19 апреля 2024, пятница, 18:04
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

125 гадоў таму нарадзіўся заснавальнік беларускамоўнага касцёла ксёндз Адам Станкевіч

2
125 гадоў таму нарадзіўся заснавальнік беларускамоўнага касцёла ксёндз Адам Станкевіч

Адам Станкевіч быў лідарам беларускага руху 1920-30-ых гадоў і кіраўніком Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў эпоху яе росквіту.

6 студзеня, спаўняецца 125 гадоў лідару беларускага руху 1920-40 гадоў, аднаму з заснавальнікаў беларускамоўнага Касцёла і Таварыства беларускай школы, кіраўніку Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, закатаванаму ў ГУЛАГу Адаму Станкевічу, піша сайт bchd.info.

Адам Станкевіч – святар, лідар беларускага руху 1920-30-ых гадоў, пісьменнік і рэдактар, навуковец і ідэолаг, кіраўнік Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў эпоху яе росквіту.

Нарадзіўся будучы правадыр хадэцыі 6 студзеня 1882 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Арляняты, што на тагачаснай Ашмяншчыне (сёння – Смаргонскі раён Гарадзеншчыны), у сям’і беларускіх сялянаў-каталікоў. Адсюль жа, з Арлянятаў, паходзяць знакаміты філолаг, перакладчык Бібліі на беларускую мову Янка Станкевіч і літаратуразнаўца, першы кіраўнік Антыбальшавіцкага блоку народаў Станіслаў Станкевіч.

Дзякуючы здольнасцям Адама і ягонай цікавасці да навукі, бацькі падтрымлівалі навучанне сына спярша ў царкоўна-прыходскай школе ў Барунах, потым у Гальшанскай народнай школе, а далей у гарадской вучэльні ў Ашмянах.

У 1910-м Адам паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, якую скончыў на выдатна ў 1914-м і быў высвечаны на ксяндза. Першая ягоная імша (прыміцыя) адбылася ў старажытным Крэве ў 1915-м.

Паступаючы ў 1916-м Пецярбургскую духоўную акадэмію як адзін з лепшых віленскіх студэнтаў, Адам ужо меў выразную беларускую свядомасць – і гэта адразу дало магчымасць яму стаць адным з завадатараў святарскай супольнасці, з якой узнікла БХД.

Акадэмію Адам Станкевіч скончыў са ступенню кандыдата кананічнага права - і рыхтаваў магістэрскую дысертацыю «Вучэнне св. Тамаша Аквінскага пра сям’ю ў параўнанні з сучаснай тэорыяй вольнага саюзу».

Па вяртанні Станкевіч адразу акунуўся ў вір працы на Радзіме, дзе толькі адгрымела вайна. Ужо ў 1918-м ён выступае перад сялянамі Дзісеншчыны па-беларуску – і слухаць яго збіраюцца натоўпы.

У 1919-м ксяндза Адама Станкевіча прызначаюць у Вільню, і з гэтага часу ён становіцца на чале Беларускай Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці, а пазней – і ўсяго беларускага руху. Ксёндз Адам узяў на сябе рэдагаванне «Крыніцы» і вёў рэй на першых сустрэчах хадэкаў. У 1924-м узначаліў Таварыства Беларускай Школы, а ў 1926-м – Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры.

У лістападзе 1922 года Адам Станкевіч пераважнай большасцю беларускіх галасоў быў абраны паслом у Сейм – першы пасляваенны парламент Другой Рэчы Паспалітай – ад Дзісны, Свянцянаў, Браслава і Паставаў. У якасці дэпутата да 1926 года ксёндз Адам заняў пасаду намесніка кіраўніка беларускай фракцыі і шматкроць выступаў у абарону правоў беларусаў з трыбуны Сейма. Ладзіў шматлюдныя мітынгі на сваёй акрузе і за яе межамі – у Гародні, Нясвіжы, Даўгінаве, Жодзішках - і здабыў усеагульную павагу народа, беларускага грамадства ды нават ворагаў.

Ксёндз Адам напоўніцу вызнаў ціск дзяржавы і касцёльнай улады дзеля сваёй цвёрдай беларускай пазіцыі: яго арыштоўвалі, канфіскоўвалі наклады «Крыніцы», супраць яго пачыналі крымінальныя справы; урэшце ў 1929 годзе віленскі арцыбіскуп Рамуальд Яблжыкоўскі забараніў ксяндзу удзел у БХД, і Станкевічу давялося весці сваю працу непублічна. У 1938 годзе ксяндза Адама увогуле саслалі на 5 гадоў у Слонім – і толькі з пачаткам вайны ён здолеў вярнуцца ў Вільню.

Пра глыбокую хрысціянскую веру Адама Станкевіча сведчыць адзін малавядомы факт. У 1941-м, калі немцы захапілі Літву, ксёндз Адам хаваў пры касцёле шасцёх савецкіх грамадзянаў, у тым ліку бальшавіцкага камісара – усім ім пагражаў расстрэл. Праз восем гадоў камуністы арыштуюць Адама Станкевіча і закатуюць яго ў ГУЛАГу.

У 1944-м годзе, заняўшы Вільню, саветы выклікаюць ксяндза, які ўсю вайну служыў у касцёле і займаўся беларускай школай – і спрабуюць схіліць яго да супрацы: узначаліць асобны ад Ватыкана каталіцкі рух. Станкевіч адмовіўся. Тады, у 1949-м яго арыштоўваюць – і з прысудам 25 гадоў выпраўляюць у Сібір.

Дарогаю ксёндз Адам моцна захварэў – і памёр па прыбыцці ў лагер.

Далей піша Віктар Сікора, якому давялося хаваць ксяндза Станкевіча:

«У Тайшэце было так устаноўлена, што калі каго хавалі, абавязкова нябожчыка спачатку прывозілі ў морг, каб зрабіць ускрыцьцё. Баяліся, каб хтосьці жывы ня ўцёк пад выглядам мёртвага. «Працаваў» там адмысловы «мясьнік», які ўпрост ірваў труп на кавалкі… Вырашыў я, што пахаваю ксяндза Адама, правяду яго ў апошнюю дарогу. Узяў сані, палазы якіх былі з дрэва зробленыя. Вёз іх на сабе, бо коней не было. Дагэтуль я не магу быць на пахаваньнях, бо не магу забыць таго, што адбылося ў Тайшэце… Падвозім сані да варотаў. Яны адчыняюцца. Зь дзяжуркі выходзіць «мясьнік» з «кішнёй», што рыбакі зімой лёд прабіваюць. І ёй ксяндзу ўдарыў у грудзі… А пасьля другі выходзіць з кувалдай і б'е яго па галаве. Праламіў яе, паляцелі мазгі… Я ледзь не самлеў. Ляжыць ксёндз Адам Станкевіч у труне (хоць гэта толькі названьне, а не труна), увесь заліты крывёю…» («Апошні шлях Адама Станкевіча // «Наша ніва» № 34(155), 13-19 снежн. 1999).

Гісторыя страшная: быццам не адно бальшавікі, а сам д’ябал шалеў у ярасці над целам непахіснага ксяндзa.

Як святар, Адам Станкевіч заўжды заставаўся добрым пастырам – і вёў, ахоўваў, абараняў, ратаваў сваю парафію і свой народ. Ягоныя глыбокія казані складаюць цэлую кнігу беларускага хрысціянства. Ягонае даследванне “Родная мова ў святынях” дагэтуль – фундаментальная праца для навукоўцаў і святароў. Маючы безліч грамадскіх, палітычных, дабрачынных, уласна бытавых клопатаў у часы рэвалюцыяў, войнаў, акупацыяў Адам Станкевіч ніколі не пакідаў галоўнага – свайго паклікання як настаўніка душаў.

Як літаратар, ксёндз Адам пакінуў па сабе вялікую спадчыну кнігаў, прысвечаных сарцавінным асобам беларускага руху – Скарыну, Вітаўту, Каліноўскаму, Эпімах-Шыпілу, і галоўным тэмам - мове, гісторыі, хрысціянству.

Як падлічыў Уладзімір Конан, Адам Станкевіч — аўтар дзевятнаццаці кніг і брашур, каля 1000 артыкулаў, нататкаў, шматлікіх рэдакцыйных матэрыялаў у штотыднёвіку «Крыніца», часопісе «Хрысціянская думка» і іншых выданнях. Сярод іх — «Родная мова ў сьвятынях» (1929), «Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня» (1939), «Беларускі хрысьціянскі рух» (1939), «Хрысьціянства і беларускі народ: Спроба сінтэзы» (1940), брашуры «Доктар Францішак Скарына першы друкар беларускі: 1525—1925» (1925), «Вітаўт Вялікі і беларусы» (1930), «Беларуская мова ў школах Беларусі ХVІ і ХVІІ стст.» (1928), «Франціш Багушэвіч. Яго жыцьцё і творчасьць» (1930), «Прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: З яго жыцьця і працы» (1934), «Магнушэўскі. Паўлюк Багрым. Баброўскі» (1937), «Казімер Сваяк. Нарысы аб яго ідэялёгіі» (1931), «З жыцьця і дзейнасьці Казімера Сваяка» (1936), «Міхал Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песьня» (1938), «На сьвята маткі» (1940). (У.Конан - media.catholic.by)

Як дабрачынца, ксёндз Адам Станкевіч заўсёды знаходзіў час рупіцца пра патрэбы тых, хто ў няшчасці. Адзін з кіраўнікоў Камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны у Петраградзе, ён апекаваўся беларусамі, скалечанымі на фронце, ды тымі, хто страціў блізкіх, дом, гаспадарку. У Вільні ён апекаваўся прытулкамі. Праз Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры дапамагаў шырэйшаму сялянству, рабочым і беларускай інтэлігенцыі. Нарэшце, пасля наступу немцаў у 1941-м менавіта ён, ксёндз-антысаветчык, хаваў шасцёх савецкіх грамадзян на чале з камісарам, якім пагражаў немінучы расстрэл.

Як палітык, абаронца свайго народа, Адам Станкевіч стаіць упоравень з постацямі беларускай гісторыі першай велічыні – Ефрасінняй Полацкай, князем Альгердам, Мікалаем Радзівілам Чорным, Канстанцінам Астрожскім, Кастусём Каліноўскім, Зянонам Пазняком. І на шматтысячных мітынгах на сваёй улюбёнай Віленшчыне, і паслом у Сейме, і на перамовах у Беларускім Нацыянальным Кангрэсе, і на допытах у НКВД гэта быў цвёрды, упэўнены, адказны лідар, што не здраджваў ані сваёй веры, ані сваім людзям.

Нарэшце, вобраз Адама Станкевіча - пуцяводная бэтлеемская зорка для кожнага беларускага хрысціянскага дэмакрата. У асобе ксяндза Адама мы можам знайсці ўсе тыя рысы, якіх нам не стае ў цяперашняй палітыцы: веру ў Бога, маральнасць, яснасць, адказнасць, спагада да кожнага чалавека.

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях