23 апреля 2024, вторник, 19:05
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Мечыслаў Карловіч. Партрэт забытага генія

7

У наступным годзе спаўняецца 105 гадоў з дня трагічнай гібелі чалавека, якога без перабольшвання можна аднесці да катэгорыі геніяў.

Беларуская зямля заўсёды была шчодрай на колькасць адораных асоб. Але далёка не заўсёды магла ўтрымаць у сваіх межах тых, хто мусіў развіваць свае здольнасці і шукаць для іх адпаведнага ўвасаблення. Шматлікія таленты, атрымаўшы прызнанне за мяжой, часам захоўвалі толькі ўмоўную повязь з родным кутком. Разам з тым, амаль ніводны творца беларускага паходжання да канца жыцця не страчваў сувязяў з айчыннай культурай, з народнымі традыцыямі, пiша Ірыны Шумская, кандыдат культуралогіі на сайце «Інстытут беларускай гісторыі і культуры».

Мечыслаў Карловіч

Беларускае Паазер’е – край вельмі прывабны і разам з тым маркотны. Берагі Нарачы, Свіры і маленькіх азёраў, што, як пацеркі, рассыпаліся па маляўнічых прасторах, навяваюць развагі аб вечнасці і аб тым сакральным прыродным нерушы, які стагоддзямі застаецца нязменным, нягледзячы ні на што. У такіх незвычайных мясцінах, у вёсцы Вішнева на Смаргоншчыне, стаяў калісьці прыгожы будынак з чырвонай цэглы – фамільны маёнтак сям’і Карловічаў, дзе 11 снежня 1876 года нарадзіўся вялікі кампазітар, легенда айчыннай і сусветнай музыкі Мечыслаў Карловіч.

Аб бацьках будучага творцы варта сказаць асобна. Маці, Ірэна Сулістроўская, была маладзейшай за мужа на адзінаццаць гадоў і паходзіла са шляхецкага роду; з’яўлялася адной з чатырох дачок мясцовага арыстакрата Эдмунда Сулістроўскага, які меў роднасныя сувязі з родамі Друцкіх-Любецкіх і Радзівілаў.

Мечыслаў Карловіч, 1888 год

Яе муж, Ян Карловіч, таксама меў высакародныя карані – ягоныя продкі служылі ў арміі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, а бацька (дзед Мечыслава) Аляксандр вучыўся ў Вільні, пісаў вершы і нават сябраваў з Адамам Міцкевічам. Увогуле, Ян Карловіч быў асобай вельмі адоранай – апантаны навуковец, этнограф, мовазнаўца, ён распрацаваў методыку збiрання фальклору, запiсаў больш за 500 мелодый беларускiх народных песень, выдаў кнiгi з беларускiмi казкамi, легендамi i паданнямi, з’яўляўся сябрам i аднадумцам Францiшка Багушэвiча, Адама Гурыновіча і Элізы Ажэшка.

Мечыслаў быў чацьвертым, самым малодшым дзіцём ў сям’і Карловічаў. Нарадзіўся ён слабым і хваравітым, бо напярэдадні бацька выправіўся ў далёкае і небяспечнае падарожжа да Злучаных Штатаў з мэтай сустрэчы з навуковай грамадскасцю, а маці з той нагоды была ў вельмі занепакоеным стане. Як згадвала кузіна хлопчыка, у маленстве ён быў нярвовы, пануры, заўсёды бледны і вельмі ўражлівы, імкнуўся пазбягаць усеагульных дзіцячых забаваў.

Атмасфера ў вішнеўскім маёнтку панавала творчая – там часта збіралася прагрэсіўная інтэлігенцыя з усяго наваколля, ладзіліся музычныя вечары. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што любоў да музыкі ў малога Мечыслава абудзілася дзякуючы бацькам: маці выдатна спявала і грала на фартэпіяна, бацька быў віяланчэлістам-віртуозам. Апроч таго, шмат часу з ім праводзіла няня, якая безупынна напявала розныя жалобныя мелодыі беларускіх народных песень. Пазней кампазітар прызнаецца, што музычнымі ўспамінамі дзяцінства былі для яго творы С. Манюшкі, народныя спевы і музыка, народжаная ў Літве, якой, як вядома, тады называлася большасць беларускіх зямель.

Казімеж Прушыньскі, які добра ведаў кампазітара з дзяцінства, у сваіх успамінах узгадваў: “Аднойчы Мецю, які быў тады яшчэ падлеткам, паведаміў мне – пад вялікім сакрэтам – меркаванне свайго бацькі аб тым, што найбольш трывалым падмуркам Польшчы з’яўляюцца крэсовыя “ліцьвіны”… Быць “ліцьвінам” на тых землях значыла тое ж, што ў Кароне быць “мазурам”, ну і адпаведна Карловічы былі ліцьвінамі з крыві і косці”.

Аднак, пытанне нацыянальнай прыналежнасці ў дачыненні да знакамітых асоб заўсёды падаецца трохі спрэчным, асабліва з улікам таго, што ў тамтэйшы перыяд паняцце нацыі значна адрознівалася ад яе сучаснага разумення. Цікава, што адносна С. Манюшкі, які таксама нарадзіўся ў Беларусі і шматразова звяртаўся да выкарыстання беларускага фальклору ў сваёй дзейнасці, мноства даследчыкаў выказваецца прыкладна так, як Здзіслаў Яхімецкі, які сцвярджае, што “Станіслаў Манюшка быў кроў з крыві і косць з косці палякам”. Але як бы там ні было, творчая спадчына і С. Манюшкі і М. Карловіча, безумоўна, належыць адразу некалькім народам.

У сакавіку 1881-га года ў сям’і Карловічаў здарылася няшчасце – ад хваробы памерла старэйшая дачка, трынаццацігадовая Стася. Гэтае здарэнне вымусіла матку, Ірэну Сулістроўскую, цалкам паглыбіцца ў стан жальбы і моцна расчаравацца ў сваіх веравызнаннях, а бацька, Ян Карловіч, яшчэ больш замацаваўся ва ўласцівых яму і дагэтуль атэістычных перакананнях. Пяцігадовы Мечыслаў яшчэ слаба разумеў, што адбылося. Але разам з тым добра запомніў момант, калі восенню таго ж года яго павезлі ў Вільню, дзе ён атрымаў у якасці падарунка сваю першую дзіцячую скрыпку.

Мечыслаў Карловіч

Непрыхаваны атэізм і вольнадумства Яна Карловіча абвастралі адносіны з суседзямі. Да таго ж адначасовае утрыманне некалькіх фамільных маёнткаў вымагала вялікіх намаганняў, якія бацька Мечыслава больш ахвотна траціў на навуку. У 1882 годзе, прадаўшы асноўную частку маёмасці, Карловічы выехалі ў нямецкі горад Хайдельберг, дзе Мечыслаў пачаў хадзіць у школу, а таксама браць урокі ігры на скрыпцы. Будучы кампазітар разам з бацькам рэгулярна наведваў сімфанічныя канцэрты, а аднойчы нават патрапіў на оперу Бізэ “Кармэн”, што зрабіла на малога вялікае ўражанне.

Праз некалькі гадоў сям’я зноў змяніла месца жыхарства і пераехала спачатку ў Прагу, потым у Дрэздан і ўрэшце замацавалася ў Варшаве. Як вядома з аповедаў знаёмых сям’і, Мечыслаў, будучы падлеткам, любіў гойсаць па лёдзе на каньках, ахвотна ездзіў на ровары, захапляўся веславаннем на Лазенкоўскім возеры, а таксама катаннем на роліках па варшаўскай вуліцы Хмельнай, дзе тады жылі Карловічы.

Разам з тым увесь гэты час ён працягваў старанна авалодваць музычный навукай; па агульнадукацыйных прадметах меў пераважна добрыя адзнакі, хоць і часта прапускаў заняткі з-за перыядычных хваробаў. Маці вельмі патрабавальна ставілася да сына, які стараўся быць сумленным і адказным вучнем і штодзённа прысвячаў некалькі часоў музычным практыкаванням.

Першы ўласны твор Мечыслава Карловіча быў напісаны прыкладна ў 1893-м годзе для фартэпіяна і меў французскую назву “Chant de mai” (Травеньская песня). Адным з педагогаў Мечыслава быў выдатны скрыпач-віртуоз Станіслаў Барцэвіч, які пакінуў аб сваім вучні такія ўспаміны: “Ён вылучаўся спакоем, ураўнаважанасцю, шляхетнай стрыманасцю, якія знаходзілі сваё адлюстраванне і ў ягонай манеры ігры. Апошняя не вызначалася нейкай асаблівай тэмпераментнасцю або віртуознасцю, аднак была вельмі высокага тэхнічнага ўзроўня, чыстай у інтаніраванні, наскрозь музычнай у фразіроўцы… Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, нас аб’ядноўвалі сардэчныя стасункі, якія грунтаваліся на пачуцці ўзаемнай сімпатыі”.

Як з выкладчыкамі, так і з бацькам у Мечыслава склаліся досыць прыязныя і даверлівыя адносіны. Аўтарытэт і шырокая эрудыцыя Яна Карловіча ў далейшым значна паўплывалі на станаўленне светапоглядаў ягонага славутага нашчадка. Вядомы музыколаг Адольф Хыбіньскі сведчыў, што Ян Карловіч быў не толькі віяланчэлістам, але граў таксама на аргане і фартэпіяна (часам у чатыры рукі разам з жонкай), складаў і абнаўляў уласны музычны рэпертуар, часта запрашаў у госці знаёмых музыкантаў [6, с. 20]. Асаблівай пашанай у сям’і карысталася камерная музыка, у тым ліку творы Бетховена, Мендэльсона, Моцарта, Палестрыны, Гайдна.

Апроч поспехаў у музычнай сферы, Мечыслаў дэманстраваў шырокае кола зацікаўленасцяў – яго вабілі фізіка з механікай, сталярства і адпачынак на прыродзе. На канікулах ён разам з маці неаднаразова бываў у Вішневе, дзе з прыемнасцю бадзяўся па лесе з кошыкам ды вандраваў па азёрнай прасторы разам з рыбакамі. Чаму кампазітар не вярнуўся ў дарослым узросце ў краіну свайго дзяцінства?

Адной з галоўных прычын, на думку аднаго з даследчыкаў ягонага жыцця, былі складаныя адносіны са старэйшым братам Эдмундам, які працаваў лекарам і гаспадарыў у вішнеўскім маёнтку пасля смерці бацькі. З братам яны былі поўнымі антыподамі, мелі розныя погляды на жыццё і стараліся ўсяляк пазбягаць адзін аднаго. Відаць, таму пасля 1903 года Мечыслаў Карловіч ужо больш ніколі не наведваўся ў родную старонку, у паветры якой панаваў дух “нейкага неўсвядомленага, незлічонага смутку” [2, с. 374]. Ваколіцы Вішнева засталіся для яго ў мінулым, раз-пораз усплываючы ў памяці і нагадваючы аб сабе ў адпаведных меладычных увасабленнях.

Летам 1889 года маці вывезла дзяцей на адпачынак у Закапанэ, дзе Мечыслаў упершыню пабачыў Татры і адразу ж закахаўся ў гэтыя непаўторныя краявіды. Цікава, што старажытны Кракаў выклікаў у М. Карловіча цалкам іншае ўражанне: “Нічога там асаблівага няма, — пісаў ён да сябра Казімежа, — Звычайная глуш”. І гэта з улікам таго, што па ўсіх аб’ектыўных паказчыках азначэнне “глуш” у той час якраз больш адпавядала вёсцы Закапанэ, далёкай ад даброт цывілізацыі.

Тым не менш, для Мечыслава гэтая паездка ў значнай ступені стала лёсавызначальнай. І сапраўды, нават самае суровае сэрца не можна не ўскалыхнуцца ад спаткання з надзвычайным хараством гэтых мясцінаў. Карловіч, якому потым даводзілася бываць у гарах Германіі і Аўстрыі, Італіі і Швейцарыі, Харватыі і Чарнагорыі, назаўжды застаўся верным свайму “першаму каханню”, бо, па словах маткі, не знаходзіў у іншых месцах чагосьці прыгажэйшага за Татры. Як слушна зазначыў сябра кампазітара Раман Кордыс, “Карловіч меў два захапленні: музыку і Татры. Дзве гэтыя сферы не спаборнічалі паміж сабой у ягоным ментальным і псіхічным жыцці, у побыце і штодзённых занятках, наадварот – гарманічна ўзаемадзейнічалі”.

У 1893-м годзе, пасля сканчэння прэстыжнай гімназіі пад кіраўніцтвам Войцэха Горскага, атрымаўшы атэстат сталасці, Мечыслаў Карловіч паступіў на прыродазнаўчы факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. Годам пазней, у пэўнай ступені пад уплывам маці, якая прагнула бачыць у сыне віртуознага скрыпача, ён паехаў у Берлін з намерам стаць вучнем славутага Йозефа Яўхіма. Аднак, пасля нечакана няўдалай здачы экзамена ў кансерваторыю паступіць не змог і стаў браць прыватныя ўрокі ў Фларыяна Заіца, а пасля – у Генрыка Урбана, які імкнуўся ўсебакова развіваць індывідуальныя якасці вучняў, прадастаўляючы ім значную ступень свабоды. Аб сваім настаўніку малады кампазітар з вялікай павагай распавядаў у 1900-м годзе ў артыкуле для папулярнага часопіса “Рэха музычнае, тэатральнае і мастацкае”, да таго ж прысвяціў яму свой “Скрыпічны канцэрт A-dur”, які сярод сучасных скрыпачоў лічыцца адной з вяршыняў выканальніцкага майстэрства.

Браты Эдмунд і Мечыслаў Карловічы

Адначасова Мечыслаў наведваў заняткі па гісторыі музыкі, філасофіі, псіхалогіі і …ўпадабанай ім са школьных гадоў фізікі ў Берлінскім ўніверсітэце. За разнастайнасцю інтарэсаў пачало паступова выяўляцца і набіраць моц асноўнае прызванне Карловіча – кампазіцыя. Падчас вучобы ў Берліне ён стварыў шмат песень, у тым ліку на словы Казімежа Пшэрвы-Тэтмайера, Марыі Канапніцкай, Зыгмунта Красіньскага, а таксама серанаду, сімфанічную ўверцюру “Б’янка з Малены”, санаты, вальсы, ронда, распачаў працу над сімфоніяй “Адраджэнне”. Вельмі падабалася М. Карловічу музыка Э. Грыга і яе відавочны ўплыў быў адчувальны ў ягоных творах.

Скончыўшы вучобу, Карловіч вярнуўся ў Варшаву, дзе праз некалькі гадоў, у межах сваёй дзейнасці ў Варшаўскім Музычным Таварыстве, заснаваў струнны аркестр і засяродзіўся на сімфанічнай музыцы. Як адзначаюць сучасныя музыказнаўцы, “Карловіч быў дзіўным чынам падпарадкаваны шапенгаўэраўскай і ніцшэанскай канцэпцыі музыкі як мастацтва, якое мае асаблівыя прывілеі ў выражэнні абсалютнай ідэі”. Гэтаму спрыялі не толькі эстэтычныя погляды кампазітара, але і асабістыя якасці ягонага характару.

Кузіна кампазітара, Хелена Ромэр-Ахенкоўска адзначала, што “Мечыслаў быў скептыкам і свядома рабіў на тым акцэнт, любіў здавацца халодным, пагардліва ставіўся да палкасці – маёй і брата, вельмі рэдка і з цяжкасцю ішоў на кантакт з намі. Быў ўпарты, як і матка, па-тутэйшаму, па-ліцьвінску; за зняважлівыя адносіны да яго і абразу ягоных захапленняў, грэбаванне ягонай воляй хаваў у сабе крыўду доўга. Ніколі не праяўляў выбуховасці (як ягоны брат), але мог памятаць непрыемныя выпадкі гадамі, кіснуў без усялякіх сур’езных падставаў, пазбягаў людзей і меў прэтэнзіі да блізкіх.

Трэба было заўсёды нанова заваёўваць ягоныя сімпатыі… Не быў ні вясёлым, ні даверлівым, ні кампанейскім. Аднак адрозніваўся лагоднасцю і прывязанасцю да некаторых старых, з якімі бавіў час у дзяцінстве; меў глыбокія невыразныя сантыменты да Вішнева і тамтэйшага люду, з якім хадзіў на паляванне, гуляў па лясах або часамі, паглыблены ў задуменне, калыхаўся на азёрных хвалях. Будучы прадуктам вырафінаванага інтэлекту, вельмі любіў прыроду і шукаў у ёй спакой…”.

Сяброўка сям’і Карловічаў, Аліна Свідэрска пакінула такія ўспаміны: “Вельмі высокі і худы, замкнёны ў сабе, у абыходжанні з іншымі халодны, а часам нават жорсткі, мог, разам з тым, калі хацеў, праяўляць дабрыню… Гэта быў надта складаны характар. З’яўляўся ён натурай арыстакратычнай, вынослівай, скрытнай. З’едлівы, іранічны, часам вельмі непрыемны ў стасунках, бываў разам з тым надзвычай пяшчотным і далікатным.

Вельмі любіў жывёлаў (сабак, катоў, птушак), — гэта ў яго ад маткі; быў заўсёды добрым да дзяцей і старых. Наогул Мечыслаў быў не па гадах сур’ёзны, вельмі педантычны, кожную рэч стараўся рабіць дакладна і элегантна. Калі знаходзіўся ў добрым настроі, мог быць бязмерна забаўным. Меў адмысловы мімічны талент, умеў дэманстраваць асаблівасці маўлення і дыкцыі беларускіх сялян і мясцовых жыдоў; у хвіліны выключнай весялосці сядаў на крэсла і так “рабіў” малпу, што ўсе пакатваліся са смеху. Быў вельмі дасціпны”.

Своеасаблівае пачуццё гумару кампазітара добра ілюструе такі выпадак. Аднойчы Мечыслаў, які быў заўзятым рыбаловам, сядзеў на беразе ракі з вудай, спадзеючыся налавіць фарэлі. Адпаведнага дазволу ў яго не было, таму неўзабаве з-за дрэваў з’явіўся рачны вартаўнік і раззлавана запытаўся, на якой падставе адбываецца лоўля рыбы. “Шаноўны, — спакойна адказаў Карловіч, — я гэта раблю пад уплывам неадольнай, загадкавай моцы генiяльнай інтуіцыі, якая пануе над бездапаможным стварэннем”. Разгублены, збіты з панталыку вартаўнік палічыў гэтае інтэлектуальнае выказванне за нейкае новае прадпісанне, зняў шляпу і папрасіў прабачэння.

Здольнасць да іроніі аднойчы праявілася і ў творчасці – Мечыслаў напісаў жартаўлівую “Мартаўскую серанаду з катом Es-dur” для скрыпкі і віяланчэлі, дзе выкарыстаў высокія скрыпічныя гукі, якія з вялікім падабенствам імітавалі кацінае мяўканне.

Сябра М. Карловіча, Станіслаў Шумоўскі са здзіўленнем адзначаў спалучэнне артыстычных здольнасцяў кампазітара з трывалым жаданнем сістэматызаваць сваё жыццё. Нягледзячы на тое, што такую з’яву, як творчае натхненне, упарадкаваць немагчыма, Карловіч, між тым, рабіў дэталёвы расклад сваіх штодзённых заняткаў, падрабязна распісваючы, колькі часу трэба прысвяціць кампазітарскай, літаратурнай, грамадскай дзейнасці, адпачынку і нават фізічным практыкаванням.

С. Шумоўскі цалкам абвяргаў распаўсюджанае меркаванне аб М. Карловічу як аб эгаісце, мізантропе і меланхоліке, падкрэсліваючы, што гэта быў чалавек з моцнай воляй і нязломным характарам, занадта патрабавальны да сябе і талерантны да іншых.

Сам кампазітар так характарызаваў сваю дзейнасць: “Пры кожным новым творы, які я распачынаю, маю запал і веру, што будзе ён у пэўны момант адпавядаць маім намерам і майму “крэда”; пры кожным скончаным творы пакутліва адчуваю, што дарога яшчэ бязмерна далёкая, можа нават бязмежная! І ўсе думкі збягаюць ад скончанай рэчы, каб звярнуцца да новага праекту і ўвасобіць яго без мінулых памылак і недахопаў. Але паўтараецца тое ж самае пастаянна і здаецца прызначэннем кожнага, хто ўсёй душой закахаўся ў мастацтва. Шчасліўцы тыя, хто па завяршэнні чагосьці, прызнаюць, што “справа выйшла добрая” і ўмеюць радавацца; мне ж гэта не дадзена”.

Схільнасць да перфекцыянізму і прынцыповасць Карловіча неаднаразова ўскладнялі яму жыццё. У прыватнасці, ён з усёй энергіяй уключыўся ў барацьбу, якая разгарнулася вакол Варшаўскай філармоніі, якой кіраваў тады Аляксандр Райхман. Маладыя польскія кампазітары спадзяваліся, што філармонія стане пляцоўкай, на якой яны змогуць прэзентаваць грамадскасці свае новыя творы.

Вішнеўскае возера

Аднак тагачаснае кіраўніцтва філармоніі, гэтая старая музычна-артыстычная “мафія”, не пайшла насустрач моладзі, і замест таго, каб аказваць падтрымку талентам, прытрымлівалася палітыкі, скіраванай на атрыманне найбольшага прыбытку – ладзіла імпрэзы з папулярнай, лёгкай для ўспрымання большасцю музыкай, дазволіла праводзіць у будынку кінематаграфічныя сеансы, не звяртаючы ўвагу на неабходнасць развіцця класічнага мастацтва. Карловіч, з уласцівай яму з’едлівасцю, адрэагаваў на гэта смелым памфлетам і ўзнагародзіў тамтэйшае культурнае асяроддзе тытулам “варшаўскай балоцвіны”.

Працуючы ў Варшаве, Карловіч не толькі займаўся грамадскай дзейнасцю і пісаў новыя творы, але і канцэртаваў. Так, у лютым 1903 года ў Залах Рэдутовых, што на Тэатральнай плошчы, адбыўся першы канцэрт заснаванага ім сімфанічнага аркестра. Аб гэтай падзеі газета “Ранішні кур’ер” пісала наступнае: “Малады кіраўнік той сімпатычнай аркестравай фармацыі, адораны кампазітар М. Карловіч, дырыжыраваў з захапленнем і, узнагароджаны за сваю працу апладысментамі, відавочна ў будучым зробіць усё, што ад яго залежыць, каб давесці свой аркестр да дасканаласці”.

Аднак, панегірыкі ў свой адрас кампазітару даводзілася чуць нячаста. У адносінах да вялікага канцэрта пад кіраўніцтвам Карловіча, які адбыўся ў наступным, 1904-м годзе, вядучае выданне – “Рэха музычнае, тэатральнае і мастацкае” – не змясціла на сваіх старонках не толькі рэцэнзіі, але нават ніводнай згадкі. Прычынай таму быў вышэйзгаданы канфлікт паміж М. Карловічам і А. Райхманам.

Апошні, карыстаючыся шырокімі сувязямі ў музычным свеце, садзейнічаў ігнараванню дасягненняў кампазітара і чыніў усялякія перашкоды выкананню ягонай музыкі ў зале Варшаўскай філармоніі. Нягледзячы на гэта, Карловіч паспяхова гастраляваў у Германіі і Аўстрыі, і за перыяд 1904-1909 гг. напісаў шэсць выдатных сімфанічных твораў.

“Паэтычная фантазія і экзальтацыя, меладычная інвенцыя, каляровасць, зменлівасць, і пры гэтым логіка музычнага руху, смеласць гарманічнага развіцця, багаццце кантрапункцыйнай працы – вось найбольш істотныя рысы кампазітарскага ідэала музыкі,” – сведчыць даследчык творчасці М. Карловіча Лешак Палёны.

Насамрэч, па ўзроўні арыгінальнасці, творчай фантазіі і ўзнёслай вытанчанасці творы М. Карловіча можна суаднесці з найлепшымі шэдэўрамі музычнага мастацтва аўтарства тых, каго ён вельмі шанаваў – П. Чайкоўскага, Э. Грыга, Р. Штрауса, Р. Вагнера ды іншых славутых майстроў. М. Карловіч быў адным з тых, хто здолеў удала ўзнесці традыцыі ўсходнеславянскага меласу і тыповыя беларускія мелодыі на агульнаеўрапейскі ўзровень.

Неабходна адзначыць, што перыяд станаўлення М. Карловіча як кампазітара супадае з пачаткам яскравай мастацкай эпохі пад назвай “Млода Польска” і ўзнікненнем адпаведнай творчай суполкі. Карловіч, хоць фармальна і не належаў да гэтай групы, ствараў музыку ў так званым “млодапольскім” стылю, які вызначаўся рысамі неарамантызму, сімвалізму, экспрэсіянізму, мадэрнізму і дэкадансу. Гэта быў моцны подых новай эры ў культуры, акрэсленай кшталтаваннем агульнаеўрапейскага трэнду. Прастэст супраць мяшчанства, пошукі сэнсу існавання і тэма смерці займалі адно з ключавых месцаў у дзейнасці артыстычных колаў новай генерацыі.

“Смерць была адзінай прыгодай Карловіча,” – адзначае Й. Экерт у анатацыі да кружэлкі з творамі кампазітара. “Смутак кіраваў ў ягоных разважаннях аб справах канчатковых і ўзнёслых, пазначаных меланхоліяй і плямай песімізму. З такіх настрояў выраслі, уласна кажучы, “Адвечныя песні”.

Гэты незвычайны “пантэістычны” трыпціх, задуманы ў Закапанэ, быў завершаны на пачатку 1906 года ў Варшаве. Распачынаецца твор гучаннем далікатнай мелодыі на англійскім ражку – у першай частцы, названай “Песняй аб спрадвечным смутку”.

Закапанэ ў пачатку ХХ ст.

У другой частцы, якая мае назву “Песня кахання і смерці”, можна пачуць апрацоўку беларускай пахавальнай песні, афарбаванай гучаннем флейт. Да трэцяй манументальнай часткі – “Песня аб усюдыіснасці” – кампазітар пакінуў каментар у сваіх лістах: “Калі знаходжуся адзін на пакручастай вышыні, маючы толькі лазуровы купал нябёсаў над сабой, а навокал – затопленыя ў моры раўнін застылыя ідалы вяршыняў – тады пачынаю расплывацца ў наваколлі, якое пранікае праз усе фібры маёй душы, напаўняючы яе пяшчотным святлом і сягаючы да глыбіняў, дзе ляжаць успаміны аб перажытых клопатах і болю, загойвае і ўлагоджвае іх. Моманты, перажытыя ў гэткай паўсвядомасці, паўстаюць нібы часовы зварот да нябыту, яны даюць спакой адносна жыцця і смерці, кажучы аб вечнай раўнавазе растварэння ў сусвеце”.

Асобнае месца ў творчасці М. Карловіча займае “Літоўская рапсодыя”, заснаваная на аўтэнтычных беларускіх напевах, якія кампазітар добра памятаў з малых гадоў. Восенню 1906-га года, знаходзячыся ў Ліпску на курсе ўдасканалення дырыжорскага майстэрства, Мечыслаў піша да сябра Адольфа Хыбіньскага: “…скончыў твор, які хутчэй за ўсё назаву “Літоўскай рапсодыяй”.

Стараўся закласці ў яго суцэльны жаль, смутак і векавую няволю таго люду, песні якога гучалі ў маім дзяцінстве. Ці атрымалася ў мяне перадаць у форме аркестровага твору хаця б частку таго, што вісіць у паветры кожнага кутка той старонкі, аб тым судзіць не магу”. Поўная драматызму і наскрозь лірычная па змесце, “Літоўская рапсодыя” стала своеасаблівай данінай памяці роднаму краю, выдатна ілюструючы ўвасабленне нацыянальнага духу ў сімфанічнай музыцы.

Само паняцце рапсодыі ўтварылася яшчэ ў часы Гамера, калі артысты-рапсоды выразна дэкламавалі старажытныя паэмы пад акампанемент на ліры або кіфары. У XIX стагоддзі пад рапсодыяй сталі разумець інструментальнае сачыненне імправізацыйнага характару з выкарыстаннем народных мелодый. Шырокую вядомасць набылі “Венгерскія рапсодыі” Ф. Ліста, “Славянскія рапсодыі” А. Дворжака, “Іспанская рапсодыя” М. Равэля і іншыя аналагічныя творы. “Літоўская рапсодыя” М. Карловіча, якую хутчэй можна было б лічыць рапсодыяй “ліцьвінскай”, маючы на ўвазе яе сэнсавае значэнне, у метафарычнай форме заключае ў сабе шэраг успамінаў пра край дзяцінства.

Як ужо згадвалася, назва “Літва” тут мае гістарычнае, а не этнічнае значэнне. Асноўны лейтматыў твора – мелодыя жніўнай песні “Ды пара дамоў” – нібы малюе традыцыйны беларускі вясковы краявід, у якім на працягу стагоддзяў мала што змянілася. Апроч яе, у “Літоўскай рапсодыі” прысутнічае цэлы “букет” мелодый іншых беларускіх народных спеваў – вясельнага, жартаўлівага, сямейна-побытавага, а таксама дзіцячай калыханкі. Некаторыя з іх, дарэчы, былі занатаваныя ў працы Міхала Федароўскага пад назвай “Люд беларускі на Русі Літоўскай. Матэрыялы да славянскай этнаграфіі”, выданню якой у свой час паспрыяў бацька кампазітара.

На адным з падараваных камусьці з сяброў аўтографаў з фрагментам “Літоўскай рапсодыі” Карловіч напісаў такія словы: “Жыва паўстаюць у маёй памяці пасекі, калі сонечным поўднем шуміць там вецер. Ствараецца ўражанне, быццам даносіцца адтуль шэпт нейкага зачараванага велізарнага духу. Гамоніць ён бясконца, распавядае аб спрадвечных журботных падзеях, потым енчыць, скардзіцца, пакуль не змоўкне ў далечыні. Лес стаіць, прасякнуты сонцам, неба ў блакіце – здавалася б, павінна тут быць радасць, але тым часам адчувацца растоплены ў лесе і паветры нейкі невымоўны жаль, нейкая хваравітасць неўсвядомленых і незлічоных смуткаў”.

Багацце скарыстанага музычнага матэрыялу падкрэсліваецца прысутнасцю аркестравай фактуры са шматлікімі фрагментамі поліфанізму і маляўнічай аранжыроўкі, а перавод меладычнай лініі ў нізкія рэгістры дадае адмысловыя фарбы у агульную карціну, не пазбаўленую прыхаванай таямнічасці. І калі б нават кампазітар не напісаў больш нічога, апроч “Літоўскай рапсодыі”, ужо гэтага было б дастаткова, каб адвесці Мечыславу Карловічу пачэснае месца ў гісторыі беларускай музычнай культуры.

Наступныя два значных твора М. Карловіча таксама вылучаюцца агульным мінорным настроем, выдатнай інструментоўкай, дасканалым поліфанізмам і …тэматыкай смерці ў якасці ідэйнага стрыжня. Ці спрабаваў малады кампазітар такім чынам асэнсаваць чалавечае існаванне або гэта адбывалася пад уплывам пануючай тады філасофіі дэкадансу – дакладна невядома. Аднак, таямнічасць феномену смерці не толькі авалодала думкамі творцы, але і прыцягнула, як магніт, трагічны фінал ягонага ўласнага быцця…

Кампазітар у ваколіцах Закапанэ

Сімфанічная паэма “Станіслаў і Ганна Асвенцымавы”, створаная кампазітарам у 1906-м годзе, грунтавалася на паданні аб “польскіх Рамэа і Джульеце”: брат і сястра мелі няшчасце пакахаць адзін аднаго, аднак іх душы змаглі паяднацца толькі пасля смерці. Адна з гіпотэз, якая тлумачыць выбар Карловічам гэтай гісторыі, звяртае ўвагу на тое, што тут меліся і пэўныя асабістыя прычыны, а менавіта – колішняя закаханасць Мечыслава ў малодшую за яго на тры гады кузіну Людвіку Снядзецкую.

Версія гэтая, аднак, не мае дакладных доказаў у адрозненні ад факту, які сведчыць, што ў 17-гадовым ўзросце, будучы ў Кракаве, Карловіч быў моцна ўражаны карцінай Станіслава Бергмана – вобразам Станіслава, які ў роспачы сядзіць ля труны Ганны.

У сваю чаргу сімфанічны твор “Сумны аповед” ілюстраваў псіхалогію самагубцы, прадстаўляў у сімвалічнай форме апошнія змаганні волі да жыцця з няўхільным намерам перайсці ў нябыт. Такія нестандартныя праявы творчай думкі разам з наватарскім, вельмі індывідуалізаваным тыпам кампазітарскай тэхнікі, узбуджалі ў грамадстве супрацьлеглыя меркаванні. Карловіча крытыкавалі за эклектызм, за падпарадкаванне найноўшым мадэрнісцкім тэндэнцыям і празмерную меланхалічнасць. Нават маці, Ірэна Сулістроўская, неяк адзначыла гэтую характэрную асаблівасць, кажучы: “Ягоная музыка, як і ён сам, да дна смутная”.

У 1907-м годзе М. Карловіч вырашыў застацца жыць у мілым ягонаму сэрцу Закапанэ. Тут ён актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці турыстычнай секцыі Татранскага Таварыства, займаўся публіцыстыкай, фатаграфаваннем, альпінізмам, лыжным спортам, прапагандай актыўнага адпачынку на прыродзе і, безумоўна, музыкай. Адзін са знаёмых Карловіча неяк са смехам узгадваў, як аднойчы Мечыслаў павёў групу паненак на экскурсію ў горы. Маладыя жанчыны і дзяўчаты нібы сабраліся на баль – прыйшлі ў абутку з высокімі абцасамі і белымі парасонамі ад сонца. Зразумела, што ў фінале экскурсіі ад абцасаў і парасонаў мала што засталося…

Такі лад жыцця ў гармоніі з прыродай цалкам задавальняў кампазітара, які ўжо не ўяўляў сябе ў іншым асяродку. Тым не менш, перыядычна ён наведваўся ў Варшаву, дзе даваў канцэрты. Апошняя імпрэза з удзелам Карловіча ў якасці дырыжора адбылася ў Варшаўскай філармоніі 21 студзеня 1909 года. Былы апанент кампазітара, А. Райхман, тады ўжо не кіраваў філармоняй, у якой, дарэчы, пачалі ўсе ж такі адбывацца змены ў лепшы бок.

Аркестр з вялікім поспехам выканаў “Адвечныя песні”, у залі доўга не змаўкалі апладысменты ўдзячных слухачоў і, здавалася, надыйшоў урэшце час, каб зорка Карловіча пачала ўваходзіць у зеніт славы…

Кампазітар вярнуўся ў Закапанэ з вялікім імпэтам да новых здзяйсненняў і ўдалай пакупкай – найноўшым фотаапаратам, які ён хацеў як мага хутчэй апрабаваць. Раніцай 8-га лютага 1909 года Мечыслаў, стаўшы на лыжы, выбраўся з гэтай мэтай у горы. Ягоныя вірлівыя творчыя задумы былі сканцэнтраваны на стварэнні новай сімфанічнай паэмы пад назвай “Эпізод на маскарадзе”, няскончаныя рукапісы якой засталіся на працоўным стале. Побач з імі ляжаў падручнік па лыжным спорце, нейкім містычным чынам адкрыты на старонках, прысвечаных снежным лавінам.

Карловіч быў вопытным турыстам і не меў схільнасці да рызыкоўных падарожжаў. Аднак раптоўны і непрадказальны сход снегу ў ваколіцах гары Малы Касцелец, недалёка ад возера Чорны Стаў, бязлітасна спыніў жыццё вялікага творцы. Цела адшукалі праз некалькі дзён, пахаванае пад халоднымі скляпеннямі снежнай капліцы. Знойдзены ў рукзаку М. Карловіча фотаапарат не меў аніводнага пашкоджання і выдатна захаваў зробленыя ім здымкі татранскіх абшараў, якія сталі маўклівымі сведкамі заўчаснай смерці аднаго з найбольш яскравых кампазітараў пачатка ХХ стагоддзя.

Адзін з блізкіх знаёмых сям’і, даведаўшыся аб смерці Карловіча, тэлеграфаваў ягонай маці: “…не смею прасіць аб чымсьці, бо ведаю, што боль Твая не мая межаў. Адно толькі: выбачай гарам, якія ён так любіў”. Ірэна Сулістроўская перажыла ўсіх сваіх дзяцей і сустрэла старасць у беднаце, роспачы і адзіноце.

Магіла М. Карловіча знаходзіцца ў Варшаве, на Павянзкоўскіх могілках, а на месцы ягонай пагібелі ў Татрах усталяваны мемарыяльны камень, на якім, апроч старажытнага, папулярнага сярод горцаў у якасці ахоўнага сродку, салярнага знака свастыкі, знаходзіцца надпіс: “Non omnis moriar” (Не цалкам я памёр).

Адкрыццё помніка Карловічу

Міжволі прыгадваюцца словы іншага генія, А. Пушкіна: “Не, цалкам не памру, у запаветнай ліры душа працягне жыць…” І цяпер, калі мы слухаем творы М. Карловіча, за стракатым, эмацыянальна насычаным музычным палатном спакваля праяўляецца вобраз аўтара, які быў прадвеснікам чарговага этапу развіцця музычнага мастацтва, сцвярджаючы, што яно “…павінна пайсці і пойдзе новымі шляхамі, і у памкненні гэтым не стрымае яго грамада цемрашальцаў, як рука чалавека не можа затрымаць сонца і зорак у іхнім руху”.

Мечыслаў Карловіч быў адным з выдатнейшых прадстаўнікоў неарамантычнага сімфанізму; кампазітарам-наватарам, які заклаў падмурак для шырокага выкарыстання найноўшых еўрапейскіх тэхнік інструментоўкі; асобай, творчасць якой аказала істотны ўплыў на шэраг таленавітых дзеячаў пазнейшага перыяду; выключна адораным чалавекам, што да канца дзён падтрымліваў шчыльную ментальную сувязь са сваёй Айчынай, для якой ён зрабіў за сваё кароткае жыццё нямала. І вельмі прыкра, што імя гэтага творцы, які мог бы лічыцца адным з сімвалаў нашай нацыянальнай кампазітарскай школы, згадваецца сёння ў рэспубліцы зусім нячаста, адпаведнага помніка ў роднай вёсцы Карловіча няма, а ягоныя творы не гучаць па радыё і не ўпрыгожваюць паліцы айчынных музычных магазінаў. А між тым, даўно надышоў час належным чынам ушанаваць памяць вялікага маэстра на ягонай радзіме – Беларусі.

Написать комментарий 7

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях