18 апреля 2024, четверг, 17:49
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«Ён быў цудоўны!» — Сяргей Картэс, які вярнуўся з Аргентыны, каб пісаць беларускую музыку

2
«Ён быў цудоўны!» — Сяргей Картэс, які вярнуўся з Аргентыны, каб пісаць беларускую музыку
Сяргей Картэс

Беларускі кампазытар Сяргей Картэс пайшоў з жыцьця 26 чэрвеня.

«У якім партызанскім атрадзе вы знайшлі Джардана Бруна?!» — такімі словамі сустракала партыйная намэнклятура творы кампазытара Сяргея Картэса. Маштабны творца, які напісаў некалькі опэр, балетаў, музыку да дзясяткаў знакавых спэктакляў, культавых фільмаў («Раскіданае гняздо», «Чорны замак Альшанскі») — Сяргей Картэс пайшоў з жыцьця 26 чэрвеня. Яму быў 81 год.

«Сяргей Картэс — мой найлепшы сябар, і мне цяжка гаварыць пра тое, што адбылося. Напярэдадні ён мне патэлефанаваў, і я ледзь пазнаў ягоны голас. Ён сказаў, што яму вельмі кепска, бо такое надвор’е. Я яго спрабаваў суцешыць, што ў панядзелак будзе лепш. Але ён нават не дажыў да панядзелка», — расказвае Радыё Свабода Ўладзімер Халіп, шматгадовы сябар і паплечнік кампазытара, аўтар лібрэта да ўсіх ягоных опэр.

Сяргей Картэс нарадзіўся ў 1935 годзе ў горадзе Сан-Антоніё, у Чылі. За паўтара дзесяцігодзьдзя да ягонага нараджэньня бабуля і дзядуля будучага кампазытара зьбеглі з бальшавіцкай Расеі ў Чылі. Ягоная маці — руская, бацька — чыліец. Неўзабаве маці перавезла малога хлопца ў Аргентыну, дзе ён пражыў амаль два дзясяткі гадоў. Там ён атрымаў першую музычную адукацыю.

«Картэс меў дзівосны характар, — згадвае тэатральны крытык Тацьцяна Мушынская. — Крыніца ягонага натхненьня, бачаньня рэчаіснасьці ў тым, што ён унук рускіх эмігрантаў, якія пакінулі тагачасны Петраград, ратуючыся ад бальшавікоў. І ўспрыманьне рэчаіснасьці ў яго не зусім беларускае, а такое паўднёва-амэрыканскае — больш сонца, аптымізму, больш радасьці».

У 1947 годзе сям’я Картэсаў падала прашэньне на вяртаньне ў Савецкі саюз. Пасяліліся ў Менску. Тут Сяргей Альбертавіч скончыў кансэрваторыю, вучыўся ў беларускіх клясыкаў — Анатоля Багатырова і Мікалая Аладава. Працаваў загадчыкам музычнай часткі ў тэатрах юнага гледача, рускім драматычным тэатры імя Горкага, тэатры Янкі Купалы.

«Ён быў тэатральны чалавек, — кажа пра яго галоўны рэжысэр тэатру імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін. Разам з Картэсам яны зрабілі опэры „Барыс Гадуноў“ і „Візыт дамы“. — У свой час працаваў у Купалаўскім тэатры як дырыжор аркестру. Усіх цудоўна ведаў. У Купалаўскі тэатар да апошніх дзён ён прыходзіў на ўсе прэм’еры. Ён любіў тэатар».

«Картэс — вельмі маштабная фігура, — кажа Тацьцяна Мушынская. — Калі складаўся даведнік „Кампазытары Беларусі“, дык адзін пералік спэктакляў зь ягонай музыкай складаў цэлую старонку. А на адной з творчых вечарын гучала музыка да колішняга купалаўскага спэктаклю „Шынкарка“ паводле Гальдоні. Гэта быў такі бляск! Такое зіхаценьне эмоцый! Гумару! Такая радасьць жыцьця была ў гэтых нумарах».

Два гады Сяргей Картэс аддаў кінастудыі «Беларусьфільм», дзе працаваў спачатку музыкальным рэдактарам, а пасьля і галоўным музычным рэдактарам. Ён аўтар музыкі да некалькіх дзясяткаў мастацкіх і анімацыйных фільмаў, найбольш вядомыя зь якіх «Раскіданае гняздо», пастаўлены рэжысэрам Барысам Луцэнкам, і два фільмы Міхаіла Пташука «Вазьму твой боль» і «Чорны замак Альшанскі».

«Аднойчы я ўключыла Радыё, а пачатак перадачы прапусьціла. Мяне зьдзівіла — гучыць музыка, гукі прыроды, гукі лесу, балот. Я думаю: як файна гэта зроблена, абсалютна сучаснай мовай, даслухаю да канца — хто гэта, — распавядае Тацьцяна Мушынская. — І была вельмі зьдзіўленая, калі абвясьцілі, што гэта музыка Сяргея Картэса да фільму „Раскіданае гняздо“. У сучасных аўтараў такой вастрыні ўспрыманьня гуку можа нават і няма».

Найбольш важны і грунтоўны ўнёсак Сяргей Картэс зрабіў у разьвіцьцё беларускай опэры і балету. Першая опэра «Джардана Бруна» была пастаўленая ў 1977 годзе. Лібрэта да яе напісаў Уладзімер Халіп.

«Мы з Картэсам прыйшлі ў наш опэрны тэатар. Божа мой! Якую прыхільнасьць, якіх цудоўных людзей мы там сустрэлі! Які быў дырэктар! Які быў мастацкі кіраўнік! Які дырыжор! Усё было цудоўна. Мы паставілі гэтую опэру. А потым тэатар паехаў зь ёю ў Маскву, — згадвае Ўладзімер Халіп. — Стаім, прымаем віншаваньні пасьля вялікага посьпеху. І раптам ідзе чалавек, зашпілены на ўсе гузікі, вельмі змрочны. Праходзячы міма, нават не паціснуўшы рукі кампазытару, ён кінуў: „У якім партызанскім атрадзе вы знайшлі Джардана Бруна?!“ І пайшоў. Я пытаюся, хто гэта. А мне кажуць, што гэта загадчык аддзелу культуры ЦК КПСС таварыш Шаура. Вось гэтыя шаураўскія мэтады тут засталіся ў Беларусі, заўсёды панавалі, і цяпер ёсьць, і нікуды ад іх не падзецца».

Тацьцяна Мушынская кажа, што опэра «Джардана Бруна» была ўвасобленая «з размахам», а вось другую опэру Картэса і Халіпа «Матухна Кураж», паводле п’есы Бэртальда Брэхта, паставіць у Беларусі наўпрост забаранілі:

«Там такая музыка боская, што няма слоў. Я дагэтуль паўтараю некаторыя зонгі адтуль, — кажа Ўладзімер Халіп. — Уявіце сабе, чаго спалохалася наша прынцыповая краіна? Чаму яны не захацелі паставіць гэтую опэру? І нават блізка не падпусьцілі да нашага „вытанчанага і прынцыповага“ тэатру. Паставілі яе ў Літве. У Каўнасе. Малады рэжысэр прыехаў, прасіў вельмі аддаць яму гэтую опэру. І паставіў цудоўны спэктакаль».

У той час ішла вайна ў Афганістане, — тлумачыць Тацьцяна Мушынская. Опэра паводле Брэхта з выразным антымілітарысцкім патасам была зусім не на карысьць савецкай прапагандзе.

«Ён быў чалавекам эўрапейскай культуры. Ён вырас зусім у іншых акалічнасьцях, яго выхавала сусьветная літаратура, сусьветнае мастацтва. І таму гэта быў мастак на ўсе часы, — кажа Ўладзімер Халіп. — Але вось яму вельмі не пашанцавала з гэтым часам».

У 1991 Сяргей Картэс стаў дырэктарам Нацыянальнага тэатру опэры і балету, і стаяў на чале беларускага Тэатру опэры амаль дванаццаць гадоў.

«Тады ён выказаў ідэю, якая перш падалася мне трохі нерэальнай, фантастычнай. У яго была мара — вывезьці беларускую опэру ў Эўропу», — распавядае Тацьцяна Мушынская. Па яе словах, у параўнаньні з балетнай трупай, якая актыўна гастралявала апошнія дзесяцігодзьдзі, паказваць беларускае опэрнае мастацтва было нашмат цяжэй — выдаткі на такія гастролі непараўнальна большыя.

«У прынцыпе, той час, пакуль Картэс быў мастацкім кіраўніком, ён гэтую як бы фантастычную ідэю здолеў ажыцьцявіць. Ён быў чалавек абсалютна эўрапейскі, ведаў некалькі моваў, свабодна размаўляў па-гішпанску, яму было нашмат прасьцей без перакладчыка везьці перамовы з імпрэсарыё. Былі фэстывалі ў Швайцарыі, трохі ў Германіі. Высьветлілася, што калектыў вельмі здольны, шмат салістаў, якіх павінна была ўбачыць эўрапейская публіка. Я лічу, што на той час гэта творчы подзьвіг быў», — кажа Мушынская. Яна згадвае, што Картэс плённа паўплываў на творчую кар’еру такіх вядомых цяпер беларускіх сьпевакоў, як Уладзімер Пятроў, Тацьцяна Трацьцяк.

«Калі казаць пра эўрапейскі ўплыў Картэса на нашае культурнай жыцьцё, дык ён быў вельмі моцны, — працягвае Мушынская. — Вось цікавы прыклад, годзе ў 93–94-м была пастаўленая опэра „Візыт дамы“ паводле Фрыдрыха Дзюрэнмата. Пастаноўку ажыцьцяўляў Мікалай Пінігін як рэжысэр і Зіновій Марголін як сцэнограф. Гэта быў вельмі цікавы прыклад мадэрнісцкага тэатра. Ён пазначыў, што ў нас магчымыя ня толькі пастаноўкі рэалаістычна-традыцыйнай скіраванасьці, якая таксама мае каштоўнасьць, але і такія нечаканыя і больш актуальныя».

Каб ацаніць значэньне творчасьці Сяргея Картэса, Тацьцяна Мушынская выкарыстоўвае цытату:

«Працытую беларускага кампазытара Андрэя Мдзівані. Ён з гумарам сказаў: „Сто песень — гэта яшчэ ня опэра“. Кампазытараў, якія могуць працаваць з буйнымі жанрамі, у Беларусі няшмат», — кажа крытык.

«Я думаю, калі б ён быў у нармальным атачэньні, каб гэта была нармальная краіна, а мы ніяк да гэтага ня можам дайсьці, то Картэс стварыў бы нашмат больш, — упэўнены Ўладзімер Халіп. — Мы б усе радаваліся гэтаму. Але вось каму карысьць з таго, што ён гэтага не напісаў? Каму карысьць у тым, што ён прыйшоў з прапановай стварыць опэру „Ладьдзя роспачы“, а ўсе на яго кісла глядзелі?»

«Вось такая ў нас атмасфэра, — працягвае драматург Уладзімер Халіп. — Гэта звычайная палітычная правінцыя, якую мы чамусьці вельмі доўга захоўвалі і хочам захаваць надалей. Вельмі шкада, калі яна такой і будзе, бо скалечыць жыцьцё яшчэ не аднаму пакаленьню выдатных творцаў. Але я думаю, што Картэсу цяпер (што ўжо казаць?) гэта не перашкодзіць ніякім чынам. Зь цягам часу людзі ацэняць усё тое, што ён зрабіў. Усё тое, што ён напісаў. Гэта выдатны чалавек, выдатны беларус, выдатны эўрапеец. Гэта найвялікшая страта апошняга часу».

У рэпэртуары Тэатру опэры і балету з твораў Сяргея Картэса сёньня ёсьць камічная опэра «Мядзьведзь», паводле п’есы Антона Чэхава, і балет «Хто я?».

«Ён быў сонечны чалавек, абсалютны шасьцідзесятнік, няхітры. Такі, як дзіця. Цудоўны», — кажа пра Сяргей Картэса рэжысёр Мікалай Пінігін.

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях