19 марта 2024, вторник, 13:04
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Які нацыяналізм патрэбен Беларусі

13
Які нацыяналізм патрэбен Беларусі

Мы павінны абараніць сваю нацыю ад паглынаньня і зьнішчэньня “русским миром”.

Нацыяналізм – гэта ідэалогія, скіраваная на палітычнае і эканамічнае развіццё нацыі, на далейшае ўдасканаленьне культуры, традыцый, мовы і этнічнай унікальнасьці народа. З’яўленьне ідэалогіі нацыяналізму было адным з неабходных прадумоў пасьпяховага змаганьня асобных народаў за свабоду і вызваленьне з-пад прыгнёту імперый. Вынікам гэтага змаганьня стала ўтварэньне новых дзяржаў у Еўропе на тэрыторыях Аўстра-Венгерскай, Атаманскай, Германскай і Расійскай імперый, зьнікшых пасьля першай сусьветнай вайны.

На месцы губерняў Расійскай імперыі з’явіўся шэраг нацыянальных утварэньняў, аб’яднаных пазьней у СССР, у якім вырашэньне нацыянальных пытаньняў пайшло своеасаблівым шляхам. Савецкія людзі выхоўваліся такім чынам, што слова “нацыянальнае” атаясамлялася з двумя процілеглымі сэнсамі: калі размова ішла пра нацыянальна-вызвольныя рухі 20-га стагоддзя ў Азіі, Афрыцы і Лацінскай Амерыцы, то гэта заўжды падавалася ў станоўчым (інтэрнацыянальным) сэнсе; другі, негатыўны і варожы сэнс прыпісывалі словам, “нацыяналіст, нацыяналістычнае”, бо ўкараненьне гэтых слоў вяло б да развалу савецкай імперыі, а ў канцы 20-га стагоддзя перашкаджала б фармаваньню новай гістарычнай супольнасьці – супольнасьці савецкіх людзей.

Наколькі актульнай з’ўляецца ідэалогія нацыяналізму ў нашы дні? Значная большасьць сучасных дасьледчыкаў, абмяркоўваючы пытаньні дзяржаўнага будаўніцтва, сарамліва абыходзяць словы “нацыяналізм”, “нацыя” і “этнічная дзяржава”. Выкарыстоўваюцца іншыя тэрміны, такія як цывільная дзяржава ці проста дзяржава з дадатковымі тлумачэньнямі аб уключнасьці-выключнасьці (inclusiveness-exclusiveness). Пад уключнасьцю разумеюцца такія падыходы ў будаўніцтве дзяржавы, якія б задавальнялі ўсе магчымыя групы людзей і структуры грамадства, уключаючы іх этнічнае паходжаньне, расавую, полавую і рэлігійную прыналежнасьць, сексуальную арыентацыю і г.д. Будаўніцтва дзяржавы, заснаванае на такіх падыходах лічыцца ідэальным і дэмакратычным. І наадварот, пад крытыкай знаходзяцца погляды з процілеглымі падыходамі, якія прадугледжваюць выключэньне (exclusiveness) некаторых групп людзей ці структур з жыцьця грамадства.

Пагаджаючыся з самімі падыходамі будаўніцтва новага сучаснага грамадства, якое б задавальняла ўсе слаі насельніцтва, нельга пагадзіцца з адмаўленьнем іншай тэрміналогіі, зьвязанай з будаўніцтвам дзяржавы, а менавіта, з нацыянальным будаўніцтвам дзяржавы ці з будаўніцтвам этнічнай дзяржавы. Неўжываньне гэтага тэрміна не азначае, што не існуе самой праблемы. А праблема заключаецца ў тым, што нацыянальнае будаўніцтва працягваецца і ў пост-мадэрны перыяд і яно ў значнай меры абумоўлена этнічным паходжаньнем людзей, якія пражываюць у межах дзяржаўных утварэньняў на працягу доўгага гістарычнага часу. Такі тып будаўніцтва нацый больш характэрны для еўрапейскіх краін, і, у прыватнасьці, для украінскай і беларускай нацый, доказы існаваньня адметных этнасаў гэтых краін на сучасных тэрыторыях сягаюць на 12-15 вякоў таму назад.

Зусім па-іншаму ствараліся нацыі ў Новым Сьвеце - ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Новай Зеландыі. У гэтых краінах, заснаваных мігрантамі з розных краін, утварыўся новы тып нацыі, які складаўся, у адрозненьне ад еўрапейскіх краін, на поліэтнічнай аснове. На поліэтнічнай аснове фармавалася і Расійская дзяржава, але гэта адбывалася за кошт заваяваньня і далучэньня да Масковіі новых тэрыторый і дзесяткаў народаў, аб’яднаных зараз у федэрацыю. Безумоўна, што працэс стварэньня дзяржаў і нацый у еўрапейскіх краінах, краінах Новага сьвету, і ў Расіі істотна адрозніваюцца.

Пакуль існуюць нацыі і дзяржавы будзе існаваць і нацыяналізм. Як бы ні спрачаліся апаненты, аднак яны не могуць адмовіць той факт, што некаторыя новыя нацыянальныя дзяржавы з’явіліся зусім нядаўна і будуюцца на тэрыторыі былых Югаславіі і СССР. Больш таго, барацьба за сапраўднае іх станаўленьне працягваецца ў нашы дні. Яскравы прыклад гэтаму чарговая нацыянальна-дэмакратычная рэвалюцыя ва Украіне і абарона украінскага народа ад спроб зьнешняга імперскага агрэсара задушыць гэту рэвалюцыю.

Нацыяналізм у Еўропе

Сведчаньнем працягу нацыяўтварэньня ў Еўропе ў пост-мадэрны перыяд з’яўляецца існаваньне розных мадэляў будаўніцтва дзяржаў, пачынаючы ад стварэньня еўрапейскай нацыі, да сьцьвярджэньня і ўзмацненьня асобнай ролі нацыянальных дзяржаў. Прыхільнікі адной з плыняў, плыні еўропеізма, заяўляюць, што людзі ў Еўропе маюць мноства агульных палітычных, эканамічных, і сацыяльных каштоўнасьцяў, якія дазваляюць спадзявацца на стварэньне агульнай нацыі. І сапраўды, многае з таго, што прапаведуюць ідэолагі гэтай плыні, удалося ўвасобіць пры стварэньні Еўрапейскага Саюза (ЕС). У ЕС зараз пражывае каля 500 млн чалавек, абіраецца Еўрапарламент, наладжаны цесныя эканамічныя сувязі, у аэрапортах існуюць асобныя ўходы і выхады для еўрапейскіх грамадзян з еўрапейскім пашпартам.

У той жа час, існуе даволі моцная процілеглая плынь, плынь еўраскептыкаў (Klaus, 2006). Сярод еўраскептыкаў ёсьць даволі шмат прыхільнікаў падтрымкі нацыянальнай ідэнтычнасьці і ідэй нацыяналізма. Традыцыйна, да іх можна аднесьці сяброў кансерватыўных партый і партый хрысьціянскай дэмакратыі, аднак найбольш яркімі прыхільнікамі ідэалогіі нацыяналізма з’яўляюцца правыя сілы. Відавочна, што правыя сілы ў Еўропе вельмі розныя; іх падзяляюць на 4 асноўныя групы (R. Wodak, 2014): 1. фашысты; 2. антыісламісты; 3. фундаменталісты (базуюцца на хрысьціянскіх каштоўнасьцях); 4. сілы, якія бачаць пагрозу нацыянальнай ідэнтычнасьці/культуры з боку нацыянальных меншасьцяў. Да першых адносяць партыю Jobbic у Венгрыі і партыю Golden Dawn у Грэцыі, да апошніх, напрыклад, правыя сілы ў скандынаўскіх краінах.

Правыя сілы прадстаўлены амаль ва ўсіх парламентах еўрапейскіх краін. Напрыклад, на апошніх выбарах у парламент Swiss People’s Party атрымала 26% галасоў (2011), Freedom Party of Austria – 20.5% (2013), а ў Сербіі і Македоніі, нацыяналістычныя партыі знаходзяцца пры ўладзе. Front National у Францыі на апошніх выбарах у Еўрапарламент заняў першае месца ў краіне, значна павялічыўшы сваю прысутнасьць (з 3-х мандатаў у 2009 г. да 24 мандатаў у 2014 г.). Зараз правыя сілы ў Еўрапарламенце маюць 52 мандаты з 751. Для параўнаньня: лідэры, правацэнтрысты Еўрапейскай народнай партыі, маюць 208 месц, левацэнтрысты сацыял-дэмакраты – 186 месц.

За пасьляваенныя гады Еўропа даказала, што ЕС можа існаваць як палітычная і эканамічная структура. У той жа час, здаецца, што стварэньне на базе ЕС адной нацыі выглядае малаверагодным. Рэалізацыя ідэй пан-славізма, пан-туркізма, пан-амерыканізма (у Лацінскай Амерыцы), пан-арабізма (асабліва ў радыкальных формах ісламскай дзяржавы ISIS у наш час) не была пасьпяховай ці малаверагодна, што будзе пасьпяховай. Прычынай гэтаму з’яўляецца ўсё большае жаданьне народаў жыць у сваіх нацыянальных дзяржавах.

Практычная рэалізацыя ідэй нацыяналізма патрабуе вельмі далікатнага падыходу, а менавіта, павінен захоўвацца прынцып уключнасьці. Відавочна, што ідэалогія прафашысцкіх сіл (партыі Jobbic, Golden Dawn), скіраваных супраць мусульман, яўрэяў, цыганоў, і яшчэ шмат супраць каго, абсалютна не прымаецца сучасным грамадствам. Тое ж самае можна казаць і пра адмоўную роль нацыяналістычных сіл пры ўтварэньні і будаўніцтве новых дзяржаў у былой Югаславіі. Войны ў Югаславіі былі ў значнай частцы этнічнымі войнамі, у выніку якіх, напрыклад, Харватыю пакінулі амаль усе сербы і наадварот. Прыклад з нацыянальным будаўніцтвам дзяржаў у былой Югаславіі сьведчыць аб тым, што яно адбываецца на монаэтнічнай аснове. Кепска гэта ці не, але так сталася.

Амаль праз 20 год пасьля вайны гэтыя краіны абвінавачваюць адна адну ў генацыдзе. На тэрыторыі былой Югаславіі, дзе этнасы жылі шчыльна на працягу доўгага гістарычнага перыяду, на жаль, сваю адмоўную ролю сыгралі фактары, якія знаходзяцца па-за межамі разумнага. Відавочна, што нацыяналістычныя сілы аказаліся не гатовымі, каб трымаць разумны і правільны баланс уключнасьці-выключнасьці, які можна мець толькі ў высокасьвядомым і адукаваным у нацыянальным сэнсе грамадстве.

Нацыяналізм у савецкі і пост-савецкі перыяды

Нацыянальныя пытаньні ў СССР вырашаліся парадаксальным чынам. З аднаго боку, пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі, бальшавікамі было прынята рашэньне аб стварэньні шматлікіх нацыянальных утварэньняў – рэспублік, акругоў і абласьцей на тэрыторыі былых расійскіх губерняў.

Гэта быў вымушаны крок бальшавікоў, які дыктаваўся ў першую чаргу жаданьнем народаў атрымаць свабоду ў адпаведнасьці з лозунгамі Вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі. Як толькі яны адчулі такую магчымасьць пасьля распаду Расійскай імперыі адразу - прайшоў парад аб’яўленьня свабодных і незалежных рэспублік на перыферыі былой імперыі, непадкантрольнай бальшавікам – народныя рэспублікі з’явіліся у Беларусі (БНР, 1918), Украіне (УНР, 1918), Грузіі (ГДР, 1918). Не жадаючы выпускаць сітуацыю з-пад кантролю бальшавікі дзе сілай, дзе падманам амаль адразу выцісьнулі нараджаючыяся нацыянальныя ўрады і сілы і замясьцілі іх сваімі “псеўданацыянальнымі” ўрадамі.

Аднак, такая касметычная аперацыя аказалася недастатковай. Нават ва ўмовах псеўданацыянальных утварэньняў нацыянальныя сілы пачалі развівацца і ўзмацняцца. Відавочна, што гэта пагражала цэласнасьці і самаму існаваньню СССР (з 1922), новага імперскага ўтварэньня на месцы былой Расіі, і менавіта ў 30-х гадах мінулага стагоддзя пачаліся рэпрэсіі супраць нацыянальных сіл. Сталін ня быў ні рускім, ні савецкім, аднак зьвёў са сьвету мільёны нацыянальна-сьвядомых людзей у інтарэсах савецкай дзяржавы і сусьветнай рэвалюцыі. Тут будзе дастаткова прачытаць толькi матэрыялы аб зьнішчэньні нацыянальнай эліты ў Беларусі, сабраныя Л.Мараковым.

Нацыянальныя ідэі замяшчаліся інтэрнацыянальнымі. Ідэі сусьветнай рэвалюцыі былі яшчэ зусім свежымі. Быў створаны КамІнтэрн. Часткова ідэі рэвалюцыі разам з ідэямі еўразізма рэалізаваліся пасьля другой сусьветнай вайны і новага падзелу сьвету паміж пераможцамі. У той час як распадаліся Брытанская і Французская імперыі (даўшыя свабоду калоніям і да гэтага часу зьбярогшыя імперскі уплыў на іх), савецкая імперыя значна пашырала свой уплыў у сьвеце. У выніку, ахвярамі сталі нацыянальныя сілы ўсходнееўрапейскіх краін, стаўшых сябрамі сацыялістычнага лагера і Варшаўскага блока.

Не сакрэт, што антынацыянальная палітыка працягвалася аж да канца існаваньня Савецкага Саюза. У 80-я гады было заяўлена аб стварэньні новай супольнасьці людзей – савецкай. Не сакрэт, што выхаваньне гэтай супольнасьці адбывалася пры вядучай ролі расійскай мовы і культуры. Так, сапраўды ў кожнай рэспубліцы існавалі нацыянальныя творчыя калектывы, якія выступалі на канцэртах пасьля чарговых з’ездаў КПСС, каб дэманстраваць дружбу народаў СССР. Дружба між народамі - гэта заўжды добра, але гэтыя праяўленьні дружбы дэкаратыўна прыкрывалі адсутнасьць сапраўднай нацыянальнай палітыкі.

У большасьці пост-савецкіх краін гэтая антынацыянальная палітыка працягваецца і зараз, як пры ўдзеле мясцовых урадаў, так і з дапамогай Расіі. Расійская федэрацыя, як асноўнае ядро і спадкаеміца былых імперый, расійскай і савецкай, працягвае антынацыянальную палітыку, цяпер ужо ў адносінах да незалежных краін. Яна выкарыстоўвае усе магчымыя падыходы: палітычныя, эканамічныя, і нават ваенныя (Чачня, Грузія, Украіна), каб зьберагчы свой уплыў і падпарадкаваць пост-савецкія краіны. У апошнія гады кіраўніцтва Расіі сфармулявала стратэгію на зьберажэньне так званага “русского мира”. У выніку - чалавецтва паўстала перад пагрозай новай вайны і падзелу сьвету. Здаецца, што сучасная стратэгія Расіі ідзе далей чым рэалізацыя ідэй панславізма і еўразізма, і скіравана на аднаўленьне і прызнаньне уплывовага сусьветнага цэнтру са сталіцай у Маскве.

Парушаючы пасьляваенныя прынцыпы мірнага суіснаваньня, Расія ўмешваеццца у справы блізкіх суседзяў: фактычна падпарадкавана ў эканамічным і ваенным сэнсах Беларусь, вядзецца гібрыдная вайна супраць народа Украіны. Расійская эліта, нават сучасная апазіцыя, ніколі не прызнавала магчымасьці самастойнага існаваньня беларускага і украінскага народаў, разглядаючы іх толькі як галіны славянскага народа. Заявы кіраўніка Расіі, што такія краіны як Україна і Казахстан не існавалі - яркія таму сьведчаньні. Нават спакойны кіраўнік Казахстана, Назарбаеў, вымушаны быў выступіць з адпаведнымі заявамі. І гэта зразумела, бо поўнач Казахстана дастаткова шчыльна заселены рускамоўнымі людзьмі. Урад Казахстана заявіў, што з мэтай развіцьця казахскай мовы насельніцтва краіны да 2025 года пярэйдзе на лацініцу (“Наша Ніва”, 14.02.2012). Даволі вялікая прапорцыя рускамоўных пражывае ў Латвіі і Эстоніі. І не важна, што гэтыя людзі зусім не рвуцца ў Расію. Усе разумеюць, што як прыйдуць “зялёныя чалавечкі”, то яны могуць навесьці “свой парадак”, як гэта робяць зараз у Крыме. У той жа час не падобна на тое, каб штучныя ўтварэньні на Данбасе, якім так дапамагае Расія супраць Украіны, імкнуліся б у Расію. Заявы, якія зрабілі прастаўнікі “ДНР” і “ЛНР” аб жаданьні стварыць нейкія свае дзяржавы, накшталт Прыднястроўя, Абхазіі, ці Паўдневай Асеціі, сьведчаць аб тым, што ўваходзіць у Расію яны не збіраюцца.

Расійская канстытуцыя не ўтрымлівае нормы аб магчымасьці аддзяленьня ці выхаду народа з яе складу. Маленькая Чачня пасьля мужнай барацьбы падчас двух войнаў вымушана была скарыцца. Зараз народ Украіны змагаецца за права вызначыць самастойна свой лёс. Аднак без падтрымкі міжнароднага супольніцтва і пры паразе ў вайне з Расіяй яе будзе чакаць чачэнскі лёс калоніі. РФ многанацыянальная краіна, у якой пражывае 193 народы, і ў якой 27 нацыянальных моў нараўне з расійскай з’яўляюцца афіцыйнымі мовамі. Таму далучэньне да Расіі аднаго-двух дадатковых суб’ектаў істотна не паўплывае на “нацыянальную расійскую палітру”. Аднак, далучэньне ці ўключэньне Беларусі ці Украіны ў склад Расіі надоўга будзе азначаць страту гэтымі нацыямі шанса развівацца самастойна ў свабодным сьвеце.

Беларускі нацыяналізм

Беларускі нацыяналізм як і іншыя нацыяналізмы будзе існаваць пакуль існуе нацыя. Цікава адзначыць, што 9.5 мільёнаў этнічных беларусаў займаюць 50-е месца з 74-х існуючых на зямлі этнічных групп (першыя месцы: кітайцы, 1300 млн; хінду, 420-1200 млн; арабы – 300-400 млн). Тое што беларуская нацыя існуе, даказана яе тысячагадовай гісторыяй, культурай і традыцыямі народа, самаідэндыфікацыяй і прызнаньнем сябе беларусамі значнай большасьцю людзей Беларусі (83.7%, 2011). Можна спрачацца аб тым, у якім накірунку ідзе наша дзяржава, што яна будуе, але нельга сумнявацца ў гэтых лічбах. Відавочна, што аднаго прызнаньня сябе беларусам ці беларускай яшчэ недастакова для будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, хаця само прызнаньне магло б лічыцца прымітыўнай праявай беларускага нацыяналізму пры наяўнасьці іншых фактараў (веданьне роднай Мовы і гісторыі, крытычнае і неабыякавае вызначэньне сваёй нацыі ў сьвеце).

Пытаньні аб тым, які і наколькі моцным быў і ёсьць беларускі нацыяналізм у апошнія 1.5-2 стагоддзі абмяркоўваліся шмат у якіх манаграфіях (Астапенка, 2003; Булгакаў, 2007). Відавочна, што ў Беларусі, у розныя перыяды пачынаючы з канца 19-га стагоддзя, заўжды знаходзілася значная колькасьць прадстаўнікоў і арганізацый беларускай эліты, якія прысьвяцілі свае намаганьні і нават жыцьцё развіцьцю беларускай ідэі (Казак, 2001; Кандыбовіч, 2000; Кузняцоў).

Хвалі беларускасьці ўздымаліся ў краіне пры спрыяльных зьнешніх умовах (стварэньне БНР ва ўмовах грамадзянскай вайны, беларусізацыя 20-30-х гадоў у перыяд НЭПа, актывізацыя беларускіх сіл падчас нямецкай акупацыі, стварэньне суверэннай Беларусі пасьля развалу СССР, Беларускае Адраджэньне 1991-1994 гг.). Гэтыя хвалі ўздыму перамяжаліся з перыядамі заняпаду і рэпрэсій. Зараз мы назіраем чарговы пад’ём беларускасьці і праяў беларускага нацыяналізму, і зноў жа, як мы пісалі раней, гэтаму спрыяюць зьнешнія фактары. Вельмі істотным фактарам у сучасным уздыме з’яўляецца пагроза з боку агрэсіўнага расійскага суседа, які ваюе з Украінай. Прыметы пачатку гэтага перыяда сталі заўважнымі нават ва ўрадавых структурах (прамовы па беларуску высокіх урадоўцаў, лекцыя па-беларуску Мінскім гарсавеце (Радыё “Свабода”, 11 лютага 2015 г.), чытаньне беларускага верша міністрам замежных спраў падчас Дня роднай мовы, заявы аб неабходнасьці пачаць распрацоўку і вытворчасьць зброі на беларускіх прадрыемствах. Аднак, гэтыя дзеі не маюць сістэмнага характара. Тое ж, што ўрад вымушаны будзе рабіць крокі ў гэтым напрамку, здаецца, не выклікае сумненьняў.

Відавочна, што беларускі нацыяналізм павінен быць нацыяналізмам уключным. Насельніцтва Беларусі этнічна даволі аднароднае – 83.7% людзей адносяць сябе да беларусаў. Тры нацыянальныя меншасьці амаль запаўняюць астатнюю долю насельніцтва. Беларусы, як тытульная нацыя (83.7%), разам з рускімі (8.3%), палякамі (3.1%) і украінцамі (1.7%), складаюць 96.8%. Такім чынам, не выпадае казаць, што Беларусь многанацыянальная краіна. Так, у ёй пражываюць прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў, аднак, беларусы з’яляюцца першаснай нацыяй або дзяржаваўтвараючым этнасам. Падаецца, што ў сэнсе адносін да этнасаў, якія пражываюць ў краіне, беларусы адпавядаюць патрабаваньням уключнасьці, неабходным для пабудовы нацыянальнай дзяржавы. У Беларусі няма адкрытай ксенафабіі да нацыянальных меншасьцяў. У той жа час, беларусы яшчэ вельмі насцярожана ставяцца да імігрантаў, у якіх яны бачаць канкурэнтаў у змаганьні за працоўныя месцы. Тое ж самае можна адзначыць, што беларусы яшчэ недастаткова талерантныя да прадстаўнікоў іншых рас, рэлігій, сексуальных меншасьцяў. Аднак, беларусы па многіх гэтых паказчыках не моцна адрозніваюцца ад народаў іншых еўрапейскіх краін. Выхаваньне новых умоў суіснаваньня розных нацыянальнасьцяў у сучасных нацыянальных дзяржавах патрабуе часу для адукацыі насельніцтва ў адпаведнасьці з прынцыпамі уключнасьці.

Беларусам нацыяналізм дапаможа, у першаю чаргу, абараніць сябе ад абыякавых адносін да сваёй нацыі, і, па-другое, апярэдзіць наступ “русского мира”, які агрэсіўна прапаноўвае сябе пад маскай еўразійскай ідэалогіі ці пад лозунгамі “русские для русских”. Тым больш, што на тэрыторыі Беларусі квітнее тая ж расійская мова і культура. Русіфікацыя пачалася нават не пры савецкай уладзе, а значна раней, пасьля падзелу Рэчы Паспалітай, калі разам з праваслаўем прыйшла на зьмену апалячваньню і ўніяцтву. Але тое, што было не зроблена царызмам, дарабілі ў савецкія часы мясцовыя кіраўнікі – у той час калі літоўскія камуністы дабудоўвалі сваю нацыю, лідэры беларускай кампартыі зачынялі беларускія школы.

Такая палітыка працягваецца і сёння. Развіцьцё нацыяналізму стрымліваецца аўтарытарным рэжымам і скіраваны на выкарыстаньне савецкай ідэалогіі. Аўтарытарны рэжым мацнее, ужо дабраліся да інтэрнэта. Перад гэтым былі выціснуты незалежныя газеты і забаронены ўсе магчымыя вольнасьці адносна свабоды выказваньняў і крытыкі. У краіне няма адкрытага грамадства, урад сьвядома падзяляе людзей Беларусі па прынцыпу іх лаяльнасьці да дзейнай улады (два саюзы палякаў, два саюзы пісьменьнікаў, кругом ворагі, апазіцыя – гэта пятая калона і г.д.).

Рэпрэсіі ў адносінах да палітычных апанентаў, аднабаковая падача прапаганды, нават з расійскіх крыніц, расійская культура – у значнай ступені таксама душаць любыя праявы нацыянальнага адраджэньня. Дайшло да такіх ганебных праяў, што нават падчас вясельля ў Баранавічах ледзь не пабілі гасьцей, якія размаўлялі па-беларуску. Увогуле, станоўчыя і адмоўныя фактары, якія маглі б уплываць на павышэньне нацыянальнай сьвядомасьці зараз незбалансаваныя і скіраваны ў адмоўны бок.

Хістаньні кіраўніцтва дзяржавы ад дэкларатыўнага жаданьня ўмацоўваць нацыянальную дзяржаву і мову да братаньня з рускім мядзьведзем да добрых вынікаў не прывядуць. Калі кіраўнік Беларусі лічыць кіраўніка Расіі сваім родным братам, то гэта яго асабістая справа. Зыходзячы з хрысьціянскіх пастулатаў, усе людзі на зямлі браты і сёстры. Аднак, калі старэйшы брат лічыць, што малодшы брат павінен слепа выконваць ягоныя загады, то чакаць добрых адносін паміж імі не прыходзіцца. Навошта нам такая радня?

На наш погляд, нягледзячы на тое, што ў Беларусі будуецца цывільная рускамоўная дзяржава, тэарэтычна ёсьць шанс будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, заснаванай на этнічнасьці і уключнасьці. Аднак, для гэтага патрэбна як значнае павышэньне нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў праз асьвету, так і істотны перагляд палітыкі самой дзяржавы ў адносінах да нацыянальнага пытаньня.

Калі ўсё ж уявіць, што Беларусь трапляе “в русский мир” шасьцю губернямі, то пра нацыяналізм беларусаў у такім фармаце гаварыць не прыйдзецца. Прыкладам таму з’яўляецца зьнікненьне яшчэ ў 11-12 ст. такіх плямёнаў і народаў як мяшчэра, мурома, меря, склаўшых аснову вялікарускага этнаса, і зьмяншэньне ў Расіі колькасьці людзей іншых нацыянальнасьцяў у наш час - у параўнаньні з даваенным часам колькасьць мардвінаў, карэлаў, вепсаў, іжорцаў зьменшылася у некалькі разоў. Гэта ж будзе чакаць пасьля паглынаньня і беларусаў, справа толькі часу.

Спроба украінскага народа паказаць сваю самабытнасьць і жаданьне вызначаць сваё асобнае месца ў сьвеце сустрэла небывалую агрэсію з боку імперыі, якая ніколі не пакідала ідэі падпарадкаваньня народаў-суседзяў. Аднак, калі з боку украінцаў гэта вайна за незалежнасьць радзімы, то з боку расіян гэта вайна супраць нацыянальных сіл, якім, дзякуючы небывалай iлжывай прапагандзе з боку Расіі, налепліваюць кляймо бандэраўцаў і фашыстаў. Вынік гэтай вайны зразумелы – перамога будзе за нацыянальнымі сіламі, якія нясуць свабоду свайму народу. Час імперскага мысьленьня ў Расіі павінен быў бы даўно скончыцца, але, на жаль, як і раней, ідэалогія пашырэньня імперскага, расійскага сьвету ляжыць у аснове дзяржаўнай стратэгіі.

Сваю унікальнасьць адчуваюць у нашы дні ўсё больш беларусаў на фоне падзеяў, што адбываюцца на Украіне. Падаецца, што нацыянальныя памкненьні ў беларусаў будуць узмацняцца, і здаровы нацыяналізм павінен ім у гэтым дапамагчы. Беларускі нацыяналізм павінен быць уключным або, іншымі словамі, здаровым, добрым нацыяналізмам – нацыяналізмам, заснаваным на беларускай ідэнтычнасьці пры ўліку інтарэсаў нацыянальных меньшасьцяў і ўсіх слаёў грамадства.

Рэалізацыя ідэй беларускага нацыяналізма дазволіць беларусам:

1. Сьвядома ідэнтыфікаваць сябе беларусамі і беларускамі;

1. Збудаваць паўнавартасную нацыянальную дзяржаву на прынцыпах уключнасьці;

2. Абараніць сваю нацыю ад паглынаньня і зьнішчэньня “русским миром” ці іншымі наднацыянальнымі аб’яднаньнямі.

Пётра Мурзёнак, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 13

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях