19 марта 2024, вторник, 8:42
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Абяцаная зямля

8
Абяцаная зямля
Дмитрий Дашкевич
Фото: belsat.eu

Мяркую, надыходзіць час выбірацца, час ісьці на свабоду.

Ваўкавышчына, па дарозе ідуць двое, адзін паварочваецца бокам, безнадзейна і чыста рытуальна падымае руку. Спыняюся, у машыну сядаюць абсмаленыя вясновым сонцам работнікі сяла: аднаму з дваццаць пяць, другому пад сорак. Канечне мне цікава, чым жывуць і куды рушаць рабацягі Заходняй Беларусі? Рушаць, як высьветлілася, з калгаса да дому, а жывуць…

- Якое тут жыцьцё, – адказвае старэйшы, – суцэльнае існаваньне. Налічваюць мільёны па два, ад сілы два трыста, колькі б ты дзён ні выходзіў – дваццаць ці трыццаць. Толькі за кошт сваёй гаспадаркі неяк і выжываем”.

Старадарожчына, на дарозе галасуе жанчына. Спыняюся, у машыну сядае кабета сярэдняга веку. Я, ясная справа, – “што ды як, ды чаму?”

- Заробак два трыста, – сумна апавядае тая. – За хату ж плацім як за кватэру – пяцьсот тысяч, хоць і эканомім на ўсім, нават ад электрычнага імбрыка адмовіліся – перайшлі назад на газавы. А Лукашэнка кажа, што мы лайдакі, працаваць ня хочам. А мы ж працуем, толькі дай нам яе, тую працу! Цяпер ніхто не дае, не падабаецца за два мільёны рабіць – ідзі на вуліцу, нікому ты ня трэба.

Слухаеш гэтыя і іншыя гісторыі, – а ўсе яны, насуперак класіку, няшчасны аднолькава, – і, з аднаго боку, людзей вельмі шкада. Бо адпахаўшы дзень за 10 уа заробку трэба яшчэ і дома да ночы адпахаць на гародзе, каб хоць есьці было што. Пра тое, як чалавеку падняць на ногі дзіцёнка ці нават двух – мы ўвогуле маўчым. Шкада і больна, за гэты аграблены, расьцярушаны народ, які разгубленымі вачыма лыпае навокал і не разумее: як жыць і што гэта будзе далей? З аднаго боку шкада. А з другога?

- А з другога боку? – кажу я паненцы, выслухаўшы ейную споведзь. – Ці не самі хацелі ў Савецкі саюз? Ці не самі пішчалі ў дзевяностых: вярні нас у рабства, да катлоў зь мясам і цыбуляй?

Маўчыць. А што скажаш? Бо нічога няма новага пад небам. Мы ведаем біблійную гісторыю пра тое, як Майсей пад Божым кіраўніцтвам вывеў габрэйскі народ са страшэннага рабства, каб у хуткім часе ўвайсьці ў абяцаную зямлю. Але што сказалі яму тыя, якія толькі што скінулі зь сябе кайданы? Яны тут жа, пры першых выпрабаваньнях шляхам загаласілі: “Майсей, вярні нас у рабства! Вярні нас да катлоў зь мясам і цыбуляй!” Хаця не было там ніякіх катлоў і ніякага мяса – толькі бізуны і голад. Але сьвядомасьць настолькі была вычварна рабствам, што ім учорашні голад уяўляўся сытай мінуўшчынай.

Што трэба было рабіць Богу пры такім раскладзе, гвалтам весьці народ Свой у зямлю, дзе цячэ малако і мёд? Тады Бог быў бы тыранам. Але Ён даў людзям свабоду і шануе іх выбар. Вы захацелі ў рабства? Калі ласка, маеце права памерці рабамі. І яны памерлі ў пустыні – ўсе, хто хацеў назад пад ярмо імпэрыі зла.

Мы таксама памятаем і сваю гісторыю, як Бог вывеў нас з рабства савецкага. І што ледзь ні адразу пачаў крычаць народ? “Саня, вярні нас назад у турму народаў! Вярні нас да катлоў з каўбасой і цыбуляй!” Хаця многія ж памятаюць, што не было там ні катлоў, ні каўбасы – суцэльны дэфіцыт і майткі па талонах. Аж не, мроіўся дабрабыт – вычварная рабская сьвядомасьць уяўляла тое, чаго не было, абы толькі вярнуцца ў стабільную, распланаваную на дзясяцігодзьдзі галечу.

А Госпад што, павінен быў нам навязвацца? Павінен быў гвалтам весьці нас да свабоды і дабрабыту? Не, бо Ён – гэта джэльтэльмен, Які нікому і ніколі не навязваўся. Крычалі, хай сабе рабамі, але сытымі? Калі ласка, паспрабуйце. Толькі па выніку, мала таго, што рабы, але ў дадатак да ўсіх бедаў – рабы галодныя.

Але быў жа і іншы выбар. Выбар быў і ў габрэяў, якім трэба было прайсьці выпрабаваньне пустыняй – і ўвайсьці ў абяцаную зямлю, выбар быў і ва ўсіх іншых народаў, якія вырываліся з-пад ярма імпэрыі зла. Нават я магу ўзгадаць умовы, пры якіх суседняя Беларусі краіна зрабіла адзіна правільны выбар.

На двары быў год недзе 91-шы. І я, дзясяцігадовы падлетак, па адной са шматлікіх тады праграм аздараўленча-культурніцкага характару выбіраўся ў сваю першую замежную паездку – у Польшчу. Бацькі, савецкія журналісты, зьбіралі мяне як на вайну. Я нічога не разумеў, але дакладна адбілася ў памяці тое, што мне грузілі ў валізу: рушнік вафельны, нейкі новы кран вадаправодны, яшчэ чагосьці там і… пачак соды! Карл, пачак соды! – каб я ўсё гэта прадаў галодным і сірым палякам. Пра тое, як быў арганізаваны і як адбываўся гандаль – асобная гісторыя. Але што вы думаеце? Прадаў я ўсё – усё, разам з пачкам соды!

А дзе цяпер Польшча і дзе Беларусь? Хоць выходзілі мы з аднаго палону, але праз дваццаць пяць год апынуліся ў розных сусьветах. Палякі, а разам зь імі іншыя эўрапейскія краіны, што вырваліся з савецкага ярма выбралі шлях Праўды, які хоць і рушыць праз пустыню, але вядзе да абяцанай зямлі. Мы, пры першых жа кроках па сухім пясочку, загаласілі “хто-небудзь, але вярні нас у рабства!”

Што ж, Госпад – найдасканалейшы джэльтэльмен. Ён яшчэ ніколі і нікому не навязваўся. Толькі рабы забываюць спрадвечны ўрок гісторыі. Хто паміж мясам і свабодаю выбірае мяса, той па выніку ня мае ні мяса, ні свабоды.

Абяцаная зямля з-за няверства габрэяў чакала іх сорак год. Колькі год чакае нас наша абяцаная зямля? Дваццаць два? Сто? Чатырыста пяцьдзесят? Можа досыць ужо блукаць? Можа час ужо пакаяцца ў рабскай сьвядомасьці і ісьці да абяцанай зямлі? Мяркую, надыходзіць час выбірацца, час ісьці на свабоду.

Зьміцер Дашкевіч, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 8

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях