FT: Расея задумвае тэракты і дыверсіі па ўсёй Еўропе
10- 5.05.2024, 11:22
- 11,574
Выведслужбы папярэдзілі свае ўрады.
Еўрапейскія выведслужбы папярэдзілі свае ўрады, што Расея плануе акты сабатажу і дыверсіі па ўсім кантыненце. Аб гэтым піша Financial Times са спасылкай на словы трох спецслужбаў Еўропы.
Расея ўжо пачала больш актыўна рыхтаваць выбухі, падпалы і прычыненне шкоды інфраструктуры ў Еўропе наўпрост і праз пасярэднікаў, і не клапоціцца наконт гібелі мірных жыхароў. Прычына - Расея ўзяла курс на перманентны канфлікт з Захадам, заявілі крыніцы выдання.
«Мы мяркуем, што рызыка дыверсій, якія кантралююцца дзяржавай, значна ўзрастае. Цяпер Расея, здаецца, пачуваецца камфортна, праводзячы аперацыі на еўрапейскай зямлі з высокім патэнцыялам шкоды», - заявіў раней кіраўнік унутранай выведкі Нямеччыны Томас Хальдэнванг.
Высокапастаўлены прадстаўнік еўрапейскага ўрада заявіў, што праз службы бяспекі NATO паступае інфармацыя аб «яўных і пераканаўчых інтрыгах Расеі», якія каардынуюцца і носяць маштабны характар.
Хоць агенты Масквы маюць доўгую гісторыю такіх аперацый - і ў апошнія гады ўчынялі спарадычныя напады ў Еўропе - з'яўляюцца ўсё новыя сведчанні больш агрэсіўных і ўзгодненых намаганняў.
Раней у Баварыі былі арыштаваныя двое грамадзян Нямеччыны і Расеі, якія, як мяркуецца, рыхтавалі падпалы і выбухі на вайсковых аб'ектах з мэтай перашкодзіць пастаўкам дапамогі УСУ. У канцы красавіка ў Вялікай Брытаніі двум мужчынам былі выстаўленыя абвінавачанні ў тым, што яны ўчынілі пажар на складзе з грузамі дапамогі для Украіны. Паводле версіі пракуратуры, яны працавалі на расейскі ўрад.
У Швэцыі расследуюць серыю чыгуначных катастроф, якія могуць быць актамі сабатажу. Расея таксама спрабавала знішчыць сістэмы сігналізацыі на чэшскіх чыгунках, паведаміў FT раней міністр транспарту краіны. У Эстоніі ў лютым супрацоўнікамі расейскай выведкі быў учынены напад на аўто міністра ўнутраных спраў і на журналістаў, заявіла Служба ўнутранай бяспекі краіны. Міністэрства абароны Францыі таксама папярэдзіла аб магчымых дыверсійных атаках Расеі на вайсковыя аб'екты.
«Відавочная выснова ў тым, што актыўнасць Расеі сапраўды ўзрасла… Нельга сказаць, ці з'яўляецца гэта адлюстраваннем факта, што расейцы фундуюць у гэта больш рэсурсаў; ці становяцца яны больш нядбайнымі і іх ловяць; або заходняя контрвыведка проста стала лепш выяўляць і спыняць іх...Што б гэта ні было - адбываецца шмат усяго», - сказаў старэйшы навуковы супрацоўнік аналітычнага цэнтра Chatham House Кейр Джайлс.
Адзін з супрацоўнікаў выведкі заявіў, што дыверсійныя намаганні Масквы не варта разглядаць як нешта адхіленае ад іншых аперацый, заявіўшы, што актывізацыя адлюстроўвае імкненне Расеі максімальна ціснуць «па ўсім фронце». З яго слоў, Пуцін цяпер адчувае сябе «натхнёным» і будзе імкнуцца як мага мацней націснуць на Еўропу на некалькіх франтах - з дапамогай дэзінфармацыі, сабатажу і хакерскіх нападаў.