У Беларусі пералічылі «дармаедаў»
16- 3.05.2024, 17:21
- 20,254
Лічба вас здзівіць.
У Беларусі рэгулярна праводзіцца даследаванне ў пытаннях занятасці. У ім удзельнічаюць члены хатніх гаспадарак ва ўзросце ад 15 да 74 гадоў. Абследаванне, з вызначанай хібнасцю, паказвае колькасць занятых у эканоміцы.
Гэтыя звесткі дапамагаюць разлічыць прыкладную колькасць людзей, якіх дзяржава адносіць да катэгорыі так званых «дармаедаў», пішуць banki24.
У першым квартале 2024 года колькасць працоўнай сілы ў Беларусі склала 4,963 мільёна чалавек - гэта звесткі Белстата. Сярод іх амаль 4,801 мільёна - гэта занятыя ў эканоміцы, яшчэ 161,9 тысячы чалавек - беспрацоўныя. Згодна з падыходамі Міжнароднай арганізацыі працы, да гэтай катэгорыі належаць працаздольныя людзі, старэйшыя за 15 гадоў, у якіх няма працы, але якія знаходзяцца ў яе актыўным пошуку.
Астатняе насельніцтва не ўвайшло ў працоўную сілу, то бок гэтыя людзі з нейкай прычыны не шукалі працу. У першым квартале ў гэтую групу ўвайшлі 2147000 чалавек. Сярод іх не жадалі працаваць 1,908 мільёна чалавек, хацелі працаваць 239,3 тысячы чалавек.
Асноўная частка гэтай групы - пенсіянеры, якія не хочуць працаваць. Такіх людзей у Беларусі 1,336 мільёна чалавек.
Пры гэтым працаздольных грамадзян, якія не ўваходзяць у працоўную сілу, у краіне 679,5 тысячы чалавек. Сярод іх 488,1 тысячы не хацелі працаваць, а 191,4 тысячы - хацелі, але з розных прычын не маглі прыступіць да працы.
Сярод тых, хто не жадае працаваць 302,1 тысячы, — гэта навучэнцы на дзённай форме атрымання адукацыі. Яшчэ 41 тысяча чалавек - гэта пенсіянеры працаздольнага веку.
Выходзіць, было яшчэ 145,0 тысячы чалавек, якія не жадалі працаваць і не з'яўляліся ні студэнтамі, ні пенсіянерамі. Разам з тымі, хто хацеў працаваць, але не маглі пачаць, гэтая група і складае так званую базу «дармаедаў».
Выходзіць, у суме іх 336,4 тысячы чалавек, ці 6,78% ад працоўнай сілы.
Нагадаем, паводле новых правіл база «дармаедаў» у Беларусі абнаўляецца кожны месяц. У яе ўключаюць у тым ліку тых, хто пакінуў краіну больш як на месяц, а таксама прадпрымальнікаў, якія не плацяць пэўную суму падаткаў.
Беларусы, якія трапілі ў базу і з'яўляюцца ўласнікамі жылля, змушаныя аплачваць «камуналку» максімальнымі тарыфамі.