«Дні цвярозасці»: беларускія рэгіёны вызначыліся з датамі
9- 5.05.2024, 15:57
- 6,018
Калі забароняць прадаваць алкаголь.
Большасць беларускіх рэгіёнаў вызначылася з так званымі «Днямі цвярозасці», калі ў раздробным гандлі абмяжуюць продаж алкаголю. Найбліжэйшым часам беларусаў чакае як мінімум адзін такі дзень, калі купіць алкагольную прадукцыю нельга будзе практычна па ўсёй краіне. Зрэшты, некаторыя выключэнні ў нарматыўных актах мясцовых выканкамаў усё ж прадугледжаныя, піша telegraf.news.
Адзначым, што канкрэтныя «Дні цвярозасці» і ўмовы іх правядзення ў тым ці іншым рэгіёне ўстанаўліваюць, як правіла, гарадскія і раённыя выканаўчыя камітэты, прапісваючы іх у лакальных нарматыўных актах. Аднак, адзін дзень у годзе - у дзень правядзення апошніх званкоў у школах і выпускных вечароў - забарона на продаж алкаголю традыцыйна ўводзіцца практычна па ўсёй Беларусі. У 2024 годзе такім днём стане 14 чэрвеня. Як правіла, забарона ўводзіцца роўна на дзень, пачынаючы з 8:00. Многія рэгіянальныя ўлады ўжо апублікавалі такую пастанову, астатнія, магчыма, зробяць гэта найбліжэйшым часам.
У якіх рэгіёнах Беларусі запланаваны сутачныя забароны на алкаголь у траўні?
Зрэшты, акрамя школьных выпускных, кожны рэгіён вызначае дадатковыя «Дні цвярозасці», як правіла, прымеркаваўшы іх да знакавых спартыўна-масавых мерапрыемстваў або народных гулянняў.
Так, у суботу, 4 траўня, на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале з'явілася пастанова Менскага раённага выканаўчага камітэта №4179. Згодна з дакументам, забарону на продаж алкагольнай прадукцыі на дзень на тэрыторыі раёна таксама ўвядуць з 08:00 25 траўня «ў сувязі з правядзеннем мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду (папулярызацыю) здаровага ладу жыцця, прафілактыку п'янства і алкагалізму, барацьбу з імі».
Раней з такім жа абгрунтаваннем аб Днях цвярозасці абвясцілі ўлады іншых беларускіх рэгіёнаў, а менавіта:
• 15 траўня - Пружанскі раён, з 8:00 да 17:00;
• 17 траўня - Бабруйск, з 00:00 да 24:00;
• 24 траўня - Касцюковіцкі раён, з 00:00 да 24:00;
• 31 траўня - Крупскі, Касцюковіцкі, Глускі раёны, з 00:00 да 24:00.
Для каго зробяць выключэнні ў Дні цвярозасці?
Як правіла, у пастановах мясцовых выканкамаў агаворана, што гэта забарона не распаўсюджваецца на раздробны гандаль на аб'ектах грамадскага харчавання, там дзе алкаголь прадаецца на разліў.
Акрамя таго, як пазначана ў пастанове Пружанскага райвыканкама, абмежаванні на продаж алкаголю не распаўсюджваюцца на раздробныя гандлёвыя аб'екты, калі гаворка ідзе аб правядзенні:
• рытуальных абрадаў,
• вясельных і юбілейных урачыстасцяў.