28 марта 2024, четверг, 20:01
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Драўляны народ

15
Драўляны народ

На фэст «Ружанская брама» майстар з Пружанаў вывез цэлую батарэю вусатых лялек — на каньках, у гневе, на селектарных нарадах...

«Гэтую ў Ружаны вазілі? А гэтую?..» — гэбэшны опер грэбліва тыцкае пальцам у вусатыя фігуркі, а дзед, задаволены ўвагай, ахвотна ківае галавой: «Вазіў! І вось гэтых яшчэ. І вось, і вось… Ну і што вы цяпер мне зробіце? Думаеце, вы правіцелі? Я ўжо восемдзясят дажываю і такіх прэзідэнтаў штук дваццаць перажыў. Вы за чыноў, а я за мужычка ўсё жыццё стаяў. І буду стаяць, хоць вешайце мяне прама цяпер!»

Моцны, сухі і жвавы, з прымружанымі ў зморшчынах паляшуцкімі вачыма, крэпкімі ўчэпістымі пальцамі (быццам каранямі, толькі вось вырванымі з пушчанскай зямлі), у шэранькім паношаным пінжачку — здавалася б, звычайны вясковы пенсіянер, якіх у Беларусі мільён.

На фэсце хрысціянскіх фільмаў Magnificat найлепшай з 38 працаў была прызнаная стужка менавіта пра гэтага пружанскага дзеда — Мікалая Тарасюка «Драўляны народ». Ён правадыр тысячаў выразаных, плеценых, вылепленых фігурак, цэлых кампазіцыяў вясковага побыту.

Нарадзіўся Мікалай Тарасюк тут, у Пушчы, у 1932-м, у сям’і гаспадароў. У 1939-м, каб пазбегнуць раскулачвання, аформілі развод, але ў 1944-м, калі Саветы вярнуліся, у калгас загналі ўсёй вёскай.

Маленькі Міколка дапамагаў бацькам, пасвіў жывёлу і ўжо тады захапіўся дрэвам, глінай ды пляценнем. Паціху рабіў, раздорваў знаёмым, ставіў драўляныя лялькі дома. Скрозь вайну, бальшавізм, меліярацыю, застой… Слава прыйшла са старасцю — і з перабудовай. У 1987-м на Усесаюзным фэсце народнай творчасці Тарасюк атрымаў Залаты медаль ВДНГ. У 1989-м стаў народным майстрам Беларусі. Пачалі прыязджаць чыноўнікі з аддзелаў культуры, журналісты, турысты. Палякі знялі фільм — «Гаспадар». Цэлыя калекцыі Тарасюка цяпер у Пружанах, Берасці, Мінску, Польшчы….

У 1994-м, годзе выбараў Лукашэнкі, дзед Мікалай якраз пабудаваў асобны дамок, дзе зладзіў музей «Успаміны Бацькаўшчыны» — у хаце драўляныя беларусы ўжо не змяшчаліся.

Да 80-годдзя ён выстаўляўся ў мінскім Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Выстава называлася «Страчаны рай». Глядзіш на выразаныя фігуркі на падстаўках, сплеценых з лазы, згадваеш вобразы згубленага беларускага вясковага Эдэму і спрабуеш дамысліць, адкуль гэта — з дрэва пазнання? З дрэва жыцця?..

Шэдэўры дзеда Мікалая расхінаюць перад табой усю багну беларускага зла: п’янкі, сваркі, развал сям’і. На дрэве фігурак, як і на дрэве крыжа — схопленыя, сцятыя, укрыжаваныя ў пакутлівай грымасе жарсць грэху і шчасце збавення.

У нямой батлейцы Тарасюка мы пазнаём сябе. Колькі не расфарбоўвайся стылем, модай ды іншым глянцам — усярэдзіне мы ўсё тыя ж персанажы простых пачуццяў і старых як свет гісторыяў. Вяселле. Застолле. Звада. Нарада ў Лукашэнкі…

Тут, на Берасцейшчыне, Тарасюк надта вядомы, каб можна было яго абысці, таму і паспрабавалі ўганараваць, залагодзіць, выставіць на вітрыну ўсенароднай стабільнасці і росквіту народнай культуры. У 2002-м годзе далі прэмію «За духоўнае адраджэнне». Падаравалі кватэру ў Пружанах — аддаў дачцэ.

А Тарасюк прыняў гэта як належнае — і не купіўся. І на фэст «Ружанская брама» ля адноўленага палаца Сапегаў узяў ды вывез цэлую батарэю вусатых лялек — на каньках, у гневе, на селектарных нарадах… Пярэпалах быў агульнабеларускі.

Драўляны народ Тарасюка — насамрэч грандыёзная беларуская батлейка. Батлейку, або бэтлеемку, ад Бэтлеема, дзе нарадзіўся Ісус, з лялечнымі Ірадам, Анёлам, Чортам, Бабай, Дзедам, Марыяй, Дзіцяткам — паказвалі як захапляльную павучальную гісторыю ўсяму паспалітаму люду на галоўнай плошчы на Раство.

Беларуская батлейка з яе яскравым сімвалізмам і дзіцячай шчырасцю пры ўсёй цацачнай непасрэднасці таіла ў сабе найвялікшы біблейскі сэнс. Усю нашую мізэрнасць перад Богам, увесь камізм чалавечае сумятні — і спрашчэнне жыцця да евангельскай простасці. Барацьба дабра са злом у хатнім інтэр’еры, зведзеная да выштукаванай сутнасці, са спазнаваннем саміх сябе, высноўванне яснай маралі ў век суцэльнай хлусні — вось у чым цуд беларускай цацкі і драўлянай нацыі Тарасюка.

Думаеце, гэта несур’ёзна? Але такія ж самыя беларускія самародкі, як Тарасюк, ключом біблейскай батлейкі адчынялі сэрцы ўсяго чалавецтва.

Першыя ў свеце лялечныя фільмы ў 1910-х — «Люканіда», «Маленькі народ», «Кветка папараці» — з розгаласам ад спецефектаў па ўсёй планеце паставіў менавіта нашчадак паўстанцаў Уладзіслаў Старэвіч, які сам вырабляў лялькі для здымак і пра якога Уолт Дыснэй сведчыў: «Гэты чалавек абагнаў усіх аніматараў свету на некалькі дзесяцігоддзяў». Дарэчы, і галоўным мастаком Дыснэйлэнда стаўся наш Алія Клеч (Пашкевіч), а сусветную камп’ютарную мультыплікацыю (адкуль урэшце і «Шрэк», і «Ледавіковы перыяд») запачаткаваў былы мінчук Міхаіл Бернштэйн.

Мільярды дзяцей і дарослых, самі таго не ведаючы, ідуць следам за беларускімі валадарамі батлейкі.

…Мікалай Тарасюк памятае, калі на ягоным хутары Стойлы было больш за сорак двароў. А ў 2007-м памерла апошняя суседка.

З тых часоў дзед Мікалай жыве тут, на закінутым, зарослым бур’янам узлеску, адзін. На месцы нашага пушчанскага Санта-Клауса, Святога Мікалая — Дзед Мікалай са сваім цацачным народам.

І шуміць лес.

І расце з беларускае глыбіні дрэва спазнання дабра і зла.

І дагэтуль, адолеўшы ўсе акупацыі, войны, саюзы, рупіцца над ім, выразае раты і вочкі, ускрывае раны, каб вызірнула з дрэва, ажыла беларуская душа, дзед Мікалай з Пушчы.

Гэтак жа засяроджана і ўладарна, як калісьці працаваў з дрэва, цяслярыў, вырэзваў — а пасля на тым жа дрэве быў укрыжаваны наш Збаўца Ісус Хрыстос.

Павел Севярынец, «Наша Нiва»

Написать комментарий 15

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях