Медработнік у Берасці сумяшчаў працу ў сямі ўстановах
18- 4.05.2024, 20:07
- 9,858
Дзесьці нават – адначасова.
Медработнік працаваў у сямі розных установах аховы здароўя Берасця на ўмовах знешняга сумяшчальніцтва, заробак ён атрымліваў з бюджэту. Аднак яго працоўныя змены супадалі дзесьці часткова, а дзесьці і цалкам. У выніку належную працу па графіку медык усё роўна не выконваў, аднак наймальнікі спраўна плацілі яму заробак.
Пракуратура ўгледзела ў такой схеме «незабеспячэнне кіраўніцтвам і адказнымі службовымі асобамі ўстаноў аховы здароўя ўліку фактычна адпрацаванага мужчынам часу», што прывяло да «неэфектыўнага расходавання бюджэтных сродкаў».
«Устаноўлена, што ў асобныя месяцы колькасць неабгрунтавана ўлічанага аднаго і таго ж перыяду працоўнага часу рознымі наймальнікамі перавышала ў гэтага спецыяліста 45 гадзін. Усяго на працягу 2022-2023 гадоў медработніку з бюджэту аплачана 589 гадзін за працу, якую ён фактычна не выконваў, у суме 3530 рублёў», – распавялі ў ведамстве.
За дапушчаныя парушэнні да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута пяць службовых асоб, якія ў поўным аб'ёме кампенсавалі ў бюджэт суму шкоды.