Аналена Бербок: Размяшчэнне амерыканскіх «Тамагаўкаў» у Нямеччыне з'яўляецца надзейным сродкам стрымлівання
9- 4,294
Міністарка замежных справаў устала на абарону пагаднення з ЗША.
Міністарка замежных справаў Нямеччыны Аналена Бербок устала на абарону пагаднення з ЗША ў размяшчэнні амерыканскіх ракетаў вялікай далёкасці на тэрыторыі Нямеччыны, спасылаючыся на пагрозу, якую Расея ўяўляе для еўрапейскай бяспекі.
Пра гэта паведамляе DW.
«Фармаваць знешнюю палітыку сёння азначае прызнаць, што прынцып надзеі не абароніць нас ад пуцінскай Расеі», – адзначыла яна.
Бербок адзначыла, што цяпер краіну абараняюць інвестыцыі ва ўласную бяспеку і сілу – у ЕЗ, у NATO і ў Нямеччыну.
«І гэта ўключае пастанову пра разгортванне амерыканскіх сістэмаў узбраенняў вялікай далёкасці», – дадала яна.
Міністарка падкрэсліла, што Нямеччына мае патрэбу ў «надзейным стрымным чынніку» супраць Расеі, «які таксама абараняе палякаў, балтыйскія народы і фінаў – нашых партнёраў, якія маюць прамую мяжу з Расеяй і адчулі на сабе, як яна выкарыстоўвае гібрыдныя захады на мяжы ў апошнія месяцы».
Нагадаем, на палях саміту NATO ў Вашынгтоне 9–11 ліпеня ўрады ЗША і Нямеччыны абвясцілі, што ЗША маюць намер з 2026 года зноў размясціць у Нямеччыне сістэмы дальнабойных ракетных узбраенняў, радыус дзеяння некаторых будзе дасягаць ажно РФ.
Раней канцлер ФРГ Олаф Шольц заяўляў, што для таго, каб прадухіліць размяшчэнне амерыканскіх ракетаў далёкага радыусу дзеяння ў Нямеччыне, Расея павінна спачатку спыніць сваю вайну супраць Украіны.