29 марта 2024, пятница, 18:40
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Памятаем пра герояў: паплечнік Каліноўскага, нязломны Валерый Урублеўскі

4
Памятаем пра герояў: паплечнік Каліноўскага, нязломны Валерый Урублеўскі
Валерый Урублеўскі

Валерый Урублеўскі назаўсёды застанецца нашым героем, які дзейнічаў поруч з Каліноўскім у імя Беларусі і на карысць нашага народа.

Зіма 1864-га. Мяжа Расійскай і Аўстрыйскай Імперый. У расійскі вайсковы лагер прыбывае карэта шляхціца Ксаверыя Складоўскага. Той адразу ж кіруецца да начальніка па дазвол выехаць за мяжу для яго дачкі Баляславы. Разам з дзяўчынай у карэце — эканомка. Пакуль бацька дабіваўся дазволу, два маладыя афіцэры падышлі да карэты і пачалі заляцацца да панны Баляславы. Выгляд эканомкі падаўся падазроным адному з іх. Расеец ужо збіраўся абшукваць экіпаж, як побач з’явіўся старшы афіцэр на кані і даў двум залётнікам нейкі неадкладны загад. Затым наблізіўся да карэты і ціха прамовіў: «Пріведіте в порядок своё ліцо», прышпорыў каня і паскакаў даганяць падначаленых. Напалоханая Складоўская зірнула на суседку і ўбачыла, як па твары тае струменьчыкамі сцякае кроў. «Эканомкай» быў пераапрануты ў жаночае адзенне Валерый Урублеўскі — герой паўстання Каліноўскага.

«Калі трэба ісці драцца…»

На ўспамін пра родны Жалудок яму назаўсёды засталіся аповеды, пачутыя ціхімі зімовымі вечарамі ад бацькі Антона — пра прыгоды ляснічага ў векавых пушчах, сярод якіх вужакаю выгінаецца Нёман. Бацька любіў лес усёй душой і не пакідаў сваіх вандровак, нават калі стаў скарбнікам у маёнтку Тызенгаўза. Гэтую няўрымслівую цягу ён перадаў і сыну Валерыяну Антонію, народжанаму 27 снежня 1836 года.

Калі бацькі не стала, сям’я ўдавы Разаліі Урублеўскай, уладальніцы маёнтка Явар на Слонімшчыне, перабіраецца ў Вільню да брата мужа — Яўстахія. Ён стаў для васьмігадовага Валерыя другім бацькам, і менавіта ад яго хлапчук пачуў новыя гісторыі — пра вандроўкі дзядзькі, пераапранутага ў простага селяніна, па вёсках, пачуў песні на «народнай гаворцы», у якіх столькі роспачы і тугі, але ж адначасова і надзеі. Ці не сам Валерый, памятаючы тыя спевы, склаў песню, якая гучала ў паўстанцкіх лагерах у 1863-м:


Ах ты, мая чарнабрыва,


Будзь здарова і шчасліва!


Люблю цябе, любіць буду


І ніколі не забуду!


Ой, у хаце не астацца,


Калі трэба ісці драцца…


На ворага косы маем,


Загуляем, як здужаем…


Эх ты, мая чарнабрыва,


Будзь здарова і шчасліва!

У 1848, калі Еўропа жыла прадчуваннем «вясны народаў», абшары колішняга Вялікага Княства Літоўскага, а цяпер заходнія губерні Расійскай Імперыі, былі знясіленыя. Найлепшых сыноў края, аб’яднаных таемнымі арганізацыямі, няспыннай чарадой выпраўлялі на сібірскую катаргу або ў рэкруты. Па Вільні хадзілі чуткі пра «Братні саюз» Далеўскіх і пераказвалася гісторыя пра грамадзянскае пакаранне смерцю трох удзельнікаў таемнага таварыства: «злачынцаў» падвялі да ганебных слупоў, над іх галовамі зламалі шпагі ў знак пазбаўлення шляхецкіх правоў і выслалі ў Сібір. Адным з іх быў Апалін Гафмайстар. Малы Урублеўскі ведаў гэтае імя ад дзядзькі, і ніколі б не паверыў, што яго дзіцячы кумір пасля вяртання з ссылкі будзе яго паплечнікам па Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі.

Не абмінуў арышт і самога дзядзьку Яўстаха. У 1849 за ім на віленскую кватэру прыйшлі жандары. Дзядзьку звінавацілі ў спробе стварыць таемную арганізацыю для дапамогі Венгерскаму паўстанню, на задушэнне якога ў Аўстрыйскую Імперыю паходам выступілі расійскія войскі. Студэнту Харкаўскага ўніверсітэта, звязанаму з Кірыла-Мяфодзіеўскім таварыствам, далі 8 гадоў катаргі ў Сібіры.

У Вільні Валерый Урублеўскі вучыўся ў гімназіі (дваранскім інстытуце) адначасова з многімі будучымі паўстанцамі: Цітусам Далеўскім і яго братам Канстанцінам, Зыгмунтам Мінейкам, Францішкам Багушэвічам… У 1854 разам з братам Станіславам Валерый паступае ў Пецярбургскі лясны інстытут. Навукі яму даваліся цяжка, за выключэннем тапаграфіі, але ў фехтаванні і стральбе ён не меў роўных.

Вечары ж юнак бавіць у нелегальных студэнцкіх і афіцэрскіх гуртках, якія з’яўляюцца па ўсёй сталіцы Расійскай Імперыі. Адным з іх кіравалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. Там у 1857 Урублеўскі і знаёміцца з братамі Каліноўскімі — Віктарам і Кастусём.

«Рэвалюцыйны радыкал па крыві»

Пасля заканчэння інстытута Урублеўскі атрымлівае прызначэнне інспектарам у навастворанае пісарскаегерскае вучылішча ў Саколцы, непадалёк ад Белавежскай пушчы. Выхаваны на ідэях сацыяльнай роўнасці і справядлівасці, Валерый становіцца аўтарытэтам для тутэйшых навучэнцаў, сыноў дзяржаўных (непрыгонных) сялян з Беларусі і Літвы, якія рыхтуюцца стаць ляснымі аб’ездчыкамі і егерамі.

«Я дэмакрат па паняццях, па духу, рэвалюцыйны радыкал па крыві, па сваім мінулым, па дзейнасці яшчэ да паўстання», — казаў ён пра сябе пасля.

Валерый на перыферыі імперыі знайшоў прыдатную глебу для рэвалюцыйнай дзейнасці, маючы магчымасць наведваць недалёкія Гродна, Беласток, Бераставіцу, і нават Вільню, цэнтр будучай таемнай арганізацыі. Адным з месцаў яе збору стала кватэра дзядзькі Яўстахія, што вярнуўся з Сібіры пасля царскай амністыі. Там збіралася багата людзей — ад паэта Уладзіслава Сыракомлі да Серакоўскага з Каліноўскім.

Урублеўскі меў шанцы зрабіць кар’еру ў імперыі. Усё ішло да гэтага. І атрыманне ў кастрычніку 1861 чарговага вайсковага чына — падпаручнік, і, са студзеня 1862, пасада загадчыка Сакольскай лясной школы. Гэта ў той час, калі ў павеце актыўна разыходзіцца «Мужыцкая праўда», сярод аўтараў якой, разам з Кастусём Каліноўскім і Феліксам Ражанскім, быў і Урублеўскі. Пры канцы 1862 следчая камісія ў Адэльску, занепакоеная маштабамі пашырэння «Мужыцкай праўды» сярод падляшскіх сялян, высветліла, што да газеты мае дачыненне фельчар падначаленага Урублеўскаму вучылішча Сянкевіч, і запатрабавала неадкладна накіраваць яго для тлумачэння. Зразумела, што Сянкевіча яны не дачакаліся.

«За падтрымку беларускай народнасці»

У ноч на 22 студзеня 1863 на тэрыторыі Каралеўства Польскага, без узгаднення з Вільняй, пачалося паўстанне. Урублеўскі, які меў мандат вайсковага начальніка Гродзенскай губерні, чакае загаду Каліноўскага, кіраўніка паўстанцкага Часовага ўрада Літвы і Беларусі. Ён застаецца верным свайму сябру нават тады, калі «белыя» на чале з Якубам Гейштарам здзяйсняюць пераварот, напалоханыя «ліцвінскім сепаратызмам» і магчымасцю перарастання барацьбы за аднаўленне Рэчы Паспалітай ў сацыяльную рэвалюцыю.

«Валерый сярод тагачасных патрыётаў прадстаўляў кірунак радыкальнадэмакратычны і «краёвы», бо выступаў за падтрымку беларускай народнасці», — успамінаў пасля стрыечны брат Урублеўскага, сын дзядзькі Яўстахія.

На месца вайсковага кіраўніка Гродзенскім ваяводствам «белыя» дасылаюць у Беласток палкоўніка Ануфрыя Духінскага, эмігранта, удзельніка паўстання 1830—1831, якога самі паўстанцы характарызавалі як «поўную няздатнасць». Пры ім кіраўніком генеральнага штаба становіцца Урублеўскі, які разам з Каліноўскім і іншымі «чырвонымі» вырашыў пайсці на кампраміс — у імя вышэйшай мэты. І 29 красавіка паўстанцы церпяць першае цяжкае паражэнне ў бітве пад Валілкамі ў Сакольскай пушчы, якое, адзначаў Каліноўскі, «дрэнна падзейнічала на вакольнае насельніцтва».

Пасля бітвы расійскі генерал Манюкін паведамляў у Вільню, што Урублеўскі забіты. Але праз некалькі тыдняў ён паўстаў, быццам птушкафенікс, у баі над ракой Сцерцеж у Ружанскай пушчы.

Калі ў першыя ж хвіліны рускія войскі адрэзалі Духінскага ад падначаленага яму атрада, Урублеўскі тры разы сам падымаў у атаку касінераў, каб урэшце выратаваць горакамандуючага. Паўстанцы адступілі ў поўным парадку, падабраўшы параненых, і ў хуткім часе ўзялі ўдзел у бітве пад Мілавідамі.

Калінавы цвет

Адтуль атрад Урублеўскага-Духінскага скіраваўся залечваць раны ва ўрочышча Вялікі Кут. А тым часам выдзелены з яго складу конны атрад Казіміра Кабылінскага захапіў Ружаны, абяззброіўшы царскую вайсковую каманду. Але падышло падмацаванне, рускія пераследавалі Кабылінскага аж да лагера ў Вялікім Куце. Цяжкі бой. Перамога, пасля якой паўстанцы забралі ў забітых рускіх салдатаў 29 дальнабойных штуцараў. Такая зброя была марай паўстанца — звычайна дрэнна ўзброенага і знясіленага доўгімі маршамі па лясным гушчары.

Увечары паўстанцы сталі ў шэраг. Стомленыя, у перапэцканай падрапанай вопратцы, худыя постаці, са шматлікімі драпінамі ад ляснога вецця на тварах. Наўкол адцвітала каліна. Менавіта яе галінкі ў руках трымаў камандзір, які заўсёды быў першы ў завірусе боя — Валер Урублеўскі. Без адзінага слова ён падыходзіў да паўстанцаў, якія найлепш паказалі сябе ў баі, і пакідаў у іх на адкрытых далонях галінкі каліны, усыпаныя беласнежнымі кветкамі.

Не паспеўшы адпачыць, паўстанцы рушылі ў Белавежскую пушчу. Старажытны лес стаў надзейным іх прытулкам. Паўстанец Арамовіч успамінаў:

«Адзіным правадніком у маршах па глухіх нетрах быў шэф Урублеўскі з планам ляснічага, дзе былі адзначаны аддзелы, прасекі і іх нумары».

Многія паўстанцы не вытрымлівалі цяжкіх умоў. Падаў у адстаўку ў сярэдзіне жніўня і знясілены паходамі Духінскі. Цяпер афіцыйна камандуючым усімі паўстанцкімі атрадамі Гродзеншчыны стаў Валерый Урублеўскі. Загад аб яго прызначэнні падпісаў Каліноўскі, што пасля арышту Гейштара ўзначаліў Віленскі паўстанцкі цэнтр. Каліноўскі адзначаў, што Духінскі сваім учынкам зрабіў «вялікую ласку».

Урублеўскі абірае новую тактыку барацьбы: фармуе атрады па 20—30 чалавек і рассылае ў розныя бакі чытаць паўстанцкі маніфест — пабеларуску. У Ваўкавыскі павет едуць «Янка з-пад Гродна» і «Юзюк з Беластока», у Шэрашаў — «Марэль», у Белавежскую пушчу — «Галабурда».

Тым часам на Гродзеншчыну перакінулі дадатковыя царскія войскі. Каб пазбегнуць атачэння, Урублеўскі са сваім атрадам перабіраецца праз Свіслацкую і Белавежскую ў Пружанскую пушчу — ва ўрочышча Туроса. Там ён дзеліць атрад на групы па 10—30 чалавек і распускае ў розныя кірункі. Сам застаецца з 40 паўстанцамі.

Засада кубанскіх казакоў

Зімаваць паўстанцы з Беларусі і Літвы сышлі на тэрыторыю Польскага Каралеўства. Гэта была ідэя Урублеўскага. Іх цэнтрам становіцца Ліпняк на Падляшшы, куды сцягваецца больш за дзве сотні паўстанцаў. Урублеўскі асабіста ўзначальвае конніцу, а пяхоту перадае пад кіраўніцтва афіцэра Багуслава Эйтміновіча. 7 лістапада ён разам з польскім атрадам Крысінскага атрымаў перамогу паміж Расошай і Ламазамі ў Бельскім павеце.

Напрыканцы 1863 атрад Урублеўскага спыняецца ў Малой Букаве пад Люблінам, каб адсвяткаваць надыход новага, 1864-га, года. Але ранкам у вёску ўрываецца атрад драгунаў. Толькі дзякуючы самаахвярнасці Урублеўскага і яго конніцы ўдалося ўратаваць сялянскую пяхоту Эйтміновіча. Але ўжо праз шэсць дзён яна амаль цалкам была пасечана пад Усцімавам, дзе загінуў і сам Эйтміновіч. Урублеўскі помсціць жорстка, здзяйсняе рэйд па тыле ворага, але пад тым жа Усцімавам трапляе ў засаду кубанскіх казакаў. Атрад Урублеўскага разбіты. Ён сам цяжка паранены ў галаву і плячо. Казакі нават палічылі яго мёртвым. Паўстанцкія газеты паведамілі, што Урублеўскі забіты — ужо ў каторы раз. Але ўвечары пасля бою яго цела знайшлі сяляне і ледзь жывога прынеслі ў хату шляхціца Ксаверыя Складоўскага, які дапамог Урублеўскаму выехаць за мяжу — у Парыж.

Ліхтаршчык і друкар

Эміграцыя, удалечыні ад радзімы, дзе панаваў мураўёўскі тэрор. Адчуванне бяссілля ад немагчымасці нечым ёй дапамагчы. Падводзіла здароўе — параненая левая рука Урублеўскага нерухома звісала ўздоўж цела. Але інвалідам, які жыве за кошт сяброў, ён быць не мог. Валерый уладкоўваецца ліхтаршчыкам, запальвае і тушыць газавыя ліхтары на вуліцах Парыжа, цягаючы на параненым плячы цяжкую драбіну. Ён паранейшаму не скардзіўся і адмаўляўся ад дапамогі, зазначаючы, што заўсёды ёсць тыя, каму яна неабходнейшая. Наадварот, Валерый сам намагаецца дапамагаць, і ўзначальвае арганізацыю выхадцаў з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Яго погляды становяцца яшчэ больш сацыялістычнымі: «Усё дзеля народа і праз народ».

Урублеўскі самастойна асвойвае цяжкую працу друкара і з 1869 пачынае працаваць у тыпаграфіі «Руж». Але на наступны год захворвае на воспу. Ён, які ўсё жыццё не прымаў ніякіх лекаў, адмаўляецца ад бальніцы. Яго даглядаюць паплечнікі па паўстанні і новыя сябры з тыпаграфіі. Адзін з іх нават заразіўся і памёр.

Падчас франкапрускай вайны Урублеўскі ўступае ў Нацыянальную гвардыю. А калі армія Напалеона ІІІ капітулюе і ў Францыі 18 сакавіка 1871 пачынаецца рэвалюцыя («Парыжская камуна»), Урублеўскі атрымлівае званне генерала і ўзначальвае адну з трох рэвалюцыйных армій. Ён абараняў паўднёвую частку сталіцы ад версальцаў — прыхільнікаў урада. На баку камунараў змагаліся 600 паўстанцаў 1863-га — рэшткі знішчанага пакалення. Сярод іх былі Ахіл Банольдзі, былы настаўнік Урублеўскага па Віленскай гімназіі, таленавіты спявак і фатограф; брат расстралянага Цітуса Далеўскага і жонкі павешанага Зыгмунта Серакоўскага — Канстанцін Далеўскі; паўстанцкія афіцэры Ю. Развадоўскі, К. Свідзінскі, В. Ражалоўскі… Многія з іх палеглі на вуліцах Парыжа.

Урублеўскі, як і ў 1863-м, асабіста ўзначальваў атакі працоўных атрадаў. А пасля паразы, завочна асуджаны версальцамі на смерць, заставаўся ў Парыжы. Сын Адама Міцкевіча аднойчы сустрэў яго ў адзежы працоўнага ў кавярні «Рэжанс». І ў адказ на прапанову неадкладна выехаць у Лондан пачуў: «Здаецца, там кепскі клімат. А тут, у Парыжы, мне вельмі добра. Мяне атачаюць чэсныя працоўныя, аберагаюць мяне, запрашаюць на абеды, дзе так сардэчна п’юць за маё здароўе».

І ўсё ж пад пагрозай арышту Урублеўскі пакідае Парыж. Пашпарт на імя прусака В. Вальдэмара яму перадаў праз рускага рэвалюцыянера Лаўрова Карл Маркс. Апошні ж склаў пратэкцыю, каб Урублеўскаму, якому пагражала ампутацыя рукі, дазволілі лячыцца ў бальніцы Лонданскага ўніверсітэта.

«П’ю мікстуру за гібель старога свету»

31 снежня 1871 года Урублеўскі атрымаў запрашэнне сустрэць новы год у сям’і Маркса. Але так і не скарыстаўся гэтым, даслаўшы ў адказ запіску: «Пастаянныя немачы не дазволілі мне правесці апошнія гадзіны гэтага страшнага года ў вашай шаноўнай сям’і, якой я ўдзячны столькімі ўспамінамі пра найлепшыя дні майго жыцця і якая сваёй чароўнасцю нагадвае мне бацькоўскі дом. Адзін у сваім пакоі, я сярдзіта п’ю мікстуру за гібель старога свету і за тое, каб мы, поўныя надзей на будучыню, уступілі ў новы. Пасылаю вам сваё братняе прывітанне».

У 1870-я гады Урублеўскі выношвае ідэю супольнага паўстання на тэрыторыі Расійскай Імперыі. У час рускатурэцкай вайны 1877—1878 гэтым спрабаваў скарыстацца англійскі міністр замежных спраў лорд Дзізраэлі. Ён прапанаваў Урублеўскаму вялізную суму грошай за арганізацыю паўстання ў Польшчы, Літве і Беларусі. Валерый адказаў:

«Я не кандацьер і не збіраюся біцца дзеля грошай. Калі б я бачыў, што надышоў час для паўстання, то падрыхтаваў бы яго ў сваім краі, не чакаючы грошай англійскіх капіталістаў».

Калі не куе, то і не есць

У 1885 французскі ўрад абвяшчае амністыю для ўдзельнікаў камуны. Урублеўскі перабіраецца ў Ніцу. Адзін з сяброў узгадваў:

«Урублеўскі, каб якнебудзь пражыць, працаваў у каваля. Аднак пашкоджаная рука балела, і бывалі дні, калі ён нічога не зарабляў, бо не быў у стане падняць молат. Моцны, мабыць, у яго боль, калі ён расстаецца з молатам, бо калі ён не куе, то і не есць».

На Урублеўскага некалькі разоў рабілі замахі. Адзін з іх у 1894 ледзь не спыніў яго жыццё. Урублеўскі вяртаўся ноччу з працы, калі на яго напалі і моцна збілі. Знайшлі Валерыя сябры з ліку рускіх эмігрантаў, якія паклалі яго на восем месяцаў у бальніцу, дзе яму зрабілі тры аперацыі, каб дастаць раздробленыя кавалкі рэбраў.

Фізічна працаваць Урублеўскі больш не мог, і нарэшце вымушаны быў пагадзіцца на дапамогу — яго ўладкавалі кантраляваць рознічны продаж у кіёсках газеты «Энтрансіжан». А ў 1901 французскі ўрад прызначыў яму, генералу Камуны, пенсію, пра што не раз хадайнічаў Фрыдрых Энгельс.

Апошнія гады Урублеўскі пражыў ва Урвіле, недалёка ад Парыжа, у земляка і былога камунара Генрыха Гершынскага. Нягледзячы на сталы век, цяжкія раны, Урублеўскі ўвесь час чагосьці чакаў — магчыма, весткі з Бацькаўшчыны. Памёр ён 5 жніўня 1908. У адзіноце. Але суправаджаць яго ў апошні шлях выйшлі тысячы французскіх рабочых.

Труну героя паўстання 1863-га, паплечніка Каліноўскага, генерала Камуны, пранеслі вуліцамі Парыжа, на якіх ён мужна змагаўся. І пахавалі на могілках Пер-Лашэз, ля сцяны Камунараў. На магіле яго маецца надпіс: «Гераічнаму сыну Польшчы — народ Парыжа». Але для нас ён назаўсёды застанецца нашым героем, які дзейнічаў поруч з Каліноўскім у імя Беларусі і на карысць нашага народа.

Ваciль Герасiмчык, «Наша Нiва»

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях