29 марта 2024, пятница, 5:17
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Вы раздзявайцеся, а «Саша застанецца з вамі»

Вы раздзявайцеся, а «Саша застанецца з вамі»
Віталь Цыганкоў
Фота: «Радыё Свабода»

Калі так хочацца яскрава праявіць сваю творчую энэргію, зрабіце флэшмоб, напрыклад, у абарону Джона Сільвэра.

Якія самыя папулярныя артыкулы апошнія дні на большасьці незалежных сайтаў, у тым ліку і Радыё Свабода? Флэшмоб «распранацца і працаваць», які распачаўся пасьля чарговага «афарызму» Лукашэнкі.

Прыкольна, весела. Мне ўвогуле здаецца, што ў нас і без усялякіх прычынаў многія людзі мараць публічна распрануцца, а тут акурат для гэтага зьявілася нібыта ідэйная нагода — масавы флэшмоб. Пасьцябаліся ды і годзе. Узбагацілі сваё сумнае офіснае існаваньне яркім эпізодам.

Але калі некаторыя пачалі тлумачыць гэты нявінны флэшмоб нейкімі ідэйнымі прычынамі — «сьмехам з дыктатуры», «першаснай формай пратэсту», «дыктатуры паміраюць, калі зь іх пачынаюць сьмяяцца» — то ў мяне гэта натуральна пачало выклікаць усё большае раздражненьне.

На Захадзе вось ужо колькі гадоў існуе флэшмоб «у мэтро без штаноў». Гэта што — пратэст супраць «звярынага капіталізму», барацьба за вызваленьне чалавека ад прыгнёту спажывецкага грамадзтва? Не, гэта проста флэшмоб, безыдэйны і фактычна бессэнсоўны.

Як і наш, з распрананьнем.

Знайшлі дасягненьне: «з яго ўжо сьмяюцца». З Лукашэнкі даўно сьмяюцца, 22 гады. Хто-небудзь бачыць, што ўлада ад гэтага пахіснулася і гатовая паваліцца — засталося распавесьці толькі яшчэ адзін анекдот? І дэрэчы, тады, у 90-я, гэта была сапраўды яркая, жорсткая сатыра альбо рэзкі, трапны гумар — ці то ананімная паэма «Лука Мудзішчаў», ці фільм Хашчавацкага «Звычайны прэзыдэнт», альбо вострыя карыкатуры ў газэце Імя.

А цяперашнія фоткі з распрананьнем — вяршыня адвагі і вынаходніцтва, прабачце, офіснага планктона. Паглядзеў бы я на гэтых смельчакоў, калі б да іх у офіс уварвалася міліцыя і затрымала, ну, напрыклад, «за антыграмадзкія паводзіны». Ці працягнулі б яны свой «прыкольны сьцёб»?

Ад такога сьмеху «дыктатуры» не слабеюць, яны ачалавечваюцца.

Я зразумеў, дарэчы, што мне гэта нагадвае — сьцёбную песеньку «Саша останется с нами», якую прапаганда падхапіла і зрабіла фактычна дэвізам прэзыдэнцкай кампаніі Лукашэнкі 2006 году. Гэта, так бы мовіць, ачалавечваньне вобразу, набліжэньне яго да простага народу. На месцы цяперашніх ідэолягаў сёньня я б друкаваў масавымі накладамі сэрыял журналіста Алеся Пілецкага «давайпака». Такая добразычлівая, прыязная да галоўнага героя іронія: Лукашэнка там амаль заўсёды душэўны, мудры, заўжды ўцірае нос сваім апанэнтам — Пуціну і апазыцыі.

«Зь яго сьмяюццца»… Ну, канечне, чаму б не пасьмяяцца, калі гэта можна, калі за гэта нічога ня будзе, калі да гэтага флэшмобу ўжо далучыліся сьпевакі, што працуюць на БТ, журналісты «Спутніка».

Калі так хочацца праявіць сваю творчую энэргію, зрабіце флэшмоб, напрыклад, у абарону Джона Сільвэра — Эдуарда Пальчыса. Можаце прыйсьці хоць голымі, хоць апранутымі — я ў любым выпадку прасякнуся да вас павагай.

Віталь Цыганкоў, «Радыё Свабода»

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях