28 марта 2024, четверг, 14:09
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Руся: Мне ў кайф сьпяваць беларускія песьні

15
Руся: Мне ў кайф сьпяваць беларускія песьні

У гэтай сьпявачкі – неверагодная колькасьць ідэяў, ад таго багата і праектаў зь яе ўдзелам.

Руся нядаўна вярнулася з Вільні, дзе давала канцэрт з гуртом Akana, які выконвае беларускія народныя песьні акапэльна. Неўзабаве дзяўчыны з Akana прадставяць кліп і паедуць у чарговы замежны тур разам з швайцарскімі музыкамі ў складзе праекту Kazalpin, у якім спалучыўся эўрапейскі джаз і беларуская архаіка. Паралельна Руся пачала праект Cityzen, дзе грае музыку трып-хоп, часам выступае разам з заснавальнікам вядомай электроннай фармацыі CherryVata. Але найбольш важны для яе праект, прынамсі зараз – Shuma. З дапамогай электроннай музыкі Руся імкнецца зачараваць даўнімі беларускімі сьпевамі неабазнаную клюбную моладзь. Пад канец зімы выйшаў дэбютны сынгл праекту.

Інтэрв'ю з Русяй для сайта charter97.org запісаў Сяргей Будкін.

- Мне ў кайф сьпяваць беларускія песьні, таму я гэта раблю і буду працягваць рабіць. Аднак, цяпер я не лічу, што здольная зацікавіць слухачоў беларускай традыцыяй. Імпэту, які быў на старце праекту Shuma, у мяне цяпер паменела. Я бачу, што людзям цікава слухаць архаічныя сьпевы, выкананыя ў электроннай афарбоўцы, але пры гэтым мала каго цікавіць момант захаваньня мовы і карнявой культуры.  

- Ты зусім ня бачыш пазытыўных зрухаў у гэтым кірунку?

- На жаль, калі зрухі і адбываюцца, то на вельмі лякальным і мінімальным узроўні. Выйдзі на вуліцу і ты заўважыш, што беларуская мова страціла сваю камунікацыйную функцыю і бачна, што ёй можа прыйсьці капец. Гэта ня тычыцца, канечне, артыстычнага і музычнага асяродьдзя, дзе па-ранейшаму ёсьць людзі, якія спрыяюць захаваньню мовы, але агулам сытуацыя выглядае даволі сумна. Мой пазытыўны настрой на гэты конт сканчаецца, калі я хачу набыць у шапіку квіток альбо блакітную асадку, мяне не разумеюць і я вымушаная прасіць кнігу скаргаў… Беларуская мова не прыжываецца тут і пакрысе адыходзіць.

- Што цябе асабіста матывуе працягваць размаўляць па-беларуску і займацца творчасьцю, калі ты не адчуваеш ад гэтага плёну.

- Адназначна магу адказаць, што я – беларуска. Я тут нарадзілася і жыву ўсё жыцьцё, але ў момант татальнага адчаю намагаюся пераехаць на пэўны час у іншую краіну, каб пагуляць па чужых гарадах, пазнаёміцца з новымі людзьмі…і пераканацца ўрэшце, што іншыя культурныя коды ўсё ж для мяне чужыя і тая культура, у якой я жыву ад нараджэньня і ёсьць маім ахоўнікам у мэтафізічным пляне. Я спрабавала працаваць і жыць за мяжой, але толькі тут я адчуваю сябе дома, таму сюды вяртаюся і менавіта сьпевамі на гэтай мове я буду займацца, бо лепшага прызначэньня для сябе, як для творцы я проста не знайшла.

- Як ты сама прыйшла да ўсьведамленьня таго, што беларускі сьпеў - гэта важна?

- Беларуская культура была побач ад нараджэньня, бо я нарадзілася ў вёсцы. І мяне заўжды суправаджалі беларускія песьні – на сьвятах, на «бульбе», на дні народзінаў, на вясельлі і нават пахаваньні. Калі я ўзялася глыбей вывучаць нашу архаіку, то мяне праняло неймаверна. Пасьля спробаў сьпяваць сучасную паэзію я прыйшла да аўтэнтычных сьпеваў, бо тут найлепш адчуваюцца падтрымка ўсяго гэтага старадаўняга пласта.

- Аднак, ты пачынала з гуртом «Indiga» з расейскамоўных песень. Хто і што на цябе паўплывала ў той момант пералому?

- Усё было вельмі трывіяльна – мы пачулі пра конкурс на фэстывалі «Басовішча», дзе трэба было мець песьні па-беларуску, таму пераклалі свае тэксты, каб паехаць у Польшчу («Indiga» сталі пераможцамі фэсту «Басовішча-2003» – заўвага аўт.). А беларусізаваў мяне па-сапраўднаму паэт Андрэй Хадановіч і яго незвычайна цудоўная жонка Марына Шода, якая выкладала ў нас у БДУ курс літаратуры. Вось гэтая сямейная парачка і ўцягнула мяне ў беларускамоўную творчасьць, за што ім вялікі дзякуй!

- Час «Indiga» скончыўся раптоўна на ўздыме гурта, калі выйшаў першы альбом, цябе прызналі «рок-князёўнай» і ўсе чакалі працягу. Як ты цяпер тлумачыш прычыны гэтага?

- Вялікае расчараваньне прыйшло ў час прэзыдэнцкіх выбараў у 2006 годзе. Мы хадзілі тады на Плошчу і да апошняга верылі ў тое, што ўсё зьменіцца і гатовыя былі рабіць усё, каб падтрымліваць ідэю беларускасьці. Аднак, нічога ня выйшла. Падзеі таго часу моцна паўплывалі на нас і на нашу будучыню. Памятаю, што пасьля разгону намётавага гарадку, мы зачыніліся ў кватэры, пілі гарэлку і плакалі на плячы адзін у аднаго. Відаць, што падсьвядома кожны з нас разумеў, што праз рок-н-рол мы ня здольныя ўплываць на сытуацыю.  

- Па-твойму час беларускага року сыйшоў і песьні пратэста ўжо не да месца?

- Дапусьцім, зьявілася б у нас такая беларуская Зэмфіра, груба кажучы. Таленавітая сьпявачка з добрымі тэкстамі на нашай мове. Але яна вымушаная была б зьвяртацца да людзей, якія штодня выкарыстоўваюць перадусім расейскую мову. У яе проста ня будзе тут сваёй беларускай аўдыторыі, яна ня выйдзе за межы тых жа 300-400 чалавек. Патрэбы ў чыста пратэстных песьнях зараз няма, гэты жанр цяпер неактуальны. Па-першае, як я ўжо казала, мова страціла камунікатыўную функцыю ў нашым грамадстве, па-другое людзі напужаныя рэпрэсіямі, а таму ніякіх пратэстных песень сьпяваць ня будуць, яны нават у далоні цяпер пабаяцца папляскаць. Па-трэцяе, сучасныя маладыя людзі суадносяць сябе з глябальным грамадзтвам і песьні пратэсту ім зусім не патрэбныя.  Калі ж людзі адчуваюць такую патрэбу, яны сьцягваюць гімн БНР і сьпяваюць дома на кухні. Альбо слухаюць «Ня быць скотам» Міхалка, песьня, якая мне насамрэч падабаецца.  

- Творца па-твойму павінен выяўляць сваю грамадзянскую пазыцыю?

- Гэта абсалютна асабістае інтымнае рашэньне кожнага чалавека, слова «павінен» мне тут не падабаецца. Я разумею тых, хто выказваецца і тых, хто маўчыць. У адных усё трымціць і яны ня могуць маўчаць, другім сказаць нешта страшна. Мне самой больш пасуе такая прыхаваная маніпуляцыя: я намагаюся не крытыкаваць улады ў лоб, бо гэта тут проста небясьпечна. Але калі кагосьці цікавіць мая пазыцыя, то можна проста зьвярнуць увагу на маю музыку, пачытаць ранейшыя інтэрвію і ўсё будзе зразумела. Лічу, што калі творца ў адкрытую ідзе на барыкады, гэта памылковы шлях, больш выйгрышна далікатна перадаваць свой настрой аўдыторыі.

- Няўжо табе зусім нічога не дае надзею на лепшае? У праекце Shuma, напрыклад, былі задзейнічаны дзеткі, якія душэўна вам падпявалі. Можа ў іх сьпевах можна ўбачыць спадзеў?

- Так, дзеткі ў нас сьпявалі. Мы з Надзейкай (другая вакалістка ў Shuma) размаўлялі зь іх бацькамі, каб яны зьвярнулі ўвагу на тое, якія ў іх таленавітыя дзеткі, якія цягнуцца да вывучэньня народных сьпеваў, на што бацькі адказваюць: «А зачем нам это нужно, зачем девочкам петь вообще?» ды забіраюць іх з хора, так што працягнуць заняткі яны ня могуць. Я шукаю гэты пазытыў паўсюль, паверце. Бачу, як «УКантакце» школьнікі дасылаюць адзін аднаму віртуальныя паштоўкі па-беларуску, ствараюцца кам’юніці, але гэта ўсё надта малая кропля ў моры.

Паслухаць і спампаваць песьні праекту Руся «Shuma» можна на афіцыйным блогу shuma.by.

Размаўляў Сяргей Будкін, спецыяльна для charter.97.org

Написать комментарий 15

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях