28 апреля 2024, воскресенье, 1:03
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Перыметр бяспекі для беднага рэжыму

5
Перыметр бяспекі для беднага рэжыму

Беларусам пашчасціла. Не толькі таму, што ў Сочы ўзялі той доўгачаканы медаль. Падзея больш значная.

З’явіўся ў інтэрнэце ролік, у якім адлюстравана імгненне непасрэднай рэакцыі на гэтую падзею найвышэйшага кіраўніцтва. І ўся краіна можа нарэшце пабачыць сваю эліту. Без рэтушы. У рэальным вымярэнні. І гэта не якія-небудзь там акадэмікі, дзеячы мастацтва або урадоўцы высокага рангу.

Найперш - правіцель асабіста, ягоныя бліжэйшыя кашалькі ды чародка надзвычай вясёлых дзяўчатак у спартовых строях. Яны сабраліся разам з такой прыемнай нагоды – павіншаваць медалістку. Зразумела, выбух радасці быў шчыры і бязмежны. Настрой - неверагодна ўзнёслы. Нібы ў кулуарах лазні, дзе сабралася раённае начальства пасля падвядзення вынікаў сацыялістычнага спаборніцтва.

Такі вось спантанны, сціплы тэлерэпартажык для шырокіх мас. А таму ў цэнтры ўвагі была не столькі чэмпіёнка, якая здабыла медаль, колькі манументальная асоба правадыра. Так, золата сапраўды прынесла біятланістка. Але хто ж яе натхніў?

Алімпіяда скончыцца, адыдзе ў мінулае. Аднак ў нашай краіны – усё яшчэ наперадзе Вялікі хакей чакае Беларусь. І правіцель у Сочы не адпачываў, як можа падумаць хтосьці недасведчаны. Ён там пераймаў старанна крэатыўны досвед. Пуцін прэзентуе свету “новую Россию”. А ў такім разе хіба правіцель не можа таксама зладзіць прэзентацыю “новай Беларусі” – самай прывабнай у свеце дыктатуры?

І ўжо тут, далёка ад сочынскіх франтоў, адбываюцца падзеі, якія яскрава сведчаць, што падрыхтоўка да хакейных сатурналій пачалася не на жарт. Як заўсёды, з зачысткі тэрыторыі.

У Мінску на бульвары Шаўчэнкі пенсіянер на сваім балконе вывесіў бел-чырвона-белы сцяг. Пільная міліцыя адразу выявіла гарачую кропку. Да парушальніка ідэалагічнага ансамблю скіравалі адпаведную групу хуткага рэагавання. Рашуча ўламіліся ў кватэру. Пенсіянера збілі. Адвезлі ў пастарунак. Цяпер яго чакае суд.

У Брэсце заўзятары, якія ішлі на гульню беларускай і чарнагорскай каманд па гандболу, былі агаломшаныя тым, што пры ўваходзе ў спартовы комплекс амапаўцы ўчынілі ім амаль турэмны шмон. Але чаго здзіўляцца? Краіна сёння – паміж алімпіядай і чэмпіянатам. А раптам у прысутнасці шматлікіх гасцей хтосьці на трыбунах разгорне ўсё той жа ненавісны ўладам сцяг? Таму ўжо загаддзя – перыметр бяспекі. І татальны, дзікі шмон.

Здавалася б, што такое сёння кніга пры яе мізэрных тыражах? Тым болей, сорак асобнікаў, якія везла праваабаронца Таццяна Равяка з Вільні. Для сябе, сваіх блізкіх і сяброў. Аднак пільная мытня па гэты бок мяжы імгненна зафіксавала факт крамолы. Ужо ў назве кнігі – “Асьвечаныя беларушчынай”. Які жах! Хто ж не ведае, як ставіцца найвышэйшае кіраўніцтва да слова “беларушчына”? Колькі гнеўных слоў прамоўлена было правадыром на гэты конт.

Тыя сорак асобнікаў кнігі Алеся Бяляцкага затрымалі. Літаратуразнаўчыя артыкулы, эсэ. Але ў суддзі Ашмянскага раённага суда свой адметны погляд на літаратуру. І яна дэманструе тую ж пільнасць, што і мытня на мяжы. І выносіць адмысловае рашэнне: усе кнігі вывезці ў Літву.

Што толькі не здаралася з гаротнай кнігаю на доўгім яе вяку. Кнігу знішчалі. Забаранялі. Палілі на кастры. Але ніхто яшчэ не дадумаўся кнігу, нібы савецкага дысідэнта, выслаць за мяжу. Вялікі хакейны фэст яшчэ не пачаўся, а тут ужо новы сусветны рэкорд.

Усё гэта – толькі першыя кволыя кветачкі нашай спартовай вясны. З алімпіяды правіцель, напэўна ж, прывёз не толькі шалёную радасць перамогі, але і процьму новых ідэй па ўдасканаленні агульнага перыметра бяспекі. І асабістага – найперш. Каб усё было як у Пуціна. А можа, нават лепш.Незлічоная чынавенская раць паспяшаецца з неадкладным выкананнем. І вось тады пачнецца тут жыццё!

Калісьці Фрыдрых Другі, кароль прускі і вялікі аматар бездакорнага паслушэнства, раздражнёна кінуў свайму атачэнню: “Не разважаць! Выконваць загады!”

З таго незабыўнага дня колькі часу прайшло! А тыя чатыры словы не страцілі актуальнасці. Ва ўсякім разе, для нашай краіны. Тут ужо даўно ніхто не разважае. Гэта можа сапсаваць кар’еру. Запатрабаваныя толькі дурасць і пакорлівасць. Але ці варта здзіўляцца? Там была сямігадовая вайна. А тут – вялікі хакей набліжаецца няўмольна.

Кніга ў выгнанні – рэкорд далёка не апошні. Гэты рэжым яшчэ ўразіць свет бессэнсоўнай, дзікай надзвычайшчынай. Болей нечым.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 5

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях