Reuters: Кітайскія кампаніі спыняюць супрацоўніцтва з Расеяй
5- 30.04.2024, 15:09
- 11,058
Многія з іх не могуць атрымаць грошы за свае тавары.
Паколькі буйныя банкі Кітая прыпыняюць плацяжы з расейскімі кампаніямі з-за асцярогі санкцый ЗША, некаторыя кітайскія пастаўшчыкі разглядаюць магчымасць выкарыстання валютных брокераў, якія дзейнічаюць уздоўж мяжы Кітая з Расеяй.
"Вы проста не можаце весці бізнэс належным чынам, выкарыстоўваючы афіцыйныя каналы", – сказаў Reuters адзін з кітайскіх бізнэсоўцаў, дадаўшы, што буйныя банкі цяпер марнуюць месяцы, а не дні, каб правесці плацяжы з Расеі, што прымушае яго выкарыстоўваць "неартадаксальныя каналы плацяжоў" ці скарачаць свой бізнэс.
Банкір аднаго з дзяржаўных банкаў "вялікай чацвёркі" Кітая паведаміў Reuters, што яго банк узмацніў кантроль за бізнэсам, звязаным з Расеяй, каб прадухіліць санкцыйныя рызыкі. "Асноўная прычына - пазбегнуць непатрэбных непрыемнасцяў", сказаў банкір.
Пачынаючы з мінулага месяца, кітайскія банкі ўзмацнілі жорсткасць праверкі транзакцый, звязаных з Расеяй, або наогул спынілі сваю дзейнасць, каб не трапіць пад санкцыі ЗША, паведамілі крыніцы.
"Транзакцыі паміж Кітаем і Расеяй усё часцей будуць праходзіць праз падпольныя каналы", - сказаў кіраўнік гандлёвай арганізацыі ў паўднёва-ўсходняй правінцыі, якая прадстаўляе кітайскі бізнэс з расійскімі інтарэсамі, але ён адзначыў, што "гэтыя метады звязаны са значнымі рызыкамі".
Адным з варыянтаў называюць ажыццяўленне плацяжоў у крыптавалюце (забаронена ў Кітаі з 2021 года), сказаў Reuters расейскі банкір у Маскве.
Некаторыя сельскія банкі на паўночным усходзе Кітая ўздоўж расейскай мяжы ўсё яшчэ апрацоўваюць плацяжы, але гэта прывяло да ўзнікнення "вузкага месца" – некаторыя бізнэсоўцы месяцамі стаяць у чарзе, каб адкрыць рахункі.
Хімічная і машынабудаўнічая кампанія ў правінцыі Цзянсу ўжо тры месяцы чакае адкрыцця рахунку ў сельскім камерцыйным банку ў паўночна-ўсходняй правінцыі Цзілінь, распавёў Лю, які працуе на фірме і папрасіў не называць яго прозвішча. Званкі ў банк з просьбай пракаментаваць сітуацыю засталіся без адказу.
Супрацоўнік банка сказаў, што фірмы, якія экспартуюць цяжкае абсталяванне, сутыкаюцца з больш строгімі праверкамі пры атрыманні плацяжоў, сказаў Лю.
Мэнэджар кампаніі з Гуандун сказаў, што з мінулага месяца іх фірма адкрыла рахункі ў сямі банках, але ні адзін з іх не пагадзіўся прымаць плацяжы з Расеі.
“Мы адмовіліся ад расейскага рынку. Урэшце мы не атрымалі больш за 10 мільёнаў юаняў (1,4 мільёна даляраў) плацяжоў ад расейскай стараны, і мы проста здаліся. Працэс збору плацяжоў вельмі раздражняе”, - сказаў мэнэджар.
“Я магу паступова скараціць свой бізнэс у Расеі, паколькі павольны працэс збору грошай не спрыяе кіраванню ліквіднасцю кампаніі. Больш за тое, вы не ведаеце, што адбудзецца ў будучыні. Аднойчы канал можа быць цалкам перацяты”, - сказаў іншы бізнэсовец.