29 марта 2024, пятница, 4:48
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Еўропу ў Кракаве Папе Францішку прадставілі па-беларуску

1
Еўропу ў Кракаве Папе Францішку прадставілі па-беларуску

У чацвер на кракаўскіх Блонях адбылася першая сустрэча Папы Рымскага Францішка з моладдзю, якая прыбыла на Сусветныя дні моладзі ў Польшчу. 

Гэта сустрэча стала першай ў межах сёлетніх СДМ і на яе прыбыло каля 600 тысяч католікаў cа 187 краін свету, пiша catholic.by.

Адметна, што падчас прэзентацыі шасці кантынентаў еўрапейскую частку Еўразіі прадстаўляла беларуска Наталля Скіпар – салістка музычнага тэатра ў Любліне, выпускніца аддзялення музыкалогіі Каталіцкага ўніверсітэта ў Любліне.

Дзяўчына, якая мае класічнае меца-сапрана, выканала кароткі спеў на беларускай мове, у якім распавядалася пра ўклад св. Вінсэнта дэ Поль у распаўсюджванне Божай Міласэрнасці ў Еўропе.

Такім чынам, прадстаўленне Еўропы перад удзельнікамі СДМ і Папам Рымскім адбылося па-беларуску. Канцэпцыяй прэзентацыі былі абраныя аповеды пра святых – па адным на кожны з кантынентаў. Прадстаўнікі кантынентаў былі апранутыя ў стылізаваныя нацыянальныя строі тых рэгіёнаў, якія яны прадстаўлялі. 

Вучыцца ад моладзі 

Пантыфік  выразіў удзячнасць св. Яну Паўлу ІІ “за тое, што прыдумаў і даў імпульс для гэтых сустрэч”. Папа падкрэсліў, што “ён суправаджае нас з неба, дзе бачыць шмат моладзі розных народаў, культур, моў, якія прыбылі з адной нагоды: каб святкаваць жывую прысутнасць Езуса сярод нас”.  

Пантыфік таксама дадаў, што за час свайго біскупства прыйшоў да высновы, што няма нічога прыгажэйшага за здзяйсненне задумак, заангажаванасці і энергіі, з якой шмат маладых людзей пражываюць сваё жыццё. 

Папа Рымскі назваў дарам з неба імкненне моладзі змяніць свет. Паводле слоў Пантыфіка, яго сэрца радуецца, калі бачыць так шмат моладзі:

“Касцёл зараз на вас глядзіць і хоча ад вас вучыцца аднаўляць свой давер ў міласэрнасці Айца, Які заўсёды мае малады твар і не перастае запрашаць нас да Яго Валадарства”.  

Праграма Пантыфіка – што далей?

Візіт Папы Францішка працягваецца. 29 ліпеня Папа наведае былы канцэнтрацыйны лагер смерці Аўшвіц-Біркенаў, дзе 75 гадоў таму прыняў мучаніцкую смерць св. Максімільян Кольбэ.

У межах візіту запланавана таксама індывідуальная сустрэча Папы з 15-цю былымі вязнямі, якія выжылі ў канцлагеры.

У другой палове дня Папа Рымскі наведае ўніверсітэцкі дзіцячы шпіталь, а ўвечары разам з удзельнікамі СДМ прыме ўдзел у Крыжовай дарозе на кракаўскіх Блонях. 

30 ліпеня Святы Айцец наведае санктуарый Божай Міласэрнасці ў Кракаве-Лагеўніках, дзе прыме ўдзел у літургіі паяднання з моладдзю: Пантыфік будзе спавядаць пяцёра ўдзельнікаў СДМ на трох мовах – італьянскай, іспанскай і французскай.

У гэты ж дзень запланаваны абед Пантыфіка з кракаўскім арцыбіскупам, у якім прымуць удзел таксама перакладчык і 12 маладых людзей – прадстаўнікоў моладзі з розных краін: па адным хлопцу і адной дзяўчыне з кожнага кантынента, а таксама з хлопцам і дзяўчынай з Польшчы.

Увечары Папа Францішак прыме ўдзел у малітоўным чуванні моладзі ў кампусе Misericordia, пабудаваным адмыслова для СДМ.

У апошні дзень прабывання ў Польшчы ў межах СДМ – 31 ліпеня – Папа Рымскі ўзначаліць асноўную святую Імшу для пілігрымаў, на якой будзе абвешчана наступная сталіцы Сусветных дзён моладзі.

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях