Наш і ваш кандыдат
52- Зміцер Дашкевіч
- 6.01.2014, 13:14
- 30,830
2013 год, які паспяхова збег ад нас днямі, пакінуў недагаворанымі некаторыя тэмы.
Адна з іх – дыскусія па вылучэнні беларускай апазіцыяй адзінага кандыдата. Дыскусія гэтая вядзецца палымяна і некаторымі нават натхнёна. Пачынае складвацца ўражанне, што ледзьве не лёс усяе дзяржавы залежыць ад яе вырашэння.
І самае смешнае ў гэтай размове што? Точна, тое што адзіных кандыдатаў мы ўжо мелі.
Мы мелі супер-кандыдата у 2001 годзе – прафбоса Ганчарыка. Чуда-палітолагі былі ў захапленні: сам кіраўнік мільённых прафсаюзаў авасобіў і ўзначаліў апазіцыю! Пытанне ягонай перамогі паліттэхнолагамі было перадвызначана. Але што мы мелі па выніку? Па выніку мы мелі такое ганьбішча, якое “не снілася ні Фараону, ні Салямону” – гэты адзіны кандыдат і начальнік апазіцыі сам асабіста разганяў з плошчы тых, хто прыйшоў дамагацца ягонай перамогі. А мы што? Мы плакалі і разыходзіліся.
І ў 2006-ым таксама быў адзіны кандытат. Таксама паліттэхнолагі былі ў захапленьні – усю апазіцыю аб’яднаў ён з трэцім сектарам. З чым мы выйшлі з тае кампаніі мы памятаем – з горыччу паразы і здрады. Дзякаваць Богу, што знайшлося пару соцень маладзёнаў, якія захапілі Кастрычніцкую плошчу на чацьвёра сутак і перайменавалі яе ў плошчу Кастуся Каліноўскага. Перамогу не здабылі, але прагу нацыі да свабоды прадэманстравалі, гонар народу выратавалі.
На двары ўжо хутка 2015-ты – пяты (!) заход гаранта ў Дразды. А нам ізноў прапануць зацыкліцца на адзіным.
Адзіны кандыдат ад апазіцыі – гэта, канешне, добра; але, як яскрава сведчаць 2001 і 2006 гады, далёка не панацэя ад усіх немачаў апазіцыі і грамадства. Як такія адзіныя, дык лепей ужо ўвесь палітычны спектар кандыдатаў у 2010-ым – кожны мог падтрымаць упадабанага. Ды і што казаць, 30 – 50 тысячаў на праспекце ў 10-ым – гэта пасур’ёзней удар па самазванцу, чым 100 чалавек у 2001-ым ці 500 чалавек у 2006-ым.
Не, не ў адзіным кандыдаце ключ да перамогі, а ў тым, што мы робім ў дзень, калі Лукашэнка крадзе нашыя галасы. Наш і ваш кандыдат – гэта наша прага да пераменаў, гэта нашая стратэгія. Тут нават не патрэбна залішніх словаў. Цягам ужо 20 год нічога не мяняецца ў нашай краіне: раз на пяць год наш і ваш кандыдат – гэта Плошча.
Генералісімус такі слабы, якім слабым ён не быў ніколі. Пасля тэрактаў 2008 і 2011 гадоў ён ужо ніколі не напусціць туману ў вочы беларускай стабільнасцю. Пасля дэвальвацыяй 2012 і 2013 годоў ён ужо ніколі не верне галасы падманутых і абакрадзеных.
Наш жа і ваш кандыдат у 2015-ым павінен быць магутным. Ён павінен быць едным. Ён павінен быць мэтанакіраваным. І з гэтым кандыдатам мы вернем сабе краіну і свабоду.
Зміцер Дашкевіч, спецыяльна для charter97.org