16 апреля 2024, вторник, 8:57
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Артэфакты з найбуйнейшага паўстання Касцюшкі прадставілі ў Берасці

1
Артэфакты з найбуйнейшага паўстання Касцюшкі прадставілі ў Берасці

У гадавіну адной з найбуйнейшых бітваў паўстання Тадэвуша Касцюшкі прайшла прэзентацыя экспазіцыі магчымых артэфактаў тых дзён.

222 гады таму, 17 верасня 1794 года каля Крупчыцкага каталіцкага манастыра на Берасцейшчыне (зараз в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага раёна), на поўдзень ад зліцця рэк Мухавец і Трасцяніца, сышліся больш 16 тысяч жаўнераў (салдат) з абодвух бакоў, піша vb.by.

У культурным цэнтры «Грунтоўня» ў Берасці сваю калекцыю знаходак прадставіў краязнаўца, берасцеец Сяржук Грынь. Ён жа распавёў пра вядомыя і малавядомыя звесткі тых дзён. Эканаміст па адукацыі, але тэма, як падзяліўся, захапіла яго.

Па словах калекцыянера, рэчы знойдзены ў разны час рознымі людзьмі на Крупчыцкім полі ці каля яго. Гэта кавалкі ядраў гармат, кулі, пікі касянераў, нацельныя крыжыкі, медалькі, пярсцёнкі, гузікі, манеты, металічныя ўпрыгожванні для коней.

Суразмоўца не сцвярджае, што знаходкі належаць менавіта паўстанцам, але рэчы могуць быць сведкамі тых падзей. Некаторыя з'яўляюцца рэканструкцыяй.

- Гэта наша гісторыя, да таго ж вельмі цікавая, - кажа Сяржук. - Крупчыцкая бітва з'яўляецца ці не самай буйной падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі на тэрыторыі Беларусі. І мы мусім пра яе не забываць. Гэта падзея вартая ўвагі ўжо тым, што паўстанцы далі бой значна пераўзыходзячым сілам царскай (сувораўскай) арміі... Касцюшка - наш зямляк, нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША. І нельга не памятаць пра гэта.

...Па сабраных звестках, напачатку восені 1794 года паўстанцкі атрад пад кіраўніцтвам генерала Кароля Серакоўскага накіраваўся ў раён Крупчыцкага кляштара кармелітаў. Серакоўскі меў (па розных звестках) 4-5 тысяч чалавек і 26 гармат. Былі таксама апалчэнцы з-пад Брэст-Літоўска, Кобрына, Пружан, Бярозы і Слоніма. Але ўзброеныя яны былі, як правіла, толькі косамі (так называемыя касінеры), віламі ці сякерамі. Царскае войска пад камандаваннем Аляксандра Суворава мела каля 12 тысяч салдат і 39 гармат. 17 верасня паблізу Крупчыцкага кляштара разгарэўся бой. Усе поле было пакрыта целамі забітых. Манахі і жыхары навакольных вёсак падбіралі параненых...

Як адзначаюць гісторыкі, Берасцейшчына таго часу была арэнай моцнага ваеннага супрацьстаяння. Першае нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1794 года было скіравана на змаганне за незалежнасць Рэчы Паспалітай. Але беларусы, і берасцейцы ў прыватнасці, як бачна, мелі да яго непасрэднае дачыненне. Больш таго, праявілі сябе гераічна і, натуральна, заслугоўваюць пашаны.

Сяржук Грынь лічыць усю калекцыю важнай і не выдзяляе адзін ці некалькі артэфактаў.

- Вось калі б я знайшоў ці набыў нешта з аўтографам самога Тадэвуша Касцюшкі, вось тады б і выклікнуў: «Ах»! - жартаваў ён падчас размовы з прысутнымі. - А так усе рэчы таго часу для мяне вельмі важныя і цікавыя.

Падчас прэзентацыі дырэктар фонда «Фартыфікацыя Брэста» Андрэй Варабей разам з жонкай Аленай і сынам Іванам прадставілі шляхецкае адзенне часоў Тадэвуша Касцюшкі, расказалі пра яго адметнасці, сакрэты рэканструкцыі. Энтузіясты плануюць у кастрычніку ў абласным грамадска-культурным цэнтры правесці незвычайны баль. Яго гаспадары а, магчыма, і некаторыя ўдзельнікі будуць апранутыя ў стылізаваныя касцюмы той эпохі. Эпохі гераічнай і ўсё яшчэ мала вядомай.

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях