29 марта 2024, пятница, 3:22
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Тысячы паломнікаў наведалі Будслаў на выходныя

3
Тысячы паломнікаў наведалі Будслаў на выходныя
ФОТО: CATHOLIC.BY

У першыя выходныя ліпеня пілігрымы з усёй Беларусі праходзяць сотні кіламетраў, каб пакланіцца цудатворнаму абразу Божай Маці.

Здавалася б, у сучаснай Беларусі немагчыма прыдумаць падзею, якая без разнарадак зверху, масоўкі з вайскоўцаў і «бээрэсэмаўцаў» сабрала б у адным месцы каля дзесяці тысячаў чалавек. І гэта пры ўмове, што выязны гандаль не будзе прадаваць шашлыкі і алкаголь! Але не. Будслаўскі каталіцкі фестываль – выключэнне з гэтага правіла. У першыя выходныя ліпеня пілігрымы з усёй Беларусі праходзяць дзясяткі, а то і сотні кіламетраў, каб у гэтым мястэчку ў Мядзельскім раёне разам памаліцца і пакланіцца цудатворнаму абразу Маці Божай, піша tut.by.

Паломніцкай традыцыі ўжо 26 гадоў. Сёлета фэст супаў з 25-годдзем аднаўлення структураў Каталіцкай царквы ў Беларусі.

Фото: tut.by

Пілігрымы з Віцебска за тыдзень прайшлі да Будслава амаль 250 кіламетраў. Нехта ў дарозе нацёр сабе мазалі, хтосьці абгарэў на гарачым сонцы... Але паломнікі запэўніваюць, што на падыходзе да Будслава стомленасць прайшла.

– Мы ўсё жыццё ў дарозе. І час пілігрымкі – гэта складанае, але даволі кароткае выпрабаванне, якое дае магчымасць разабрацца ў сабе і такім чынам зразумець, як быць далей. Паверце, яно таго варта, – тлумачаць вернікі.

У якасці сродку ад стомленасці ў пілігрымаў – песні. Вядома, пра Бога. Але ў сучаснай аранжыроўцы.

Першымі ў Будслаў прыйшлі пілігрымы з Ракава. Іхні шлях – усяго 130 кіламетраў. Цяжэй пілігрымам з Брэсцкай вобласці, якім за апошнія дні давялося прайсці больш за 500 кіламетраў.

Многія прыехалі на свята на роварах, а частка пілігрымаў з Менска дабіралася на ўрачыстасці ўплаў.

Каб быць на фэсце ў гонар мясцовага абраза Божай Маці зусім як у Хрыста за пазухай, на ўваходзе трэба прайсці традыцыйны для масавых мерапрыемстваў дагляд.

Сяргей ужо 15 гадоў ходзіць у пілігрымкі. Сваё першае паломніцтва ў Будслаў ён здзейсніў яшчэ ў школе. Успамінае, што тады за некалькі дзён у дарозе стаміўся настолькі, што паабяцаў сабе больш не паўтараць авантуру. Не атрымалася.

– Фізічна гэта, вядома, цяжка. Але калі ты пераадольваеш гэты шлях, то перажываеш нешта значнае для сябе. Гэта складана растлумачыць словамі. Але ведаю дакладна, што ў мітусні паўсядзённага жыцця гэтага стану немагчыма дасягнуць, – кажа Сяргей. – Унутры нешта мяняецца. Ты вяртаешся з паломніцтва іншым чалавекам. І потым кожны год зноў хочаш прайсці гэты шлях.

Малады чалавек, хоць і жыве ў Менску, ужо трэці год далучаецца да пілігрымаў з Віцебска. За тыдзень ён і яшчэ 74 чалавекі адолелі шлях амаль 250 кіламетраў. На гэты час Сяргей прынцыпова адмаўляецца ад мабільнага тэлефона і інтэрнэту.

– Адчуванне, што ўсе пілігрымы – гэта вялікая сям'я. Аб'яднацца дапамагае і тое, што святары, якія вядуць групу, – даволі харызматычныя людзі, – апавядае хлопец. – Але трэба разумець, што гэта не проста вандроўка ці нейкая забаўка. Гэта час для разважанняў, яднання з прыродай і Богам...

Усе пілігрымы жывуць у намётавым гарадку недалёка ад касцёла. У кожнай групы ёсць свая палявая кухня. Хто прыйшоў раней, гатуе абед для тых, якія яшчэ толькі на падыходзе. Віцебскіх вернікаў, напрыклад, накармілі супам пілігрымы з Маладзечна.

Сярод пілігрымаў у асноўным моладзь. У перапынках паміж службамі яны бавяць час у лагеры песнямі, скокамі і спартовымі гульнямі.

Пілігрымка з Браслава дабіралася да Будслава 6 дзён. Святлана разам з сям'ёй далучылася да пілігрымаў упершыню.

– Даўно марыла, але ўвесь час не атрымлівалася. Хоць, памятаю, будучы муж запрашаў мяне яшчэ 17 гадоў таму, калі мы вучыліся ў школе. Нарэшце сабраліся. І я пра гэта не шкадую, – кажа Святлана. – Пакуль ішлі, маліліся, гулялі, танцавалі, спявалі.

Па дарозе ў Будслаў паломнікі спыняюцца на начоўку у розных вёсках. Мясцовыя каталікі ўжо шмат гадоў загадзя рыхтуюцца да прыходу пілігрымаў. І не пускаць вандроўнікаў да сябе дадому не прынята.

– Людзі самі ўжо ведаюць, што прыйдуць паломнікі, і прыходзяць да свайго касцёла, каб запрасіць да сябе пілігрымаў. У іх заўсёды натопленая лазня і прыгатаваная вячэра, – апавядае жанчына. – А ўжо раніцай, калі мы сыходзім з вёскі далей, то перш за ўсё молімся за гэтых людзей.

Перад тым як пайсці ў лагер, паломнікі заходзяць у касцёл і на каленях з малітвай ідуць да мясцовай святыні.

Мянчанка Насця сёння прасіла Бога пра мір ва Украіне. Ейная сям'я родам з суседняй краіны.

– Раней мы хадзілі ў пілігрымкі, але цяпер проста прыехалі на ўрачыстасці. Тут адпачываеш душой, набываеш спакой, – кажа дзяўчына. – У Будславе ты па-асабліваму сябе адчуваеш. Рэч у тым, што Бог – гэта любоў. І гэтае пачуццё тут у душы кожнага. А паколькі ў адным месцы столькі людзей з станоўчымі эмоцыямі, то і атрымліваецца такая непаўторная атмасфера.

Акрамя вернікаў, на ўрачыстасці ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай збіраецца і амаль усё каталіцкае духавенства Беларусі на чале з біскупам.

Духоўная праграма пачынаецца з вечаровай моладзевай службы, якая заканчваецца пераклічкай пілігрымаў.

Потым многія выпраўляюцца на споведзь. Дзясяткі ксяндзоў адпускаюць грахі вернікам наўпрост на вуліцы. Каб пакаяцца, людзі нават гатовыя стаяць у чарзе.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сёлета ўпершыню за шмат гадоў змяніў традыцыі і не пайшоў у дарогу з пілігрымамі. За што потым папрасіў прабачэння перад моладдзю. Рэч у тым, што ён сустракаў у Менску пасланца папы рымскага – кардынала з Вены Крыстафа Шонбарна,/b>. Ён прыехаў у Будслаў у пятніцу на вечаровую службу, а ў суботу яшчэ і сам адслужыў галоўную імшу свята.

– Мы чакаем таго, каб папа прыехаў ды нас. Сёння гэта, можа, і немагчыма. Але мы бачым, што сёння ўсё часцей і часцей яго пасланцы прыбываюць у нашую краіну. І я веру ў тое, што некалі гэтыя кроплі праб'юць каменную сцяну і адчыняць дарогу для папы ў нашую краіну, – сказаў Тадэвуш Кадрусевіч. – Цяпер чэмпіянат свету ў футболе. І многія з вернікаў – заўзятары. Але, нягледзячы на гэта, тут сёння вельмі шмат людзей. Гэта сведчанне таго, што касцёл на Беларусі – жывы.

Вечаровая служба ў Будславе, напэўна, самае прыгожае дзейства. Тысячы людзей адначасова запальваюць свечкі і разам ідуць крыжовым ходам за копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай.

Ужо на наступны дзень галоўную імшу ў Будславе адслужыў папскі пасланец Крыстаф Шонбарн.

– Я хацеў бы падзякаваць кожнаму з вас. Сёння ў мяне ёсць магчымасць быць сведкам вашай моцнай веры. І мы разам можам сказаць: шчаслівая тая краіна, якая паверыла, тая сям'я, якая паверыла, шчаслівы кожны з нас, хто паверыў, – звярнуўся да вернікаў кардынал.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях