблвыканкам купіць тэлевізар

Нездарма правіцель паабяцаў сваім чыноўнікам паадкручваць галовы.

Колькі часу прайшло з таго незабыўнага дня, а як прыкметна падвысіўся іх прафесійны ўзровень. З савецкімі службоўцамі не параўнаць – неба і зямля.

Вось як бы выглядаў у тую ўжо далёкую эпоху працэс набыцця для кіраўніцтва якой-небудзь карыснай прылады? Напэўна ж, без аніякай помпы. Будзённа. Сціпла. Па даўняй завядзёнцы. Дробны кручок з адпаведнага аддзела прадыктаваў бы машыністцы караценькі ліст на імя начальніка таварнай базы: «Прошу выделить для Минского облисполкома арифмометр (1 шт.) по безналичному расчету». Подпіс. Пячатка. І неўзабаве ягоны шэф ужо круціў бы ручку нованабытай прылады, падлічваючы асабіста адсоткі перавыканання планаў па малаку і мясу.

Ніякай рамантыкі.

Зусім не тое ў наш імклівы час.

Не паспеў ўсенародны рэфарматар памяняць Батуру на Шапіру, а Мінскаму аблвыканкаму ўжо тэрмінова спатрэбіўся тэлевізар. Чаму не арыфмометр? Дык эпоха ж іншая – вунь куды навука ўжо сягае. Амерыканцы праз нейкія гады чатыры збіраюцца пакінуць адбітак сваіх ботаў на планеце Марс. І сталічная вобласць не павінна заставацца на ўзбочыне прагрэсу. А таму аблвыканкам тэрмінова купіць тэлевізар. Не абы які. Найноўшы. Цана чынавенскай амбіцыі – 41 000 000 беларускіх рублёў. Або 4.400 даляраў, калі ўжо раўняцца з тымі ж амерыканцамі. Вось так заўзята – каб ведалі нашых!

Аблвыканкам адразу паспяшаўся абвергнуць недарэчныя чуткі. Пра тое, што новапрызначанае кіраўніцтва ўдасканальвае службовы камфорт. «Телевизор нужен в зал заседаний для лучшей демонстрации слайдов презентаций и проведения видеоконференций». Ды хто ж супраць? Вось толькі мімаволі ўзнікае некалькі пытанняў. Хіба таго ж Батуру знялі за тое, што праглядаў слайды прэзентацый на малым экране? Няўжо падчас шалёнага крызісу толькі простыя грамадзяне павінны найтужэй зацягваць паясы? І што там з «Гарызонтам» і славутым заклікам – купляйце беларускае!

Напэўна ж, нічога адмысловага ў памкненні набыць чарговую цацку для начальства ўвогуле няма. А раптам нейкі цікавы серыял знайшоўся ў праграме. І глядзець яго ў такім выпадку лепш без адрыву ад вытворчасці. На вахце. У кароткіх паўзах падчас выканання грандыёзных задач па мадэрнізацыі вытворчасці. А калі ўдумацца, то найноўшы тэлевізар у аблвыканкаме – рэч жыццёва неабходная. Трэба ж бесперапынна адсочваць раптоўныя выступы правадыра. У найлепшых тэхнічных параметрах. А то злыя языкі пускаюць пагалоску, нібыта на экранах мясцовай вытворчасці ўсенародныя вусы ў самы адказны момант могуць нечакана памяняць колер. І што тады?

Аднак ёсць ў гэтым побытавым эпізодзе прыкрая акалічнасць, якая істотна мяняе ягоны маштаб. Усяго за два дні да з’яўлення на сайце Нацыянальнага цэнтра маркетынга і кан’юнктуры цэнаў амбітнай заяўкі аблвыканкама, нібы знарок, тэлевізійная тэма магутным крэшчэнда прагучала ў яшчэ адным службовым дакуменце.

Генеральны дырэктар завода «Гарызонт» падпісаў загад «Об установлении режима работы с неполной рабочей неделей». З першых дзён новага года і па сакавік уключна шмат каму там давядзецца працаваць толькі чатыры дні на тыдзень. Чаго і варта было чакаць: «Для работников, которым будет установлен режим неполной рабочей недели, оплату производить за фактически отработанное время».

Савецкія начальнікі ў гэткіх выпадках у суцяшэнне абрабаваным абяцалі камунізм. Гадоў праз дваццаць, але абавязкова. А сённяшнія на розныя дробязі нават не звяртаюць увагі. Яны добра ведаюць, што ад забастовак ды іншых праяваў незадавальнення надзейна абаронены шчыльнымі шыхтамі да ўсяго гатовых карнікаў. Зразумела, навагодні падарунак рабочым «Гарызонта» – далёка не апошні рубеж.

Эканоміка краіны пайшла ў разнос. Склады перапоўнены нерэалізаванай прадукцыяй. Тымі ж «Гарызонтамі». Трактарамі ды іншымі сельгасмашынамі. Грашовых сродкаў катастрафічна не хапае. Новых крэдытаў Расія не дае. Мясцін, «где нас не знают», на планеце амаль не засталося. Здавалася б, найперш у дзяржаўным апараце, трэба ўвесці рэжым жорсткай эканоміі. Аднак чыноўнікі, нібы тая купчыха на местачковым кірмашы, спяшаюцца набыць усё, што трапляе пад руку. Тэлевізары. Прэстыжныя аўто. Канькі і клюшкі. Забудавалі краіну лядовымі палацамі. Узнялі шыкоўны гмах «ЦАЛ ДИР БИЕ» – выразны сымбаль правінцыйнай безгустоўнасці. Адкуль жа грошы на ўсё гэта?

Адказ, надзвычай красамоўны, - у той жа заяўцы на аблвыканкамаўскі тэлевізар: «Источник финансирования – местный бюджет». Інакш кажучы, з кішэні народа. Чаго толькі не прыдумалі, каб абабраць людзей у чарговы раз. Падатак на карыстанне аўтамабілем. У праекце - падатак на беспрацоўе. Планавалі нават падатак на выезд за мяжу. Кошты за камуналку ў наступным годзе маюць намер падвысіць ажно на сорак адсоткаў. І спыняцца на тым не збіраюца.

Але ў адказ на ўсе дзікунствы бессаромнай улады – цішыня. Калі гэта маўчанне мора перад бурай, то ёсць яшчэ хоць нейкая надзея.

А калі не?..

Уладзімер Халіп, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 13

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях