26 апреля 2024, пятница, 9:52
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Магілёўская сенсацыя, ці нашто нам доказы

3
Магілёўская сенсацыя, ці нашто нам доказы
Алесь Суша

Днямі інтэрнэт, а за ім і многія медыя абляцела сенсацыйная навіна: першую беларускую кнігу надрукавалі ў Магілёве за 13 гадоў да Скарыны!!!

Навіна і праўда захапляльная, дадае нам нацыянальнай гордасці! І гонару! Чаму ж не крычаць пра гэта з кожнага слупа? Чаму ж не перадрукаваць ва ўсіх газетах? Чаму б каторы раз не перапісаць чым хутчэй нашы падручнікі па гісторыі, літаратуры, культуралогіі…

І тут лепш не задавацца лішнімі пытаннямі, лепш не звяртацца да экспертаў-кнігазнаўцаў, лепш не удакладняць інфармацыю па іншых крыніцах – а то, не дай Бог, сенсацыя сарвецца. Гэтак адбылося і ў нашым выпадку: аніяк не правяраючы інфармацыю, далі яе ў эфір. І паўсюдная эйфарыя захапіла народныя масы!

І нічога, што на праверцы тая інфармацыя можа аказацца беспадстаўнай. І нічога, што над беларусамі і іх легкавернасцю будуць пасміхацца. І нічога, што абвяржэнне чарговай нагоды для гонару можа зрабіць нам толькі шкоду…

У такіх выпадках лепш спачатку праверыць інфармацыю, удакладніць яе сапраўднасць цудоўнай весткі, а пасля крычаць пра адкрыццё. То паспрабуем жа трошкі разабрацца з фактамі.

Як адзначана ў сенсацыйных навінах, “украінская даследчыца старадрукаў Святлана Кагамлык лічыць, што першая беларуская друкаваная кніга з’явілася ў 1504 годзе – на 13 гадоў раней, чым Францішак Скарына ў Празе выпусціў «Псалтыр»”. І яшчэ: “У архівах Кіева-Пячэрскай Лаўры знойдзеныя дакументы, якія пацвярджаюць, што ў 1504 годзе быў выдадзены магілёўскі старадрук. Гэтая інфармацыя ўтрымліваецца ў пераліку друкаваных кніг 18 стагоддзя. Гэта толькі пералік, рэестр, але не сам старадрук. Самой кнігі, якая называецца “Апостал” і была надрукаваная ў 1504 годзе ў Магілёве, пакуль ніхто не знайшоў”. Гэту інфармацыю “падаў у народ” дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.

Што ж давайце разбірацца. І пачнём з канца.

Па-першае, самога такога старадрука няма і ніколі нікім не было зафіксавана ні ў адной з бібліятэк свету. Рэальны старадрук, выдадзены ў Магілёве, на вялікі жаль, мы нідзе пабачыць не можам.

Па-другое, у Магілёве пачатку 16 стагоддзя, на жаль, не існавала адпаведных умоў для заснавання друкарні: горад не меў магдэбургскага права, буйных манастыроў, вышэйшых навучальных ўстаноў… не быў нават цэнтрам павета і цэнтрам эканоміі. Што казаць, калі такіх умоў не існавала ні ў адным з гарадоў Беларусі таго часу. Іх не існавала нават у сталіцы Вялікага Княства Літоўскага – Вільні, дзе двума дзесяцігоддзямі пазней Францыск Скарына распачаў кнігадрукаванне (і тое толькі пасля таго, як шмат папрацаваў у Празе, дзе кнігавыдавецкія традыцыі ўжо налічвалі некалькі дзесяцігоддзяў). Сюды ж ён перавёз з Прагі шрыфты, гравіравальныя дошкі, а магчыма і майстроў. Прынамсі ў 1530 годзе ён употай хацеў вывезці з Кёнігсберга майстра-друкара для таго, верагодна ж, каб працягнуць у Вільні сваю працу. Пра адсутнасць умоў для заснавання кнігадрукавання (тэхналогія, тэхніка, шрыфты, папяровыя млыны, гравёры, тыпаграфскія работнікі і інш.) у тагачасным Магілёве мог бы распавесці любы кнігазнавец, але, на жаль, у іх пра гэта не спыталі.

Па-трэцяе, ні адна з беларускіх летапісных крыніц не захавала звестак пра такі важны факт, як з’яўленне ў Магілёве свайго кнігадрукавання. Нават уласна магілёўскія хронікі, якія вяліся ажно да 19 стагоддзя і захавалі самыя падрабязныя апісанні гісторыі горада не згадваюць пра такі важны факт. Няма яго і ў Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага. Няма ні ў адной з вядомых на сёння гістарычных крыніц таго часу. Чаму? Бо і факта такога, відавочна, не было.

Па-чацвёртае, дакладнасць звестак у падобных рукапісных рэестрах, як знойдзены, вельмі ўмоўная. Часта ў іх прыводзяцца памылковыя звесткі, апісанні кніг даюцца з апіскамі. Таму яны могуць успрымацца толькі ў якасці другасных крыніц інфармацыі і заўжды патрабуюць рознабаковай праверкі. Каб пераканацца ў гэтым дастаткова праглядзець хаця б з дзясятак падобных рэестраў. Але каб далёка не хадзіць, глянем у працытаваны рэестр з “магілёўскім Апосталам”. Адразу ж пасля яго названы нейкі Трэфалогій друку Наўгародскага 1685 г.

Але мы добра ведаем, што ніякага Трэфалогія ў гэтым годзе ні ў адным з Ногарадаў не выходзіла. У беларускім Наваградку, як і ў Ніжнім і ў Вялікім Ноўгарадзе на той час кірылічнае кнігадрукаванне проста не існавала, а ў Ноўгарадзе-Северскім, пра каторы магла б ісці гаворка, друкарня Лазара Барановіча дзейнічала толькі да 1679 г., калі яна была перанесена ў Чарнігаў. Адным словам, ніякага Трэфалогія Наўгародскага друку 1685 г. навука не ведае (як і згаданага яшчэ ніжэй кіеўскага Буквара з талкаваннем), але ж чамусьці ўкраінскія даследчыкі не кінуліся біць у званы з сенсацыйнай знаходкай новага ўкраінскага выдання. Не здзіўлюся, калі яны і цяпер стаяць у баку і пасміхаюцца з амбітных беларусаў. Упэўнены, што многія з украінскіх кнігазнаўцаў бачылі згаданы рэестр, але правільна на яго зрэагавалі – з разуменнем відавочнай яго недакладнасці.

Па-пятае, усе іншыя выданні ў згаданым рэестры (а іх там толькі дзесяць) датуюцца канцом 17 – пачаткам 18 стагоддзя. Таму найбольш верагодным выглядае, што складальнік рэестра зрабіў памылку, запісваючы час выхаду кнігі. Мы ведаем, што Апостал выдаваўся ў Магілёве ў 1638 годзе, але з пазначэннем месца выдання як Кіеў, таму малаверагодна, што складальнік рэестра мог апісваць гэту кнігу. Наогул жа беларускімі друкарнямі да часу складання рэестру Апостал выдаваўся ў Вільні (Скарынам у 1525; Мамонічамі ў 1591, каля 1592 і пасля 1595; віленскай брацкай друкарняй каля 1596, у 1623, 1641), Еўі (у 1611), Куцейне (каля 1632, у 1652). Некаторыя з іх выйшлі не самастойна, а ў складзе выданняў Новага Запавету з Псалтыром.

Па-шостае, усе іншыя выданні з рэестру той жа бібліятэкі ў вёсцы Ялоўка (Ялуўка) паходзяць з усходнеўкраінскіх друкарань у Кіеве, Чарнігаве і Ноўгарадзе-Северскім (?), а адна з Масквы. Таму магчымай падаецца і памылка складальніка ў вызначэнні месца друкавання кнігі – на той час Апостал шматразова выдаваўся як украінскімі, так і расійскімі друкарнямі. Але канешне ж не ў 1504 годзе.

Па-сёмае, сама вёска Ялоўка мае не вельмі багатую гісторыю. Найбольш раннія са знойдзеных намі крыніц, дзе згадваецца гэта вёска і яе царква, датуюцца 18 стагоддзем. Як паказвае практыка, найбольш старажытныя рукапісы і старадрукі захоўваліся найчасцей у старажытных духоўных і кніжных цэнтрах. Гэта, як і значна больш позняе датаванне ўсіх іншых кніг з рэестру з’яўляецца чарговым сведчаннем на карысць памылкі складальніка гэтага спісу.

Урэшце восьмае. Спасылка на аўтарытэтную ўкраінскую даследчыцу, якую для большай пэўнасці ў нас ужо паспелі назваць “украінскай даследчыцай старадрукаў” таксама выглядае не вельмі ўдалай. Святлана Кагамлык сапраўды з’яўляецца гісторыкам, але ні спецыялістам у старадруках, ні даследчыкам беларускага кнігадрукавання, ні нават спецыялістам па 16 стагоддзі яна не з’яўляецца. Як сведчаць яе публікацыі і кандыдацкая дысертацыя, яна займалася тэматыкай культурна-асветніцкай дзейнасці Кіева-Пячорскай Лаўры ў другой палове 17 – 18 стагоддзі, вывучала архівы Лаўры, даследавала жаночы і іншыя фактары ў фарміраванні ўкраінскай эліты 17–18 стагоддзяў, цікавілася праваслаўным духавенствам у часы Расійскай Імперыі, украінскімі царкоўна-асветніукімі асяродкамі, спадчынай украінскай эміграцыі…

Многа чым, але ўласна старадрукамі амаль не займалася, а беларускімі ды яшчэ і 16 стагоддзя – то дакладна. Таму фраза “ўкраінская даследчыца старадрукаў Святлана Кагамлык лічыць, што першая беларуская друкаваная кніга з’явілася ў 1504 годзе” выглядае вельмі дзіўна. Гэтаксама дзіўным можа падацца яе выказванне пра магчымасць падрыхтоўкі гэтай кнігі Францыскам Скарынам, што можа быць звязана з няведаннем гісторыі беларускага кнігадрукавання: у 1504 годзе Скарына, будучы яшчэ зусім маладым юнаком (каля 14 гадоў) толькі паступіў у Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве і яшчэ не пазнаёміўся з працай пражскіх друкароў.

Таму, натуральна, кожны мае права на любое меркаванне. Але, скажам, калі б хірург пачаў казаць, што ён адкрыў новы хімічны элемент і не здолеў бы прадставіць яго іншым навукоўцам, то да яго вынаходства паставіліся б з, мякка кажучы, некаторым недаверам. Ды што казаць: калі б спецыяліст па французскай мове пачаў разважаць пра скланенне назоўнікаў у беларускай мове ды яшчэ без доказаў, то відаць у дачыненні да яго выказванняў было б некаторае непаразуменне. Прыблізна з такім недаверам і непаразуменнем успрынялі кнігазнаўцы навіну пра “магілёўскую сенсацыю”. Усё ж у навуковых колах прынята спачатку зрабіць адкрыццё, а пасля пра яго актыўна заяўляць, а не наадварот.

Таму, натуральна, падобныя звесткі неабходна праверыць. Любы шанс зрабіць падобнае адкрыццё неабходна выкарыстаць, нават у такой амаль бесперспектыўнай для пошукаў сітуацыі. Таму трэба было б прыслухацца да разумнай думкі Аляксея Бацюкова: “Хутчэй за ўсё гэта нечая памылка… Тым не менш мы збіраемся правесці сваё даследаванне”. А каб не рабіць лішніх крокаў і беспадстаўных высноў вельмі б параіў ініцыятарам гэтых даследаванняў заручыцца падтрымкай спецыялістаў па кнігадрукаванні на беларуска-ўкраінскіх землях у 16 стагоддзі – такія ёсць і ў Беларусі, і ва ўсіх суседніх краінах.

На мой жа асабісты погляд, пакуль няма ніякіх падстаў казаць пра магчымае існаванне магілёўскага выдання 1504 года. Любы даследчык, які шмат працаваў з падобнымі рэестрамі царкоўных бібліятэк, можа зрабіць безліч падобных сенсацыйных адкрыццяў. У дадзеным выпадку мае месца нярэдкая, на жаль, з’ява, калі неправераныя звесткі з крыніцы, якая сама па сабе выклікае шмат пытанняў, былі “кінуты ў народ” без адпаведнага тлумачэння і ўдакладнення. Адчуванне такое ж, як было калі пасля некалькіх месяцаў сенсацыйных заяў пра знаходку ў 2011 годзе ў Расонскім раёне тысячагадовага паганскага ідала раптам высветлілася, што гэта “дзіўная статуя, аналагаў якой няма ў славянскім свеце” і “знаходка сусветнага значэння” з’яўляецца падробкай і сучасным вырабам. То давайце не будзем самі сабе ствараць новых ідалаў!

Алесь Суша,

старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў,

намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях