19 апреля 2024, пятница, 2:32
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Улад Ярун: «Беларуская музыка мае ўласнае аблічча» (Відэа)

Беларускiя музыкі не падобныя да ўкраінскіх і расейскіх, лiчыць украінскі саўндпрадусар.

Украінскі саўндпрадусар і гукаінжынэр Улад Ярун распавёў у інтэрвію Tuzin.fm пра сяброўства зь «Ляпісамі», працу ў «Океане Ельзи» і беларускі музычны канцэпт, які адрозьнівае нашых музыкаў ад расейцаў ды ўкраінцаў.

Улад Ярун – сам выдатны музыкант. Доўгі час ён граў на гітары ў гурце Karna з Івана-Франкоўскую, а потым ушчыльную заняўся гукарэжысурай, увайшоў у склад гурта «Океан Ельзи» у якасьці канцэртнага гукаінжынэра. Ён чараваў над гукам шмат якіх выканаўцаў, у тым ліку над апошнімі альбомамі гурта «Ляпіс Трубяцкі» і гурту «ТІК». Улад з цікавасьцю паставіўся да конкурсу «Засьпявай.BY», які праводзіць партал Tuzin.fm пры падтрымцы дабрачыннага фонду «Вяртаньне». Украінскі саўндпрадусар гатовы прыехаць у Менск, каб папрацаваць з пераможцам конкурсу, зрабіць аранжыроўку яго песьні, запісаць ды зьвесьці матэрыял. Пакуль ідзе прыём заяваў, журналіст Tuzin.fm Яўген Шапчыц сустрэўся з Уладам у ягонай кіеўскай студыі ды пагутарыў пра гукарэжысуру, сакрэт посьпеху ды беларускі канцэпт.

- Гукарэжысэра – твой асноўны занятак?

- Так, ужо шмат год. Спачатку я працаваў у вялікай кіеўскай студыі, дзе пазнаёміўся з многімі музыкамі, там я выконваў пэўныя працы ў якасьці гукарэжысэра, гукаінжынэра, у нейкіх праектах быў саундпрадусарам. Цяпер я займаюся больш сваёй студыяй, сам выбіраю зь кім працаваць. На дадзены момант я працую з многімі вядомымі гуртамі і невядомымі. Пераважна гэта мае сябры, альбо тыя, хто зрабіўся маімі сябрамі цягам гадоў супрацы.

- Каго з музыкаў, зь якімі ты працуеш, ты можаш лічыць сваімі сябрамі?

- Ёсьць шмат украінскіх гуртоў, зь якімі склаліся прыязныя адносіны. Найперш, напэўна, гэта «ТІК». Ад часу працы ў студыі 211 са мной засталіся беларускія сябры – «Ляпіс Трубяцкі». З маім удзелам запісалі зь імі апошні шосты альбом «Матрёшка».

- Ці даводзілася працаваць яшчэ з кімсьці зь Беларусі, акром «Ляпісаў»?

- Так, што тычыцца студыі, то давялося сыйсьціся з вашым гуртом Nuteki.

- А што цябе зьвязвае з гуртом «Океан Ельзи»?

- Гэта мая асноўная праца. З «Океаном» я працую як лайв-гукаінжынэр, так слушна казаць. У астатнім жа – на вольных хлябах, то бок я выконваю працу сам, у якасці фрылансэра. Не люблю рэклямавацца і распавядаць, які я круты і гэтак далей — проста ў мяне цяпер ёсьць куча сяброў-музыкаў, зь якімі я працую.

- Якія б найперш рэкамэндацыі ты б даў маладым музыкам, якія хочуць дасягнуць посьпеху ў сваёй справе?

- Першая мая рэкамендацыя, якую я б даў: ня верце ў цуд. Ня верце ў цуд збоку, трэба верыць у свае рукі, галовы, вушы, вочы і гэтак далей. То бок не бывае такога дзядзі, які прыйдзе, зробіць за вас неабходныя рэчы ды ўсё стане на свае месцы: гурт зробіцца вялікім, усе музыкі стануць цудоўнымі, прыхільнікі прызнаюць, што ўсё крута. Усё гэта адзін дзядзя-прадусар зрабіць ня ў змозе. Такога проста не бывае фізічна. Трэба найперш верыць толькі ў свае магчымасьці, сілы. Калі вам трапіцца чалавек, які вам дапаможа на вашым шляху, то гэта адбудзецца толькі дзякуючы вашай працы. І вы зможаце штосьці далей зрабіць разам.

- Якое ў цябе ўражаньне склалася ад нашай краіны і культуры?

- Увогуле я люблю Беларусь як краіну, яе народ нам дужа блізкі па сваім мэнталітэце. І, мабыць, музыкі і астатнія людзі недзе на адной хвалі з намі. Гэта першае. Мова… Вядома, я люблю ўсе славянскія мовы. Беларуская мова — гэта мова, якую я разумею, у мяне няма аніякіх складанасьцяў, каб зразумець, што мне кажа беларус, альбо прачытаць. Калі бываю ў Беларусі і проста ўключаю тэлевізар ды чую там беларускую мову, то разумею ўсё, без пытаньняў. Яшчэ скажу адно ўражаньне – народ у вас працавіты.

- А музыка?

- Музыкі не падобныя да ўкраінскіх і не падобныя да расейскіх, яны маюць уласнае аблічча. Па-першае, у вас дужа разьвітая народная музыка, і гэта заўважна ў мэлёдыях, прычым адчуваецца гэта ва ўсіх, каго даводзілася чуць. Гэта яўна такі беларускі канцэпт. Ёсьць шмат гуртоў, якія нясуць гэтую часьцінку беларускай культуры ў сабе. І гэта вельмі добра.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях