1 мая 2024, среда, 21:35
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Зянон Пазьняк: Уставайце на абарону Курапатаў!

14
Зянон Пазьняк: Уставайце на абарону Курапатаў!
Зянон Пазьняк
Фота: charter97.org

Лукашысты будуць пакараныя.

Адкрывальнік Курапатаў і адзін з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту Зянон Пазьняк назваў «Свабодзе» сёньняшнія падзеі ў Курапатах пачаткам адкрытай вайны супраць памяці беларускага народу.

Паводле лідэра КХП БНФ, гэта робіцца на загад Лукашэнкі і на патрабаваньне Масквы. «Нашчадкі тых бальшавіцкіх бандытаў, якія зьнішчылі ў Курапатах сотні тысяч людзей, хочуць схаваць гэтую памяць. І таму яны хочуць зьнішчыць памяць пра генацыд, зьнішчыць магілы і замяніць гэта ўсё хлусьнёй, абалваніць цэлае пакаленьне. Вось сутнасьць гэта вайны» — лічыць Зянон Пазьняк.

Адкрывальнік Курапатаў хоча праз Свабоду зьвярнуцца «да ўсіх людзей у Беларусі, у якіх жывыя душы. Уставайце на абарону Курапатаў. Уставайце на абарону Народнага мэмарыялу. Ідзіце ў Курапаты, будзьце там. Хай там вас будзе шмат. Я зьвяртаюся да вернікаў каталіцкага касьцёлу і праваслаўных беларусаў, да эвангельскіх хрысьціянаў, да габрэяў, чые помнікі варвары рэжыму нядаўна апаганілі. Яны не спыняцца ні перад кім і ні перад чым. Гэта ворагі чалавецтва. Іхнія нашчадкі зьнішчылі 2 мільёны людзей у Беларусі. Яны гатовы зьнішчыць усё чалавецтва. Для іх няма нічога сьвятога, мы бачым, што вытварае гэтая пуцінская кліка ў сьвеце».

Зянон Пазьняк называе знос крыжоў у Курапатах «пачаткам вайны супраць памяці нашага народу, а гэта значыць і супраць нашага народу».

«Таму не маўчым, не застаёмся збоку. Трэба фіксаваць іхнія абліччы, фіксаваць злачынцаў, іхныя прозьвішчы, фіксаваць нумары машынаў, на якіх яны прыехалі. Трэба ведаць адкуль і куды яны вязуць паламаныя крыжы. Трэба ўсё бачыць і ўсё зафіксаваць» — заклікае адкрывальнік Курапатаў.

«Усе яны будуць пакараныя. Бог не пакіне Беларусь, калі мы адгукнёмся, калі мы пастаім за сябе. Калі мы не адгукнёмся, то мы ня будзем мець будучыні. Цяпер будучыня ў нашых руках. Трэба ісьці яе бараніць. Ня першы раз, але гэты раз, калі яны пайшлі ў адкрытую супраць народнай памяці, яны пацерпяць паражэньне, у Курапатах будзе ім іхны канец. Не падымайце руку на беларусаў. І тое, што яны пачалі рабіць, кончыцца для іх вельмі дрэнна» — перакананы кіраўнік КХП БНФ.

«Яшчэ раз заклікаю моладзь. Ізноў жа тую моладзь, у якой жывыя душы. Ідзіце ў Курапаты. Бараніце сваю будучыню, бо ўсё жыцьцё ў вас наперадзе, яно не павінна адбывацца ў гэтым подлым рэжыме, у якім вы нарадзіліся і ў якім вы церпіце зьнявагі і паняверку. Беларусь павінна быць сьветлай, вольнай краінай. Іяна толькі тады будзе, калі захавае сваю культуру, сваю памяць пра загіблых, толькі тады будзе сьветлы моцны народ. Баронім сябе» — з такім заклікам да ўсіх людзей Беларусі зьвярнуўся Зянон Пазьняк.

Написать комментарий 14

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях