29 марта 2024, пятница, 17:48
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Актывістку Свабоднага прафзвязу звольнілі з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў

Актывістку Свабоднага прафзвязу звольнілі з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў

Актывістка Свабоднага прафзвязу Беларускага (СПБ) Аксана Кернажыцкая звольненая з Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў (БЗТДіА).

Старшыня СПБ Міхаіл Кавалькоў звязвае звальненне Кернажыцкай з ейнай актыўнай барацьбой за правы працоўных.

«Прычына звальнення ў тым, што яна чалец Свабоднага прафзвязу, брала ўдзел у розных акцыях у абарону правоў работнікаў завода», - заявіў БелаПАН Кавалькоў, адзначыўшы, што Кернажыцкая не працуе на заводзе з 22 жніўня.

«Мне ніхто не казаў, што мяне звальняюць за сяброўства ў Свабодным прафзвязе, але ўсё зводзілася да таго. За месяц мяне паінфармавалі. Усё гэта амбіцыі дырэктара завода і ягонага намесніка Елісеенкі. За два гады да гэтага мне казалі, што мы на тваё месца пяцярых возьмем, але ты працаваць тут не будзеш», - паведаміла Аксана Кернажыцкая, якая 19 гадоў прапрацавала на БЗТДіА свідравальніцай, выхавала старэйшую дачку і мае на ўтрыманні 12-гадовага сына.

«Намі рабіліся захады, каб не было гэтага звальнення. Я звяртаўся з гэтай нагоды ў Бабруйскі гарвыканкам. У канцы ліпеня мне патэлефанаваў намеснік старшыні гарвыканкама Аляксандр Маркачоў, які запэўніў, што лёсам Аксаны займаецца сам старшыня гарвыканкама Андрэй Каваленка, і ўсё будзе добра, і яна будзе працаваць», - сказаў Кавалькоў. Паводле ягоных слоў, акрамя звароту ў Бабруйскі гарвыканкам з мэтай недапушчэння звальнення Кернажыцкай СПБ звяртаўся і ў іншыя органы ўлады, сярод іншых у Магілёўскі аблвыканкам.

«У маёй юрысдыкцыі гэтых пытанняў няма. Я не з'яўляюся наймальнікам у асобе Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў. Гэта дамоўныя дачыненні паміж наймальнікам і працаўніком. Што я магу патлумачыць у гэтым пытанні? Я пытаннямі працаўладкавання на канкрэтным прадпрыемстве не займаюся, нічым не магу дапамагчы», - заявіў Аляксандр Маркачоў.

Кавалькоў адзначыў, што з БЗТДіА за апошні час звольненыя двое работнікаў - сябраў СПБ, якія маюць на ўтрыманні непаўналетніх дзяцей, сям'і якіх пакінутыя без сродкаў да існавання. Гэта акрамя Кернажыцкай яшчэ слесар-інструментальнік V катэгорыі Сяргей Пічугаў, які 11 гадоў прапрацаваў на прадпрыемстве.

«Ёсць яшчэ адзін кандыдат на звальненне - аператар кацельні Анатоль Патаповіч. Яму пяць гадоў застаецца да пенсіі, ён інвалід трэцяй групы, а яго звальняюць», - распавёў прафзвязавы лідэр.

25 ліпеня XI з'езд СПБ прыняў заяву наконт дыскрымінацыі паводле прафзвязавай прыкметы на БЗТДіА. У ёй гаварылася, што дырэктар завода, дэпутат Магілёўскага абласнога савета дэпутатаў Аляксандр Аграновіч «на шкоду вытворчасці выкідвае на вуліцу высокакваліфікаваных работнікаў, нявечачы пры гэтым чалавечыя лёсы».

«Беззаконне і самавольства ўлады не пакінулі іншага выбару ў абароне правоў і інтарэсаў, гонару і годнасці нашых таварышаў ды іхніх сямейнікаў, чым наважыцца на радыкальныя захады пратэсту. І мы іх разам з калегамі з незалежнага прафзвязавага руху краіны, міжнароднага прафзвязавага руху вымушаныя будзем ажыццяўляць, чаго б гэта ні каштавала», - заявілі дэлегаты з'езду.

Адзначым, што кіраўніцтва БЗТДіА на працягу доўгага часу адмаўляецца ад каментароў наконт абвінавачванняў у дыскрымінацыі паводле прафзвязавай прыкметы.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях