«Хочаце свабоды? Павінны ведаць, колькі гэта каштуе»
- 9.02.2015, 13:42
- 8,910
Андрэй Дурэйка — пра тое, як быць ізгоем ва ўласнай краіне і ці існуе сучаснае мастацтва ў аўтарытарных сыстэмах.
Спробы кантраляваць сучасную культуру — самае вялікае зло, якое засталося ад савецкіх часоў. У гэтым перакананы беларускі мастак Андрэй Дурэйка, паведамляе «Радыё Свабода».
Нядаўна ён прачытаў у Кіеве лекцыю пра сучаснае мастацтва Беларусі як адзін з удзельнікаў выставы «Рэвізія» — першага кіеўскага праекта данецкага фонду «Ізаляцыя». Ужо 15 гадоў Андрэй Дурэйка жыве і працуе ў Дзюсэльдорфе, зьбірае інфармацыю пра беларускіх мастакоў-эмігрантаў і распавядае пра арт-працэсы ў Беларусі. Радыё Свабода пагаварыла з мастаком пра тое, як быць ізгоем ва ўласнай краіне і ці існуе сучаснае мастацтва ў аўтарытарных сыстэмах.
— У 92-м годзе Вас выключылі зь Беларускай акадэміі мастацтваў за выставу «Ўрокі нядобрага мастацтва». Што гэта была за сытуацыя ў культуры?
— Гэта быў той час, калі ў Акадэмію прасачыліся «чужыя» — зь першага па апошні курс. Там апынуліся ўсе агенты мадэрнізму, нягледзячы на «адсейваньне». Тады адбыліся масавыя зачысткі, пачалі сыстэмна выганяць студэнтаў, прыдумляючы нейкія прычыны. Адзін з выкладчыкаў, Ігар Цішын, вырашыў зрабіць «Урокі нядобрага мастацтва». Гэтая выстава была своеасаблівым аналягам выстаў дэгенэратыўнага мастацтва. Цішын прадставіў работы студэнтаў, якіх выключылі ці проста не ўзялі. Гэта была легендарная выстава, большасьць яе ўдзельнікаў да гэтага часу застаюцца актуальнымі мастакамі, хоць іх афіцыйна прызналі прафнепрыдатнымі. Я быў каардынатарам «Урокаў», і мяне выключылі як злоснага парушальніка дысцыпліны.
Для мастацтва гэта быў пэрыяд надзей. Здавалася, што мы зможам адваяваць тое, што ўпусьцілі ў часы перабудовы. У вучылішчах увесь час адбываліся мікра-Майданы. Мы самі зьмянялі дырэкцыю, будавалі барыкады і ладзілі забастоўкі.
— Чаму вырашылі эміграваць?
— Я выехаў не адразу, як і ўсе, хто функцыянаваў у зоне незалежнага мастацтва да 97-га году. У мінулым годзе менавіта была выстава, прысьвечаная «Шостай лініі» — незалежнай галерэі ў Менску, у якой у той час пераважна і паказвалі сучаснае мастацтва. Тады галерэі яшчэ існавалі, у адрозьненьне ад сёньня. У 97-м выйшаў закон, які пазбаўляў іх спонсарскай дапамогі. Таму ў 98-м годзе галерэйны бізнэс у Беларусі здох, цалкам. Для мяне прычына выезду была элемэнтарнай. Мяне запрасілі на фэстываль у Галяндыю, і мне не адкрылі візу. Сказалі: прабачце, вашыя дакумэнты галяндзкія. А галяндзкай амбасады ў нас не было. І ў нейкі момант мне, як чалавеку, які шмат бываў у той час за мяжой, стала не па сабе. Як мастак можа разьвівацца, ня маючы магчымасьці быць у Эўропе? Як тады можна ўбачыць Леанарда, Мікелянджэла? Сыкстынскую капэлу ў Менск ніхто ніколі не прывязе. Для мяне гэта было пытаньне кантакту з арыгіналам. Вядома, кожны рабіў свой выбар, выяжджаючы, але для мяне гэта не было эміграцыяй. Я і цяпер не эмігрант, я грамадзянін Беларусі.
— Што зьмянілася ў беларускім мастацтве 20 гадоў таму?
— Зьмены адназначна адбыліся. Ёсьць меркаваньне, што ўсе беларускія праекты — палітычныя, эканамічныя — заняпалі, а праект культуры разьвіваецца. Я з гэтым абсалютна згодны. Ёсьць цэлы мастацкі і інстытуцыянальны зрэз, які існуе насуперак сыстэме. І які сьведчыць пра важны фактар прычыны — навошта мастак наогул нешта робіць, і чаму мастацтва мацней за акалічнасьці. Вядома, мы ўпусьцілі магчымасьці, патэнцыял. Многія папракаюць мяне ў тым, што калі б я не паехаў, гэта была б іншая краіна. Але гэта няпраўда. Многія, хто так кажа, і да гэтага часу працуюць у Акадэміі і ня робяць нічога з таго, што раблю я як прыватная асоба. А іх яшчэ і фінансуюць. Акрамя таго, спробы стварыць нейкія імітацыі пад сучасныя мастацкія працэсы з боку афіцыйнай культуры — гэта самае вялікае зло, што застаецца. Але яно было і за савецкім часам, нават у большай ступені.
— Якія адносіны ў сучаснага мастацтва з чыноўнікамі? Ва Ўкраіне звычайна не рэагуюць нават на вельмі крытычныя рэчы, таму што ўлада і мастакі знаходзяцца як у розных сэнсавых вымярэньнях.
— У Беларусі ўсё гэтак жа. Сыстэма застаецца. Я ні разу ня чуў ад мастакоў, каб беларуская амбасада калі-небудзь наведала за мяжой якое-небудзь беларускае мерапрыемства. Толькі аднойчы, перад выбарамі ў 2010 годзе, я сустрэў нейкага трэцяга консула ў Бэрліне, робячы выставу.
- Y Беларусі ўсё гэтак жа. Сыстэма застаецца. Я ні разу ня чуў ад мастакоў, каб беларуская амбасада калі-небудзь наведала за мяжой якое-небудзь беларускае мерапрыемства. Толькі аднойчы, перад выбарамі ў 2010 годзе, я сустрэў нейкага трэцяга консула ў Бэрліне, робячы выставу. Але ў Беларусі ёсьць пэўны «фасад», прытворна-прагрэсіўныя інстытуты. Нават для выставы, прысьвечанай той жа «Шостай лініі», не знайшлося лепшага месца, чым Цэнтар сучаснага мастацтва (дзяржаўны інстытут — рэд.). Але гэта хлеў. Пасьля яе мы атрымалі велізарную колькасьць крытыкі, што мы, маўляў, калябарацыяністы. Больш за тое, гэтая выстава паслужыла трамплінам для аднаго мастака, які цяпер будзе на Вэнэцыянскім біенале, то бок будзе прадстаўляць фасад беларускага мастацтва зь лёзунгам: «Вы хочаце быць свабоднымі? Вы павінны ведаць, колькі гэта каштуе».
—У такім выпадку, што наконт самацэнзуры?
— Вядома, яна існуе. Але, напрыклад, нядаўна ў Менску прайшлі выставы, прысьвечаныя сэкс-меншасьцям і феміністычнаму руху. Яны ня выклікалі ні фурору, ні скандалу, ніхто не забараніў. Гэта паказвае толькі тое, што грамадзтва ў многіх крытычных пытаньнях абсалютна нармальнае, эўрапеізаванае і цывілізаванае. Нават улада пакідае нейкія сэгмэнты для такіх выказваньняў, пакуль яны не становяцца прама палітычнымі.
— Калі такі плюралізм меркаваньняў, то чаму ён не прыводзіць да сацыяльных зрухаў?
— Ён у альтэрнатыўнай сцэне, але не ў афіцыйнай. У гэтым нават стала горш, чым за савецкім часам. У Акадэміі нічога не павінна быць, мае лекцыі там ня тое, што нельга чытаць, нават нельга павесіць афішу, што такое мерапрыемства будзе ў горадзе. Існуюць сьпісы, дзе паказана, у якіх інстытутах мяне нельга паказвацца ні ў якім фармаце. Але на самай справе мае лекцыі — акадэмічныя, іх павінна слухаць прафэсійная публіка. Таму ў афіцыйнай культуры ніякіх зьменаў няма. Расьце пакаленьне сыстэмных элемэнтаў, і яны будуць распараджацца сродкамі з нашых падаткаў.
— З Вашага пункту гледжаньня, ці паўплывалі апошнія падзеі ва Ўкраіне на культурныя межы паміж заходняй і ўсходняй Эўропай?
— Асабіста для мяне цэлы год гэта тэма нумар адзін. Дакладней пра ўплыў скажа гісторыя. Трэба разумець, што гэта павольны мэханізм. Але наіўна думаць, што нічога не адбудзецца. Адбылася дэканструкцыя 70-гадовай сыстэмы. У Эўропе і Амэрыцы гэтага не праігнаруюць. Але гэта палітычны кантэкст. Ці паўплывае гэта на культуру? Як па мне, гэта адбылося яшчэ тры гады таму, яшчэ да «крымнаш». Ні адна расейская галерэя не прадстаўленая на міжнародных форумах. Галерэя Гельмана і іншыя пазачыняліся. Арт-Масквы не існуе. Мастацтва — заўсёды прадвесьнік, лакмусавая паперка. Яно паказала, што няма капіталу для культуры ў Расеі. Гэта тое, пра што гавораць рускія рэжысэры таксама. Культура — гэта адлюстраваньне таго, як будуецца цывілізацыя. Калі гэтага не адбываецца, то пра што можна казаць.
— Як беларускія, так і ўкраінскія мастакі шмат працуюць з постсавецкай тэмай, і мяркуецца, што яна запатрабаваная на Захадзе. Ці сапраўды гэта так?
— Я сыты гэтай каньюнктурай за 20 гадоў. Расейцы таксама. Зразумела, што пэўны сантымэнт будзе спрацоўваць. Мы ж ня можам ігнараваць тое, што адбывалася на пэўных тэрыторыях на працягу 70 гадоў. Але вопыт Мікіты Кадана, напрыклад, які аналізуе архітэктуру і плястыку савецкага, мне вельмі цікавы. Я бачу ў гэтым пэўныя непрафанныя паводзіны. Такая мова будзе запатрабаваная ў Эўропе, паколькі яна думае ня толькі канцэптамі, але і формай. Так, ёсьць спэкуляцыі на гэтай тэме, але я ня бачу іх у музэях.
Зь іншага боку, вопыт Польшчы, якая прадстаўляе зусім іншых мастакоў на сусьветнай сцэне. Вядома, польская культура, нават у рамках сацыялістычнай сыстэмы, была зусім іншай, і мастацкія традыцыі ніколі не паміралі. Нават у горшыя часы ў Польшчы была квота 25 адсоткаў на абстрактнае мастацтва. Але Польшча таксама стаіць на роўных у палітычным пляне ў эўрапейскім кантэксьце. Іншы прыклад: калі я бачу, як разьвіваецца і прэзэнтуецца грузінскае мастацтва, я разумею, што гэтае пытаньне тых агентаў, якія ў кожнай краіне ў іншых сьветах — эўрапейскім або амэрыканскім. І, вядома, як для Ўкраіны, так і для Беларусі, застаецца пытаньне, ці будуць наладжаныя гэтыя масты, ці зьявяцца тыя індывіды, якім будуць давяраць ў сьвеце.