Кошты кватэр у Менску ўстанавілі рэкорд
3- 3.05.2024, 16:45
- 6,930
Самая вялікая цана за дзевяць гадоў.
У сталіцы Беларусі працягвае назірацца рэкордны попыт на кватэры. У сувязі з гэтым цэны рэальных угодаў у сакавіку выраслі агулам на 1%, устанавіўшы новы максімум за дзевяць гадоў. Пра гэта паведамляе «Белсат».
Агульная колькасць угодаў куплі-продажу кватэр у сакавіку ў Менску была самай высокай для гэтага месяца за ўсю гісторыю назірання: набытая 1821 кватэра, што амаль на 13% больш, чым у папярэднім месяцы.
Найбольшую перавагу пакупнікі традыцыйна аддавалі аднапакаёвым кватэрам - іх доля на рынку склала 40%. Праўда, гэта на 3% менш, чым у лютым. У той жа час часцей, чым месяцам раней, набывалі двухпакаёвыя кватэры, на якія прыпала 35% ад усіх угодаў. Трохпакаёвыя кватэры выбіралі ў 20% выпадкаў.
Менш, чым у іншыя месяцы, пакупнікі цікавіліся кватэрамі ў сучасных панэльных і каркасных дамах, аднак часцей выбіралі старыя панэльныя дамы і сталінкі.
Што да росту коштаў кватэр, то за сакавік яны склалі 1%, дасягнуўшы $1463 за квадратны метр і ўстанавіўшы чарговы рэкорд. Пры гэтым кватэры з адным і двума пакоямі падаражэлі на 1,7%.
Самая дарагая кватэра, набытая ў сакавіку 2024 года, абышлася пакупніку $350 тысяч за 126 квадратных метраў.
У сталіцах суседніх краін кватэры цягам сакавіка таксама падаражэлі: у Варшаве – на 2,5%, у Вільні – на 1%. У Маскве кошты практычна не змяніліся, а ў Санкт-Пецярбургу крыху знізіліся.