Кампазітара родам з Гародні ўзнагародзілі найвышэйшым ордэнам Польшчы
- 6.05.2024, 9:53
- 2,534
За выдатныя дасягненні ў творчай дзейнасці.
Ураджэнца Гародні кампазітара Ежы Максімюка ўзнагародзілі найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы - ордэнам Белага Арла. Гэта адбылося 3 траўня 2024 года ў Каралеўскім замку ў Варшаве. Ордэн Максімюку ўручаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, піша Hrodna Life.
Ежы Максімюк атрымаў узнагароду "на знак прызнання выдатнага ўкладу ў польскую культуру, за выдатныя дасягненні ў творчай дзейнасці, асабліва ў галіне дырыжыравання і кампазіцыі", паведамілі ў канцылярыі Анджэя Дуды.
Ежы Максімюк - кампазітар, які нарадзіўся ў Гародні ў 1936 годзе. У 1947 годзе сям'я Максімюкоў перабралася ў Беласток. Ежы вывучаў фартэпіяна, дырыжыраванне ў Дзяржаўнай вышэйшай музычнай школе ў Варшаве (сёння — музычны ўніверсітэт Фрыдэрыка Шапэна). У 1972 годзе ўзначаліў Польскі камерны аркестр, які гастраляваў па ўсім свеце. Пазней, паміж 1983 і 1993 гадамі, Максімюк кіраваў шатландскім сімфанічным аркестрам BBC у Глазга.
У 1990-х кампазітар супрацоўнічаў з Англійскай нацыянальнай операй. Выступаў з Лонданскім сімфанічным аркестрам, Лонданскім філарманічным аркестрам, Нацыянальным аркестрам Францыі, а таксама Такійскім сталічным сімфанічным аркестрам. Кампазітар ствараў музыку для кіно і балета, а таксама запісаў блізу 100 плытак. Яго ўважаюць за аднаго з заснавальнікаў Польскага таварыства сучаснай музыкі.