19 апреля 2024, пятница, 11:24
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Адказ за 300

18
Адказ за 300

Проста несці адказнасць за 3 000, яшчэ прасцей за 30 000, і зусім лёгка за 300 000. А хто адкажа за 300? Хто адкажа за 300 чалавек на «Дзядах»?

І тролі, і гэбэшныя пісарчукі, і нават некаторыя людзі сумленныя ды заслужаныя сышліся на меркаванні, што вінавата ці тое ўся апазіцыя, ці тое КХП-БНФ асобна ўзяты.

Пытанняў няма, мяне таксама замучылі арганізатары штогадовым прызначэннем «Дзядоў» на час, які супадае з царкоўным служэннем. З улікам яшчэ і таго, што як раз у першую нядзелю (раз на месяц) у пратэстанцкіх цэрквах Беларусі «ламанне хлеба» (Эўхарастыя), удзел у шэсці ускладняецца яшчэ болей. І сёлета мы вырашылі быць у царкве. Так бы на акцыі было 303 байцы.

Таму законна магу сказаць і я: ва ўсім вінавата апазіцыя. Апазіцыя і такая, і сякая, і гэтакая – падтрымаў бы мяне кожны форумны пісака.

Але згадзіцеся, калі ў турму садзяць нейкага апазіцыянера, хаця б нехта з ягоных паплечнікаў, але на пратэст выйдзе і нават коштам сваёй свабоды свабоду сябру запатрабуе. А вы ўзгадайце, калі ў Беларусі забіраюць няўгодны бізнэс, што, шмат бізнэсоўцаў пратэстуе? А калі ў Беларусі адбіраюць хвалі ў радыёстанцыі, што, шмат радыёстанцый абураецца? А калі закрываюць незалежную газету, што, шмат газет у знак салідарнасцi спыняе выхад?

У рэшце рэшт, калі ілжыва і нечакана абвальваюць рубель і на 30-50% рабуюць кожную сям’ю, гэта па кім удар - па апазіцыі ці па ўсім народзе? І што, шмат з гэтае нагоды вы бачылі тысячных акцый пратэсту?

Нам трэба зразумець адну важную рэч, без якой ніколі не адбудзецца ў Беларусі пераменаў – за стан грамадства адказны кожны з нас. Адказны кожны апазіцыянер, кожны журналіст, нават кожны форумны пісака – любы чалавек, каторы прагне пераменаў для нашай радзімы. Бо калі вярнуцца да этымалогія слова «апазіцыя», якое паходзіць з лацінкага oppositio і азначае «супрацьпастаўленне», «пярэчанне», мы зразумеем, што «апазіцыя» – гэта кожны, хто супрацьстаіць беззаконню і пярэчыць хлусні.

Дык скажыце тады, чаму за дэмаралізацыю і дэзінтэграцыю, абыякавасць і забітасць ўсяго беларускага грамадства адказнасць павінны несці толькі партыйныя актывісты беларускай апазіцыі? Іншыя хочуць застацца нявінна народжанымі?

Проста адказваць за 300 000, і як хацелась бы адказваць за 3 000 000. Але я разумею, што сёння мушу несці адказнасць за 300 чалавек на «Дзядах». І нават маю нахабства сцвяржаць, што адказнасць павінен несці кожны – і чым хутчэй усе мы гэта зразумеем, тым хутчэй у нас з’явіцца шанец на перамены.

Змiцер Дашкевiч, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 18

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях